Весенний сев на Туровщине

На гладкіх маркоўных сцежках

Да падворкаў тураўскай вёскі Хільчыцы падступае хлебная ніва сялянскай фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Збожжавы клін яе перавышае 450 гектараў, з кожнага стабільна атрымліваюць не менш паўсотні цэнтнераў збожжа. Летась у засекі засыпана звыш 12 000 тон збажыны і кукурузы. Сёлетні падмурак будучага ўраджаю таксама закладзены ў лепшыя тэрміны, сяўба яравых збожжавых закончана.

Сяўба морквы.

Зараз на суседніх палетках механізатары Васіль Міхлюк і Леанід Кацэвіч уносяць арганіку, Аляксей Шпакевіч дыскуе глебу, а Юрый Леська і Генадзь Кот рыхтуюць яе пад сяўбу гародніны і кукурузы. Пад капусту, моркву, буракі, цыбулю адведзена звыш 300 гектараў. Пашырана да 2000 гектараў кукурузная плантацыя. Фермерскай гаспадарцы вы­дзелены землі ў пойме Прыпяці каля вёсак Боркі і Чырвоны Бор. Пабольшала клопатаў і агранамічнай службе.

Узначаліў яе вы­пускнік Гродзенскага дзяржсельгас­універсітэта Аляксандр Нішкевіч. У студэнцкія гады тут практыкаваўся, і яму даверылі адказную пасаду. Малады спецыяліст загадзя ўдакладніў севазварот, з інжынернай службай распрацаваў маршруты руху тэхнікі на веснавым полі. Закуплена неабходная колькасць тукаў. Кожны гектар поля атрымлівае поўную запраўку. 

— Зямля без арганікі і мінеральных удабрэнняў, як карова без кармоў, — выказаўся кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Шруб. — Спецыялісты пастаянна вызначаюць мінеральны састаў глебы і выдаюць парады, каб удобрыць яе. Свой вопыт гаспадарання на зямлі імкнемся спалучаць з перадавымі тэхналогіямі. У выніку пастаянна паляпшаецца якасць сельгасугоддзяў. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы машынна-трактарны парк абноўлены сучаснымі энерганасычанымі трактарамі. Закуплена спецыялізаваная тэхніка для высеву агародніны. 

Фермер Міхаіл Шруб (у цэнтры) з механізатарамі Васілём Шрубам і Васілём Міхлюком на веснавым полі.

Ва ўрочышчы «Навіна» высаджвалі ў грунт раннюю капусту, якую ў невялікай цяпліцы вырасціла Вольга Раціева. На чарзе — пасадка бульбы, сяўба цыбулі і сталовых буракоў. Высяваецца морква. Для захавання вырашчанага ўраджаю пабудаваны аб’ёмныя сховішчы з цэхам для фасоўкі і перадпрадажнай упакоўкі гародніны. Прадукцыя захоўваецца і пастаўляецца спажыўцам круглы год. У некаторых сталічных супермаркетах дзейнічаюць спецыялізаваныя аддзелы сялянскай фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Вытворчасць гародніны дае трэцюю частку прыбытку. За мінулы год агульная выручка ад рэалізаванай прадукцыі перавысіла 20 мільёнаў рублёў. 

Палескі рэгіён багаты на працоўныя рэсурсы. У гаспадарцы працуюць жыхары навакольных вёсак. Колькасць рабочых месцаў пастаянна павялічваецца. Для спецыялістаў і працаўнікоў будуецца жыллё. У сувязі з эпідсітуацыяй бясплатна пастаўляюцца ў сталіцу гародніна, свініна і ялавічына для харчавання медыцынскіх работнікаў. Наладжана пастаўка абедаў жыхарам навакольных населеных пунктаў палескага рэгіёну. Усе рабочыя на палях і фермах гаспадаркі забяспечваюцца гарачым харчаваннем. 

subbat50@mail.ru

Фота БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter