Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Cкульптурная кампазіцыя “Беларусам свету” з’явіцца да 950-годдзя Мінска каля Траецкага прадмесця

На добры ўспамін

Памятны знак будзе ўяўляць з сябе кола — адзін з самых старажытных славянскіх сімвалаў, якія ўвасабляюць Сонца, зямны лад жыцця, Вечнасць. Кола выкарыстоўвалася беларусамі ў розных абрадах, святах: на Купалле, на Каляды... У той жа час гэта быў самы неабходны інвентар у сялянскай гаспадарцы. Бронзовую скульптуру дыяметрам прыкладна 3 метры ўсталююць на гранітным валуне з надпісам “Беларусам свету”. Вобраз дапоўніць і стужка з нацыянальным арнаментам.

Пра адметнасці кампазіцыі расказаў адзін з яе аўтараў — доктар архітэктуры, прафесар Армэн Сардараў: “Памятны знак прысвячаецца ўсім беларусам, якія жывуць у розных кутках планеты. Аб’ядноўвае ж усіх гэтых людзей любоў да Радзімы, мовы, звычаяў, культуры. У розных краінах яны ствараюць суполкі, у якіх гучыць роднае слова, радуюць душу і сэрца песні на матчынай мове. На розных кантынентах, нават стаўшы часткай гісторыі іншых краін, яны назаўжды застаюцца беларусамі”.

Па словах скульптара Аляксандра Фінскага, ідэя выявы ўзнікла даўно. Задуму падтрымаў Беларускі фонд культуры. Пасля да справы далучылася і прадпрыемства “Менская спадчына”. У верасні, да 950-гадовага юбілею Мінска, скульптура пабачыць свет. Размесціцца яна ў гістарычным цэнтры горада, каля Траецкага прадмесця, на ўзбярэжжы ракі Свіслач.

Да Дня горада прымеркаваны і сёлетні ўжо трэці Фэст мастацтваў беларусаў свету. Так што беларуская сталіца рыхтуе выдатны падарунак супляменнікам.

Голас Радзімы № 18 (3522), чацвер, 18 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter