У Жыткавiцкiм раёне пражывае 18 нацыянальнасцей

На дэсерт пасля шляхетнага абеду пададуць «Жытніцу»

Падворак гэтага раёна багаты на стравы, казкі і песні

Падворак гэтага раёна багаты на стравы, казкі і песні

Жыткавiцкi раён


У раёне, які складаецца з 107 сельскіх населеных пунктаў і гарадоў Жыткавічы і Тураў, пражывае больш за 38 тысяч чалавек 18 нацыянальнасцей. Вяскоўцаў на Жыткаўшчыне амаль 20 тысяч. Працуе тут 97 устаноў культуры, сярод якіх 52 — клубнага тыпу, 39 — бібліятэчнага, Краязнаўчы музей, чатыры дзіцячыя школы мастацтваў, Жыткавіцкі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Адкрыта і рэзідэнцыя Дзеда Мароза. 31 калектыў раёна ўдастоен звання народны, 5 — узорны і 1 — заслужаны аматарскі.

Калi завітаеце на «Зов Полесья», то перш-наперш адпраўляйцеся да самых крайніх падворкаў. Жыткаўчане з усмешкай заўважаюць, што іх прэзентацыя, выстава і пачастункі заўсёды застаюцца «на закуску». А закуска гэтая, між іншым, знатная. Жыткавіцкі падворак на двух мінулых фестывалях не здарма прапісаўся ў ліку лідараў, ды і даспадобы ўсім гасцям, там сапраўды яблыку не было дзе ўпасці. Жыхары раёна і на трэцім «Зове Полесья» пазіцый губляць не збіраюцца, падрыхтавалі яны нямала сюрпрызаў.


Самыя казачныя «Рыбакі-палешукі»

Да пачатку форума разам з дырэктарам Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры Таццянай Еўлаш задумалі падлічыць, колькі казачных персанажаў будзе прадстаўляць раён, але збіліся з ліку. Тут і вадзяны, і русалкі, і Залатая рыбка, і чалавек-акварыўм, і Ямеля, які на печы сядзіць... Да таго ж сам падворак будзе змешчаны не дзе-небудзь, а ў пастцы вялізнай рыбы! Каб стварыць вялікую канструкцыю вышынёй у тры метры і шырынёй у шэсць, луску на ватманах малявалі некалькі тыдняў. 

— Мы геаграфічна побач з Ляскавічамі, сталіцай фестывалю, таму жыхары нашага раёна таксама лічаць сябе прымаючым бокам. А хто, як не гаспадары, павінны быць самымі яркімі, запамінальнымі і гасціннымі? — разважае Таццяна Аляксандраўна.

У жыткаўчан, акрамя неверагоднага пачуцця гумару, адрознівае невымоўны запал да рыбалкі. Аматараў пасядзець з вудай тут больш, чым дзесьці ў іншым куточку краіны, упэўнены тэхнік па гуку гарадскога Цэнтра культуры і рыбак-аматар Мікалай Яновіч: 

— З дзяцінства ў кожнага жыткаўчаніна рыба на першым месцы. За добрым уловам ездзім на Прыпяць, азёры Чырвонае і Белае, на дробныя вадаёмы, якія ёсць на Жыткаўшчыне. Вось нядаўна мой сябар злавіў карпа амаль на чатыры кілаграмы, а брат вылавіў сома з сябе ростам. 

Каб праверыць словы Мікалая Міхайлавіча, накіроўваемся на бліжэйшае азярцо ля Жыткавічаў. І сапраўды, толькі працоўны дзень падышоў да канца, як да вады з вудамі ў руках сталі падцягвацца мясцовыя палешукі. Сярод іх быў і Уладзімір Турмовіч з сынам Уладзіславам. 

— А мы кожны вечар тут рыбу ловім. Справа ў тым, што месяц назад падабралі чайку з перабітым крылом, так зараз выходжваем. На корм ідзе ўвесь улоў, — тлумачыць Уладзімір Іванавіч і выцягвае з возера чарговую рыбінку. 

Акрамя рыбалоўства аматарскага, здабываюць у раёне рыбу і на прамысловай аснове. Тут працуе адразу два рыбгасы — «Чырвоная зорка» і «Белае». Дык чаго ж здзіўляцца, што асноўная тэма падворку Жыткавіцкага раёна — рыба і ўсё, што з ёй звязана.


Нікуды без пачастункаў

У святочным меню — вуха з дымком, рыбны шашлык, рыба, запечаная на саломе. Унікальныя рэцэпты гэтых страў перадаваліся ў раёне з пакалення ў пакаленне. Усе стравы падаюцца ў саламяным посудзе, як і было раней прынята пасля добрай рыбалкі. 

— А дзе будзе хлеб, будзе і песня. Таму пасля шляхетнага абеду гасцей чакае канцэрт ад нашага раённага народнага ансамбля народнай песні «Жытніца». Калі стварыла гэты ансамбль і прыдумала назву, то патлумачыла, што гэта велізарны свіран, дзе заўсёды будзе мора народных песень. Так і з’явілася «Жытніца», — распавядае дырэктар Цэнтра культуры і кіраўнік калектыву па сумяшчальніцтве Таццяна Еўлаш.

Сёння ў ансамблі выступае пятнаццаць чалавек. Для трэцяга па ліку фестывалю абнавілі рэпертуар і нават пашылі касцюмы з натуральнага палатна ХVIII стагоддзя. «Яшчэ ад прабабулі маёй тканіна захавалася», — патлумачыла Таццяна Аляксандраўна. 

Дарэчы, заўважыла яшчэ адну асаблівасць жыткавіцкіх палешукоў — не здавацца перад цяжкасцямі. І вось доказ. Мінулай зімой «Жытніца» выступала ў вёсцы Ветчын. Дадому вярталіся ноччу. У дзесяці кіламетрах ад райцэнтра скончыўся бензін. Гадзіннік паказваў ужо трэцюю гадзіну ночы, дапамогі чакаць не ад каго, таму пайшлі ў горад пешшу. Дайшлі пад раніцу, як належыць, схадзілі на працу, а ўвечары паехалі на канцэрт у вёску Людзяневічы. Вось такая стойкасць духу. 

— А ўсё таму, што ў нас сабраўся калектыў добры. Асабіста я працую ў цэнтральнай бібліятэцы і ўжо пяць гадоў выступаю з «Жытніцай». Захапленне для душы, — распаведала карэспандэнту «СГ» метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Любоў Трафімовіч. 

Тыя госці, якія ўжо бывалі на «Зове Полесья», узгадаюць і кіраўніка ўзорнага дзіцячага лялечнага тэатра «Чудесники» Анастасію Мірановіч. На мінулым фестывалі лялечны тэатр паказваў беларускую казку. У гэтым жа Анастасія Алегаўна выступіць разам з «Жытніцай» і правядзе майстар-клас па лазапляценні.

— А мы, палешукі з Жыткавіч, рознабаковыя. І праспяваць зможам, і станцаваць, і рамяством здзівіць, і рыбы налавіць ды страву смачную з яе прыгатаваць. Не верыце? Тады зайдзіце на наш падворак і праверце.

На «Зове Полесья» жыткаўчане прадаставяць унікальную магчымасць пасвяціцца ў рыбакі. У ваш гонар на падворку «Рыбакі-палешукі» нават на флагштоку падымуць паплавок. Ну а потым прыйдзецца апраўдаць ганаровае званне і прыняць удзел у вясёлай рыбалцы — рукамі вылавіць з басейна сапраўдную рыбку. Асабліва рашучыя змогуць зрабіць гэта з завязанымі вачыма.

І карціны ад Крысціны

У Азяранах салома нарасхват


На раённым падворку можна не толькі пазнаёміцца з саламянымі вырабамі маладога кіраўніка Цэнтра рамёстваў з вёсцы Азяраны, але і самому навучыцца выразанню выцінанак.

Мабыць, гэта мара кожнага маладога спецыяліста — пасля заканчэння навучальнай установы стаць не радавым супрацоўнікам, а адразу заняць кіруючую пасаду. Імклівы кар’ерны рост для юнай Крысціны Калінінай не быў першарадным жаданнем, калі яна атрымала дыплом Гомельскага мастацкага каледжа і вярнулася на працу ў родны Жыткавіцкі раён. Размеркавалі дзяўчыну ў Азяранскі народны цэнтр рамёстваў. Два гады яна навучала дзяцей пляценню з саломкі і выцінанцы, а потым ёй прапанавалі стаць дырэктарам цэнтра.

— Ды і зараз працую з дзецьмі, хоць на пасадзе дырэктара ўжо другі год. Саломапляценне і выцінанка — адны з самых любімых напрамкаў у нашых дзяўчынак і хлопчыкаў. Усяго да нас у цэнтр прыходзіць крыху больш за 30 школьнікаў, — заўважае майстрыха і паказвае нам вырабы з саломкі і паперы, якія падрыхтаваны спецыяльна для «Зова Полесья».

На стварэнне ўпрыгожванняў для жыткавіцкага падворка, а гэта больш за дзесяць работ, у Крысціны пайшло некалькі тыдняў. Ажурныя рыбкі і карціны з саломкі сталі выдатным дэкорам для дома рыбака. Кожнага госця, які зойдзе да жыткаўчан, дзяўчына навучыць майстэрскаму валоданню нажніцамі, без якога сапраўды не абысціся пры стварэнні выцінанкі. 

— А чаму з усёй разнастайнасці народных рамёстваў выбралі менавіта саломапляценне і выцінанку?

— Сама я з вёскі Перароўскі Млынок. У дзяцінстве не было магчымасці дзесьці навучыцца саломапляценню, улічваючы, што саломы ў сельскай мясцовасці хоць адбаўляй, ды і душа ляжала. Таму і вырашыла паступаць у каледж. Ужо там і знайшла сваё прызначэнне. 

Саломапляценне ў Жыткавіцкім раёне, у жыхароў якога асаблівы запал менавіта да рыбалкі, паважалася заўсёды. Бо які рыбак абыдзецца без саламянага капелюша ў неверагодную спёку? Ці куды пакласці ўлоў, як не ў плецены кошык? Ды і рэцэпт папулярнай стравы — рыба на саломе — тут перадаюць з пакалення ў пакаленне. Захоўваюць у Азяранах і дэкаратыўныя саламяныя вырабы, якія ў Цэнтр рамёстваў прынеслі мясцовыя жыхары. 

— Не новы напрамак для жыткавіцкіх палешукоў і выцінанка. Ажурныя вырабы з паперы раней выкарыстоўвалі і як сурвэткі, і як гардзіны, і проста для ўпрыгожвання. Такая тэндэнцыя захавалася і цяпер, — патлумачыла Крысціна. 

З вырабамі маладой майстрыхі ўжо паспелі пазнаёміцца на рэспубліканскіх «Дажынках», на раённых і абласных святах. Ужо ў трэці раз паедзе Крысціна і на «Зов Полесья».


Падрыхтавала Наталля БАРЫСАВЕЦ, «СГ».

Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter