Што рабiць, калi гарантыйныя тэрмiны выйшлi, а па сценах пайшлi трэшчыны

На фасадным становiшчы

Ці ведаеце вы, як гэта — жыць у доме, вонкавыя сцены якога падчас дажджу напітваюцца вільгаццю, а затым «аддаюць» яе ў выглядзе волкасці і цвілі? У такім ужо больш за 10 гадоў жывуць насельнікі мінскага шматпавярховіка. Увесь гэты час яны спрабуюць даказаць забудоўшчыку, што той павінен ліквідаваць будаўнічыя дэфекты. У тонкасці гэтай няпростай справы ўнікала карэспандэнт «Р». 

Расколіны разладу


Аб праблемах дома № 91 па вуліцы Грушаўскай у Мінску мы пісалі яшчэ ў 2011 годзе. Сутнасць зваротаў жыхароў пяцігадовай даўніны: забудоўшчык не спяшаецца ліквідаваць будаўнічыя дэфекты, якія выявілі ўладальнікі 70 кватэр са 185. А дэфекты гэтыя — няўцеплены фасад, расколіны не толькі на самім будынку, але і ў кватэрах. Холад, волкасць і цвіль перашкаджалі пражыванню ў новых кватэрах. Такое становішча, зразумела, не задавальняла навасёлаў. І вось — новы кліч аб дапамозе. Няўжо за пяць гадоў нічога не змянілася?

Так месцамі выглядае фасад яшчэ новага будынка

Выязджаю на месца. Дом у пяць пад'ездаў, абгароджаная тэрыторыя, прасторныя лесвічныя клеткі і вялікі метраж кватэр — усё паказвае на прэстыжнасць жылля. Мяне чакаюць у кватэры № 15. Яе гаспадар Валерый Белачуб лічыць, што яму яшчэ пашанцавала. Яго кватэра — з паўднёвага боку, таму пад касыя дажджы яна трапляе рэдка. Але  расколіны на фасадзе будынка ўсё роўна на даюць спакою.

— Сцяна дома — з газасілікатных блокаў. Расколіны — гэта разбурэнне абліцоўкі фасада. Пад уздзеяннем працяглых касых дажджоў з ветрам сцены становяцца вільготнымі, з-за чаго зніжаецца іх цеплаўстойлівасць і даўгавечнасць, — тлумачыць мужчына. — Зімой сцены таксама ўвільгатняюцца, пакрываюцца інеем, затым адтайваюць. Такія перапады тэмператур руйнуюць наш дом. Я ўжо не кажу пра волкасць у пакоях, расколіны ў кутах. 

Прычына ўсяго гэтага, на думку жыхароў, у адсутнасці ўцяплення сцен. Гэтую праблему яны і спадзяюцца вырашыць. Хоць разумеюць, што шанцаў амаль няма. Зараз дому 11 гадоў. Гэта значыць, што прайшоў не толькі гарантыйны тэрмін на ліквідацыю будаўнічых дэфектаў, але і тыя 10 гадоў, якія на рашэнне праблем даваў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Ён абвяшчаў: жыхары на працягу 10 гадоў маюць права патрабаваць ад забудоўшчыка бясплатнай лiквiдацыi недахопаў, калі яны ўяўляюць пагрозу для жыцця, здароўя і маёмасці спажыўца. Людзі лічаць, што пагроза ёсць.

З жыхаром кватэры № 5 Уладзімірам Еўдакімавым абыходзім вакол дома. Паднімаю галаву і бачу лоджыю, з якой адваліўся кавалак тынкоўкі, агаліўшы цэглу. «Такую карціну можна было бачыць ужо праз паўгода пасля здачы дома», — запэўнівае мужчына. У чэрвені — ліпені 2011 года дом абследавалі спецыялісты, фіксаваліся бачныя дэфекты, праводзіліся замеры канструкцый, выконваўся адбор матэрыялаў для лабараторных даследаванняў. Так, на фасадзе выявілі значную колькасць гарызантальных расколін. Гарышча, якое стала аб'ектам пільнай увагі, апынулася без ахоўна-дэкаратыўнага пакрыцця са слядамі ўвільгатнення на значнай плошчы паверхні. Усё гэта выяўлена і задакументавана.

Белыя плямы на сценах гэтага дома — з’ява звычайная

«Там мая кватэра, — паказвае Уладзімір Еўдакімаў на сцяну ў павуцінцы тонкіх расколін. — Яе, дарэчы, унутры таксама абследавалі і выявілі гарызантальныя расколіны на ўзроўні прымыкання сцяны да перакрыцця. Яшчэ адзін мінус — негерметычнасць зашклёнай канструкцыі балконаў».

Людзі пачалі падаваць заявы ў суд, праўда, клапаціліся больш з-за дэфектаў ва ўласных кватэрах. Першыя суды выйгравалі і атрымлівалі ад забудоўшчыка не толькі кампенсацыю. Ім таксама ліквідавалі дэфекты. Аднак галоўнае пытанне — уцяпленне фасада — так і не вырашана, лічыць Валерый Белачуб. «Не зробiм гэтага цяпер — страцім увесь дом», — асцерагаецца суразмоўца. Такія перажыванні не ў аднаго яго. Свае асцярогі жыхары дома не першы год у пісьмовым выглядзе адпраўляюць у розныя інстанцыі. Адміністрацыя Маскоўскага раёна, Мінгарвыканкам, Мінбудархітэктуры — звароты разлятаюцца па ведамствах ужо 10 гадоў. За гэты час у таварыстве ўласнікаў змянілася 8 старшынь. Нязменным застаўся толькі фасад.

Рамонт па-за гарантыяй


А што ж забудоўшчык? Тэлефаную ў БЗАТ «ЛадаГарант». Так, прэтэнзіі па факце шматлікіх дэфектаў па фасадзе ў кампанію паступалі, згаджаецца намеснік генеральнага дырэктара па юрыдычных пытаннях Дзмітрый Сазонаў. І ўдакладняе: праблемы гэтыя кампанія спрабуе вырашыць. Так, рамонтныя работы па фасадзе вяліся на працягу шасці гадоў. Нягледзячы на заканчэнне гарантыйных тэрмінаў двойчы, у 2008 і 2010 гадах, забудоўшчык рамантаваў тынкавае пакрыццё ўчасткаў фасада, а таксама выконваў аддзелачныя работы па заладжванні дэфармацыйнага шва. Усе рамонтныя работы выконваліся згодна з прадпісаннямі і рашэннем суда, удакладняе спецыяліст. 

Валерыя БЕЛАЧУБА вельмі турбуе будучыня дома

Прымаліся рашэнні судоў і ў дачыненні да канкрэтных уласнікаў. Гэта значыць, што людзі атрымлівалі кампенсацыю за страты, звязаныя з аднаўленнем фасада.

Што тычыцца ўцяплення, то калі гэты дом праектаваўся, усё было па законе. Тады БНіП не патрабаваў арміравання фасада шкласеткай вышэй за трэці паверх. Будаўніцтва вялося ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй, якая прайшла экспертызу. А таксама па тэхнічных нормах і правілах, якія дзейнічалі ў перыяд праектавання і будаўніцтва.

Ёсць адно «але». У сітуацыі, якая ўзнікла, вінаваты не толькі забудоўшчык, лічыць спецыяліст. Проста так склалася, што вырашаць праблему з уласнікам павінен менавіта ён. Адказнасць іншых асоб, у тым ліку праектных арганізацый, а таксама распрацоўшчыкаў БНіП і ТКП не ўлічваецца. Але ж у перыяд праектавання дома ў будаўнічых нормах прысутнічалі пэўныя недапрацоўкі. Гэта пацвярджае і пратакол пасяджэння камісіі пры Мінбудархітэктуры ў 2012 годзе. У выніку якога па факце вывучэння гэтага праблемнага фасада ў будаўнічыя нормы і правілы праектавання нават унеслі змены — каб выключыць раз і назаўсёды рызыкі паўтарэння такога ў новых дамах.

Змены ўнеслі, добра. Але ж да згаданага перыяду былі пабудаваны тысячы дамоў па старой тэхналогіі. Вось чаму ў краіне гэтая праблема паўтараецца і ў іншых дамах. І пра яе існаванне кажуць не толькі жыхары такіх будынкаў. Пра магчымыя прычыны пашкоджання вонкавых сцен у 2012 годзе казаў дырэктар УП «Буднавука» — пра недапушчальнае спалучэнне ячэістабетонных блокаў і густых фасадных аддзелачных саставаў. Гэта меркаванне кандыдата тэхнічных навук. 

Вернемся да дома па вуліцы Грушаўскай. У гэтай канкрэтнай сітуацыі з мноствам нюансаў і дэталяў, здаецца, ужо нікому не разабрацца. Дык што атрымліваецца? Вінаватых у гэтай сітуацыі няма? Забудоўшчык, праекціроўшчык або спецыяліст наглядных органаў — у кожнага свая праўда. Толькі жыхарам вільготных  кватэр ад гэтага не лягчэй.

КАМПЕТЭНТНА

Наталля КУХАРЧЫК, юрыст:

— Дольшчык (уласнік аб'екта долевага будаўніцтва) мае права прад'явіць забудоўшчыку патрабаванні, звязаныя з неналежнай якасцю аб'екта, пры ўмове, што недахопы выяўлены на працягу гарантыйнага тэрміну. Што тычыцца ліквідацыі недахопаў, якія могуць прадстаўляць небяспеку для жыцця, здароўя, маёмасці спажыўца і навакольнага асяроддзя. Наяўнасць гэтай небяспекі неабходна даказаць. А такія патрабаванні можна прад'явіць на працягу дзесяці гадоў з моманту прыняцця вынiку работы, незалежна ад таго, калi выяўлены гэтыя недахопы, нават пасля заканчэння гарантыйнага тэрміну. Ёсць яшчэ адна магчымасць выправіць недахопы. Уладальнік кватэры можа ліквідаваць дэфекты самастойна. Аднак спаганяць выдаткі, звязаныя з іх ліквідацыяй, прыйдзецца ў судовым парадку.

misnik@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter