На Дзятлаўшчыне адсвяткавалі Шчадрэц

З 13 на 14 студзеня жыхары раёну адзначылі народнае свята – стары Новы год, або Шчадрэц.

Гэту адметную нацыянальную традыцыю на Дзятлаўшчыне не першы год падтрымліваюць артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і спецыялісты бібліобуса Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.

“Да каго Шчадрэц завітае – таму цэлы год удача спрыяе”,казалі ў народзе. Па словах Марыны Лукіянец, загадчыцы аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, сёлета творчы калектыў сектара накіраваўся ў святочны рэйд-віншаванне, каб правесці тэатралізаваны абрад “Шчадрэц” для жыхароў вёсак Руда Яварская, Гута, Капці, Падвялікае. На кожным прыпынку вяскоўцы цёпла сустракалі гасцей, панавалі радасць і добры настрой, было шмат жартаў і гумару. Жыхары віталі Казу – сімвал урадлівасці і дабрабыту, заклікалі яе на свае падворкі, бо ёсць павер’е: “Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць”. Людзі загадвалі на новы ўраджай, спадзяваліся, што з візітам шчадрацоў і Казы-гарэзы ў іх дамы прыйдуць шчасце, здароўе, дастатак, а непасрэдна ў час сустрэчы яны атрымалі важкі зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый. Дзякуючы тэатралізаванаму абраду, жыхары аддаленых вёсак ад душы павесяліліся і адчулі сапраўднае свята.

Фота: Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter