На дудзе зайграем!

Прэзентацыя сумеснага беларуска-лiтоўскага музычнага праекта “Tylos Labanoro” адбылася ўчора ў малой зале канцэртнай залы “Мiнск”.

Пачатак праекта быў пакладзены чатыры гады таму ў час сумесных паездак беларускiх i лiтоўскiх музыкантаў па язычнiцкiх месцах дзвюх краiн. Яны выконвалi народную музыку на дудах (валынках). Гэты музычны iнструмент быў некалi шырока распаўсюджаны ў Беларусi i Лiтве i меў абрадавае значэнне. Амаль знiклы ў сярэдзiне ХХ стагоддзя, у наш час ён адраджаецца намаганнямi не толькi народных, але таксама рокавых i джазавых музыкантаў.
У 2006 годзе да праекта далучылiся выдатны лiтоўскi джаз-саксафанiст Петрас Вiшняўскас i вiртуозны музыкант Рыцiс Камiчайцiс, якi iграе на iндыйскiх таблах. Вынiкам сумеснай творчасцi стаў запiс кампакт-дыска “Tylos Labanoro”, выпушчанага пад эгiдай ЮНЕСКА. У мiнулым годзе прайшлi прэзентацыi альбома ў гарадах Каўнас, Вiльнюс, Крэцiнга, Плунга. З гэтым праектам музыканты выступалi на заключным канцэрце мiжнароднага фестывалю “Kaunas Jazz-2006”.
У мiнскiм канцэрце прыняла таксама ўдзел група рытуальнага фальклору “ESSA” з лiтоўскiмi i беларускiмi абрадавымi песнямi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter