Начальнiк Пастаўскага райсельгасхарчу Антон ЧАРВІНСКІ свой рабочы дзень пачынае са зводкі па надоі малака

На фермы наступаюць… робаты

Начальнiк Пастаўскага райсельгасхарчу Антон ЧАРВІНСКІ свой рабочы дзень пачынае са зводкі па надоі малака. У ліку тых, хто зрабіў важкі крок наперад, — жывёлаводы ААТ «Навасёлкі-Лучай». Ад кожнай каровы тут атрымліваюць на тры  кілаграмы малака больш, чым летась. З пачатку года прыбаўка — 170 кілаграмаў.

Адна з галоўных прычын прыбаўкі — пуск першай чаргі малочна-таварнай фермы «Коўзаны», дзе кароў дояць робаты. Разам з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Іванам Кісялём наведваем ферму. У цэху 400 кароў, не адчуваецца паху аміяку. У прадаўгаватай зале ўстаноўлены шэсць робатаў, па тры з кожнага боку.

Аператар МТФ «Коўзаны» Вікторыя ВАРТАЗАРАН.
Аператар МТФ «Коўзаны» Вікторыя ВАРТАЗАРАН.

— «Астранаўт-4» фірмы «Біяком», — знаёміць з аўтаматычнымі работнікамі малады загадчык фермы Леанід Дунец. — Кожны можа абслугоўваць да 70 кароў. Прычым не толькі падмывае вымя, выдае камбікармы ў залежнасці ад прадукцыйнасці, доіць, але і вызначае стан жывёлы. Калі карова прыхварэла, малако накіроўваецца ў асобны посуд. А з фермы ідзе толькі сортам «экстра».

«Прыжыўся» тут яшчэ адзін тып робатаў — на падкормцы жывёлы грубымі кармамі. Ён кожныя дзве гадзіны аб’язджае кармавы стол і акуратна падсоўвае рэшткі раскіданага і недаедзенага фуражу.

Нельга не адзначыць і якасць кармоў: выдатны сілас з кукурузы, сянаж, нарыхтаваны ў плёнку, і ў дабавак — камбікорм. 

На рабатызаванай ферме фарміруецца абсалютна новы статак з першацёлак. Гэта дадатковая нагрузка для работнікаў, так званых загоншчыкаў, якіх пакуль два ў змену (потым застанецца адзін). Цяпер даводзіцца прывучаць жывёлу да робатаў. Нягледзячы на гэта, надой ад каровы з пачатку года склаў па ферме 5174 кілаграмы.

Асаблівы клопат — пра жывёлаводаў. Да іх паслуг пакоі, дзе можна пераапрануцца, прыняць душ, ёсць пральная машына, сталоўка. У якой — халадзільнік, электрачайнік, СВЧ-печ, набор посуду. Словам, усё, каб прыгатаваць гарачы абед.

Калектыў фермы малады і... інтэрнацыянальны. Вікторыя Вартазаран, напрыклад, пераехала з бацькамі з Рыгі, працавала ў гандлі. А калі запусцілі ферму з робатамі, падалася сюды. Папярэдне прайшла вучобу на «Біякоме». Яна — аператар, адна сочыць за шасцю робатамі. Летам папоўніла сям’ю жывёлаводаў МТФ «Коўзаны» і маладая пара з Украіны — Віктар Іваноў і Вераніка Авільцава.

У калектыве ёсць яшчэ адзін перасяленец з Украіны — Артур Гарачоў. Прыехаў у «Навасёлкі-Лучай» з жонкай Ірынай, яе братам і маці. Жонка пакуль працуе ў падсобным цэху гаспадаркі, але як толькі пусцяць другую чаргу фермы, таксама з робатамі, пяройдзе туды.
На Віцебшчыне 9 ферм, дзе кароў дояць робаты. Надоі там большыя, чым на звычайных. Напрыклад, у ААТ «Хацілы» таго ж Пастаўскага раёна атрымліваюць 22 кілаграмы малака ад каровы ў суткі, у філіяле «Вясна-Энерга» Полацкага і філіяле «Каралі» Глыбоцкага — па 19—20 кілаграмаў.

Да канца года ў рэгіёне запусцяць яшчэ пяць ферм з робатамі — у Глыбоцкім, Аршанскім, Віцебскім і Верхнядзвінскім раёнах.

Дарэчы, Віцебшчына адной з першых у рэспубліцы пачала асвойваць робаты на малочна-таварных фермах. Гэта адбылося ў ААТ «Сакалоўшчына» Верхнядзвінскага раёна пяць гадоў таму.


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter