Глыбоцкі раён першым у вобласці закончыў уборку зерневых

На «дажынкі» да сваёй класнай

Глыбоцкі раён першым у вобласці закончыў уборку зерневых, атрымаўшы прыбаўку да мінулагодняга каравая 7 тысяч тон. Адным з першых у рэгіёне заканчваецца там жніво і на сотках насельніцтва

Глыбоцкі раён першым у вобласці закончыў уборку зерневых, атрымаўшы прыбаўку да мінулагодняга каравая 7 тысяч тон. Адным з першых у рэгіёне заканчваецца там жніво і на сотках насельніцтва. На ўчарашні дзень збажына была абмалочана на 1406 гектарах, або на 93 працэнтах ад пасеянай на агародах.


Ветэраны-педагогі Анатоль Васільевіч і Марыя Фёдараўна САДОХІ са сваім былым вучнем камбайнерам Леанідам БОРТНІКАМ на ўласным участку збажыны


Нядзеля для камбайнера СВФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» Віктара Бортніка была не зусім звычайным днём: прыйшлося жаць на сотках сваіх былых настаўнікаў з мясцовай школы Анатоля Васільевіча і Марыі Фёдараўны Садохаў. Яны таксама былі вельмі рады ўбачыць свайго выхаванца.

— Была ў яго класнай, — гаворыць Марыя Фёдараўна. — Прыгарнуўся вось да роднай зямлі, як і многія мае выпускнікі. Цудоўны чалавек, працаўнік, сем’янін. Людзі паважаюць яго. Няма слоў...

Леанід Бортнік на камбайне КЗС-7 з самага пачатку жніва ўжо чацвёрты сезон выязджае толькі на соткі насельніцтва. Паспеў абмалаціць збожжа ў вёсках Шэпелева, Сукліна, Мнюта-1. Засталіся агароды яшчэ ў Вяльцы і Плісе, але дні праз тры, калі пастаіць надвор’е, і там будзе ўпарадкавана.

Канечне, калі браць фінансавы бок справы, Віктару куды выгадней было б убіраць хлеб на грамадскай ніве. Там іншыя і намалоты, і гектары, і зарплата. А тут паспрабуй пакруціцца на 5—10 сотках.

— А што зробіш? — сціпла гаворыць ён. — Трэба ж некаму і гэту работу рабіць.

Расцэнкі на жніво для насельніцтва даволі нізкія: каля васьмі тысяч рублёў за сотку. Калі ж хоць адзін чалавек з сям’і працуе ў гаспадарцы, то плаціць даводзіцца палавіну, а калі двое — усяго 30 працэнтаў, або 2,5 тысячы. Чыста сімвалічная плата і для ветэранаў.

Акрамя таго, як паведаміў дырэктар філіяла Яраслаў Сінкавец, частка сотак насельніцтва, 40 гектараў, знаходзіцца ў агульным севазвароце. Гэта выгадна і гаспадарцы, і людзям. Ураджай на агульным полі, не раўнуючы, 40 цэнтнераў на круг, як у гаспадарцы. І ніякіх клопатаў: атрымлівай гатовае збожжа! Да таго ж не трэба дабіваць тэхніку па вузкіх палосках.

Між іншым у цэлым па раёну ў агульны севазварот вынесена каля тысячы гектараў збажыны насельніцтва. З іх сама болей у Карабоўскім і Удзелаўскім сельскіх Саветах: адпаведна 220 і 175 гектараў. Аднак у тым жа Удзелаўскім Савеце ёсць яшчэ і 680 участкаў асобна. Асноўная нагрузка, вядома, тут лягла на філіял «За Радзіму», ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод». Але ёсць уклад і прыватнікаў. Свае паслугі жыхарам тут прапаноўвалі чатыры ўладальнікі камбайнаў. Гэта Леанід Дайлідзёнак з вёскі Мосар, Леанід Косцік з Мярэцкіх і іншыя.

У цэлым па вобласці зерневыя абмалочаны на палавіне людскіх участкаў. У Глыбоцкім, Докшыцкім і Чашніцкім раёнах адпаведна — на 93, 74 і 47 працэнтаў.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter