В Дятловском районе прошел II Радзивилловский бал

На Дзятлаўшчыне прайшоў ІІ Радзівілаўскі баль

Свята адзначылі напярэдадні 8 сакавіка.

Атмасфера XVIII-XIX стагоддзяў на некалькі гадзін “завітала” ў люстраную залу Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ладзіўся ІІ Радзівілаўскі баль, прысвечаны жанчынам.

Статныя прыгажунні ў лёгкіх вячэрніх сукенках, з жывым бляскам у вачах, заходзілі ў бальную залу ў суправаджэнні мужных кавалераў. Цікавая падзея ў райцэнтры сабрала дзясяткі пар ад юнага да мудрага ўзросту, сапраўдных майстроў танца і тых, хто проста пажадаў адпачыць ад паўсядзённай мітусні і далучыцца да светлага, вытанчанага, прыгожага свята.

Танцмайстар Анатоль Кардаш, мастак, кераміст, кіраўнік аб’яднання “Эпатажны блюз” пры Новаяльнянскім доме культуры на працягу некалькіх гадоў адраджае і папулярызуе бальную традыцыю на Дзятлаўшчыне. Варта адзначыць, што для старажытных баляў танцмайстар быў значнай фігурай, паколькі вёў танцавальную праграму і ад яго ў многім залежала, ці спадабаецца баль удзельнікам. Гасцям ІІ Радзівілаўскага балю Анатолій Кардаш прапанаваў 11 папулярных некалькі стагоддзяў таму танцаў: традыцыйны паланэз, з якога пачыналіся нават каралеўскія балі, венскі вальс, польку, конскі бранль, польку контрданс, вальс іспанскі, падыспань, вальс французскі, вальс з веерам, польку-тройку, кацільён.

Зноў над зямлёю, дзе раней жылі і ладзілі свае бальныя вечарыны князі Радзівілы, паплылі ўрачыстыя гукі паланэза, а ўслед за імі ў танец-шэсце сталі сучасныя пары. 

Па словах Марыны Лукіянец, загадчыцы аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, на свята таксама завіталі аматары з аб’яднання “Эпатажны блюз”:

— У гэты вечар яны былі прыкладам для іншых гасцей, сярод якіх можна было заўважыць удзельнікаў аб’яднання “Нам гады не бяда”, хору “Ветэраны ў страі”, работнікаў культуры, педагогаў, іншых землякоў, шмат было моладзі. Адзінаццацікласнікі ўжо пачалі развучваць вальсы для выпускнога вечара, а ІІ Радзівілаўскі баль стаў для іх цудоўнай нагодай патрэніравацца і набрацца танцавальнага вопыту.

Фота: Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter