На дзевятым кiламетры...

На дзевятым кiламетры  на паўночны ўсход ад Вiцебска стаяць карпусы абласной клiнiчнай псiхiятрычнай бальнiцы...

Бацькам  лепш  не  ганяцца  за  моднымi  трантамi,  а  як  след  выхоўваць  сваiх  дзяцей

На дзевятым кiламетры  на паўночны ўсход ад Вiцебска, удалечынi ад гарадской мiтуснi i ў акружэннi пладаноснага саду i iншых розных дрэў, утульна i спакойна стаяць карпусы абласной клiнiчнай псiхiятрычнай бальнiцы.

— 550 ложкаў псiхiятрычнага, псi­хатэрапеўтычнага, наркалагiчнага аддзя­ленняў – для паслуг хворых. I адзiнае ў нашай рэспублiцы рэабiлiтацыйнае аддзяленне для падлеткаў, маючых праблемы з алкаголем i псiхаактыўнымi рэчывамi, — гаворыць намеснiк галоўнага ўрача бальнiцы па лячэбнай частцы Святаслаў Славенка. – Дружна i таленавiта, сказаў бы я, працуюць 42 урачы, 158 чалавак сярэдняга i 223 малодшага медыцынскага персаналу.

Так, неабыякавыя да сваёй прафесii i ўсяго, што з ёй звязана, людзi ўносяць свой уклад у вырашэнне дзяржаўных i рэгiянальных праграм аховы здароўя ў такой далiкатнай сферы, як псiхiятрыя i наркалогiя.

— Што мена­вiта прыво­дзiць сюды мужчын i жанчын, падлеткаў, сказаць цяжка, а то i зусiм немагчыма. Можна толькi канстатаваць: тое разлiўное мора пiва, цыгарэты на любы густ, якiя прадаюцца з ранiцы да позняга вечара. У тым лiку i падлеткам. Калi не  самiм, дык з дапамогай “добрых” дзядзькаў i цётак або старэйшых знаёмых. Калi не верыце, то пана­зiрайце пад вечар за тусоўкамi падлеткаў на дзiцячых пляцоўках, на лаўках сваiх i чужых пад’ездаў з пiўнымi бутэлькамi ў руках i цыгарэтамi. А гэта i ёсць якраз той пачатак, якi i прыводзiць многiх у псiхiятрычныя бальнiцы.

Не буду пiсаць пра падлеткавае наркалагiчнае аддзяленне: некаторыя з прычын, якiя прывялi сюды iх, ужо названы. Толькi вельмi хацелася б сказаць, карыстаю­чыся выпадкам, маладым бацькам наступнае: не ганiцеся за грошамi, прэстыжным становiшчам, моднымi трантамi, а больш увагi ўдзяляйце з першага дня нараджэння сваiм крывiначкам. Калi яны выйдуць на гарадскiя цi вясковыя вулiцы, будзе позна i каяцца, i шукаць адказы на тое, што рабiць для iх выратавання.

А вось у аддзяленнi псiхаматыкi i рэабiлiтацыi (яго яшчэ па-простаму называюць аддзяленнем неўрозу) пануе нейкая асаблiвая ўвага i павага ўсiх да кожнага i кожнага да ўсiх. Мне даводзiлася пiсаць пра iншыя медыцынскiя ўстановы, але дагэтуль не сустракаўся, напрыклад, з такiм:

— Спазнiўся папалуднаваць – вазiлi ў абласны цэнтр на нейкую працэдуру. Не паспеў яшчэ дайсцi да сваёй палаты, як мяне дагнала сястрычка i сказала, што мне не толькi пакiнулi абед, але ўжо i грэюць яго.

Мiжволi, слухаючы хворага з Вiцебска, становiцца лягчэй, цяплей i святлей на душы. I яшчэ раз переконваешся, што добрых, аддадзеных сваёй справе людзей больш, чым перабежчыкаў з месца на месца.

Аддзяленне псiхаматыкi i рэабi­лiтацыi ўзначальвае светлы чалавек, выдатны  спецыялiст у сваёй галiне, абаяльная жанчына Святлана Аркадзьеўна Марчанка. Працуе яна ў бальнiцы, пачынаючы з чацвёртага курса Вiцебскага дзяржаўнага медыцынскага iнстытута, калi студэнткай уладкавалася сюды на працу, i нiколi не пашкадавала аб зробленым выбары, а прайшло ўжо трыццаць гадоў, як яна закончыла названую ўстанову. “Псiхiятрыя для мяне ўсё маё жыццё”, — прызнаецца яна.

Дабрыня, чуласць у спалучэннi з сучаснымi сродкамi лячэння даюць станоўчыя вынiкi. Пацвярджэнне таму – словы пацыентаў.

Вiцяблянiн, былы “афганец” Уладзiмiр  гаворыць, што лячыўся ў многiх бальнiцах горада i нiдзе не сустракаў такiх адносiн з боку медыкаў да сябе, як тут: “Мяне лiтаральна паставiлi на ногi ў прамым i пераносным сэнсе...”

Вера, тэхнiчны работнiк бешан­ковiцкага райваенкамата, згодна з iм: “Лячэнне непараўнальнае. Адносiнам да хворых не шкодзiла б павучыцца некаторым раённым медыкам...”

Размераным, рытмiчным жыццём жыве бальнiца. Вялiкую дапамогу аказвае ўпраўленне аховы здароўя абласнога выканаўчага камiтэта. Бальнiца стала клiнiчнай базай кафедры псiхiятрыi i наркалогii мясцовага медунiверсi­тэта, студэнты якой менавiта тут набываюць практычныя веды, а iх настаўнiкi ўносяць пасiльны ўклад у работу стацыянара. Больш за 700 будучых урачоў, сваiх i замежных, робяць тут першыя крокi ў прафесii.

Поўным ходам iдзе рамонт будынкаў. Толькi за 2006—2008 гады на капiтальны рамонт асвоена больш за два мiльярды рублёў. З гэтай сумы закуплена i працуе новае дыягнастычнае абсталяванне – рэнтгенаўскi апарат, энцэфалограф, ультрагукавы сканер i iншыя “разумныя” прыборы i механiзмы, якiя дазваляюць аказваць пацыентам сучасную медыцынскую дапамогу.

З прымяненнем псiхатэрапеў­тычных методык праводзiцца  псiхатэрапiя – iнды­вiдуальная, групавая i сямейная. Асаблiвая ўвага надаецца немедыкаментознаму лячэнню – лячэбнай фiзкультуры, масажу, iголкаў­колван­ню —  усяму таму, што запатрабавана i дае вiдавочны эфект.

На здымку: галоўны ўрач Уладзiмiр Цярэшчанка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter