На гістарычных пляцоўках краіны

У Беларусі плануецца правесці форум камерных аркестраў

Міжнародны форум камерных аркестраў плануецца сёлета ўпершыню правесці ў Беларусі

Паводле слоў мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь Яўгена Бушкова, такі праект не мае ў краіне аналагаў. Яго задача — паказаць беларускаму гледачу індывідуальнасць і разнастайнасць камерных аркестраў, прадэманстраваць багацце камернага рэпертуару і пазнаёміць публіку з замежнымі артыстамі.

У фестывалі будуць прымаць удзел лепшыя калектывы Еўропы. Кожны аркестр наведае Беларусь са сваёй канцэртнай праграмай. Эксклюзіўнасць праекта — у выкананні твораў, напісаных для камернага аркестра кампазітарам сваёй краіны.

«Правядзенне форуму я задумаў яшчэ вясной 2012 года, ідэя атрымала падтрымку на ўзроўні намесніка міністра культуры. Сутнасць у тым, каб прадаўжаць дасягненні камернага аркестра Беларусі, які ў 1975 годзе ў Вільні быў прызнаны адным з лепшых калектываў СССР. Цяпер не праводзяцца такія агляды-форумы, дзе выяўляюцца лідары ў камернай прасторы. Фестываль дапаможа вызначыць наша рэальнае становішча ў параўнанні з іншымі вядучымі камернымі аркестрамі Еўропы», — сказаў Яўген Бушкоў.

Музычны форум будзе праходзіць на гістарычных пляцоўках Нясвіжа. У планах арганізатараў — вар’іраваць месцы правядзення канцэртаў. Музыку падзеляць на палацавую і пленэрную. Сярод запрошаных на першы фестываль — літоўскі аркестр. Вядуцца перагаворы аб прыездзе ў Беларусь калектываў з Польшчы і Швейцарыі.

Міжнародны форум камерных аркестраў — адзін з праектаў Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь з нагоды свайго 45-годдзя.

У сакавіку калектыў пачне канцэртны тур па малых гарадах рэспублікі з новай праграмай «Музычныя сады краіны Беларусь». У асенняй перспектыве — вяртанне на сцэну Вялікай залы Маскоўскай кансерваторыі. Выступленне таксама будзе прымеркавана да юбілею калектыву.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter