Поэт Геннадий Клевко — мастер метафор, в свои стихи вкладывал душу

На далонях кляновых у печы ружовіцца хлеб

Нарадзіўся Генадзь Кляўко ў 1932 годзе, а ў 1979-м адышоў у іншы свет. Не паспеў адзначыць паўстагадовы юбілей прачулы паэт і адказны супрацоўнік вядучых газет і літаратурных часопісаў. Па традыцыі ў белым ад квецені маі ў Рудзенску праходзяць сустрэчы памяці, сёлетні — не выключэнне. У гэтым пасёлку паэт заканчваў школу, жылі бацькі, захавалася хата, дзе праходзіла яго маленства. Усё там прасякнута памяццю пра творчага сына Айчыны. «Ішоў — і ўпаў, навекі анямеў: // Сляпы пярун ударыў рыкашэтам. // І чалавек, бадай, не зразумеў, // Што здарылася з гэтым светам». Гэта вытрымка з верша «Добры чалавек». Генадзя Якаўлевіча прыгадваюць менавіта такім — добрым і шчырым. Ён ахвотна адгукаўся на чужы боль. У пісьменніка было шмат сяброў, у тым ліку Рыгор Барадулін і Уладзімір Караткевіч. Разам яны вандравалі на бераг Ціхага акіяна.

«А сцяжына дапытлівасці, жадання ўбачыць новыя мясціны, далёкія і незнаёмыя, каб даражэйшыя ды балючэйшыя родныя сталі, клікала ў свет. Гэтая сцяжына і завяла Гена-дзя, Уладзіміра Караткевіча і мяне, трох адназастольнікаў, на бераг Ціхага акіяна, у горы Сіхотэ-Аліня і ў фадзееўскую з непрыручанай яшчэ тайгой Чугуеўку»,
— у прадмове да паэтычнага зборніка «Вязьмо» ўспамінае Рыгор Барадулін. Тая паездка ў Караткевіча вылілася ў «Чазенію», а ў Кляўко — у радкі пра сейнер, трапна параўнаны з возам сена, які імчаў па мяккіх валках праз луг.

Кожны верш неверагодна шчыры, з адмысловым сюжэтам і багатай метафарычнасцю. Зазвычай многа разважаем пра вялікую і малую радзіму, а пачынаецца прага і любоў да яе з мізэрнага — хоць бы з матчынага агародчыка, які сніцца хлапчуку ўначы. Тут падае шурпатую далонь цераз плот ружовашчокі гарбуз, семкамі частуе сланечнік, лезе па сценах на дах і віе ў спіралі свой зялёны дрот спрытны хмель. Тут кветкі да тыну прытуліліся, як цікаўныя чародкі дзяўчат. Колькі метафар і параўнанняў у адным толькі вершы! Між тым паэзія і ёсць творчасць. Галоўнае ў ёй нават не рыфма і рытм, ямбы з харэямі і анапестамі, а менавіта вобразнасць. У творах Генадзя Кляўко яна разнастайная, удалая.

«Я люблю пазіраць, як раніцай // Сонца ўсім раздае нарад, // У празрыстай расе купаецца, // Белым воблачкам уціраецца. // Аглядае свой далягляд» — яскравы прыклад увасаблення. Пейзажная лірыка раскашуе ў вершах паэта, як і верасень, пра які так рамантычна і ўзнёсла піша аўтар. Дарэчы, слова «раскашаваць» з лексікона Генадзя Кляўко, не так часта ўжывальнае ў беларускай мове. Выкарыстоўваў яго ў сваіх творах Уладзімір Караткевіч: «Раскашавала мокрая лаза, цяжкія, някошаныя травы на берагах дымелі» (раман «Нельга забыць»).

Ваенная старонка — асобная ў творчасці Генадзя Кляўко. Асабліва цытуемы верш, прысвечаны невядомаму салдату, які ў час вайны расстаўся з домам, загінуў. «Дык дазволь жа лічыць ад імя пакалення  // Дзень пачатку вайны днём твайго нараджэння». Нестандартная, яркая думка. Падчас вайны маленькі будучы паэт разам з маці пакінуў хату, каб уцякаць на ўсход. У выніку прамога пападання снарада ад жытла застаўся толькі ўспамін. І з гэтае пары яны з мамай пачалі звацца бежанцамі. На працягу ўсяго жыцця горкае слова «бежанец» прыгадвалася горкім прысудам паэту: «Я прыйшоў у той дом — // Ён стаіць пасярэдзіне саду. // Я прыйшоў у той дом, // Што ў вайну быў разбіты снарадам». Сваё бульбяное дзяцінства пісьменнік называе апранутым у стары да пят шынель. Ізноў беспрэцэдэнтная метафара, якой літаральна дыхаюць творы. Гэта невыпадкова, бо лязо вайны параніла лёс сям'і. Ваяваў бацька паэта Якаў Кляўко, у адным з інтэрв'ю ён расказвае: «Людзі майго пакалення добра зведалі, што такое вайна. Мяне яна на ўсё жыццё зрабіла інвалідам другой групы. Я быў двойчы паранены. Два асколкі дасюль сядзяць у лёгкіх».

Вечная праблема міру, дакладней — яго адсутнасці. Ваенныя грузы каменем кладуцца на грудзі зямлі. Аўтар бачыць свой клопат і плён у тым, каб хутчэй перакаваць мячы на кельмы і аралы: «Каб толькі мір быў для людзей // І перапёлкі ў жыце… // І стане ўсёй зямлі лягчэй // Каціцца па арбіце». Бо іначай і жыць немагчыма. Крыважэрныя войны ў вялізныя пашчы хапаюць наш свет. Пра гэта «Неўміручая балада», дзе героі — скульптар і блакітнавокая дзяўчынка-паляшучка Алеся. Яна, стаўшы паланянкай на далёкай чужыне, адмовілася ад скульптуры, для якой стала правобразам: «А вочы… Навошта мне вочы? // Яны мне таксама не трэба. // Ніколі ўжо болей не ўбачыць  // Ім роднага неба».

ВЯСКОВАЯ, бацькоўская тэма… Верш пра тое, як матуля пры­ехала да сына ў горад, няньчыла ўнука, гатавала ежу і размаўляла па-простаму, за што ў свой бок чула кпіны. «Другія вунь маці пра новую моду // Вам выступяць з цэлай прамоваю. // Яна ж вечна з хусткаю пад падбародак, // І ўсе ў яе звычкі вясковыя». Пюрэ ў яе каша, амлет называе яешняю, а эскалоп — скваркаю. Але справа ў іншым. У сына ачарсцвела душа, ён забыўся пра матуліну ласку, пра яе бяссонныя ночы, падчас якіх працавала, каб хлопцу даць адукацыю. Такім чынам, гэта верш-напамін усім дзецям, каб прымалі бацькоў такімі, якія ёсць, даражылі імі.

У іншым сюжэце, наадварот, прадстаўнік маладога пакалення стаў героем. Ён прыехаў з вялікай будоўлі да сваіх сяброў-аднакласнікаў, якія паклікалі яго ў кіно, маўляў, у глушы такога не бачыў. «Збянтэжаны, ён тлумачыў: // — Хапала ўсялякіх спраў… // — Ты там, браток, няйначай, // Зусім ад жыцця адстаў». Толькі не ведалі сябры, што гэты хлопец ужо сам стаў галоўным героем фільма.

Плугу — араць, а паэту — пацець, больш шчыра вастрыць нарог і спарней сеяць зярняты, даваў такі наказ Генадзь Кляўко ў адной са сваіх паэм. У гаспадара выступіў салёны здаровы пот, а хлеб ружовіцца ў печы на кляновых далонях. «У тыя гады галодныя мы нават на маладзік глядзелі, як на надкусаны бохан», — прыгадвае ваеннае ліхалецце паэт. У сваіх далонях ён выгадаваў, выпесціў багата лірычных, гумарыстычных і сатырычных вершаў, фельетонаў, мініяцюр, перакладаў, выдаў 11 кніг, у тым ліку дзіцячыя.

Генадзь Кляўко як мог рабіў наш свет прыгажэйшым. Пасля заканчэння філфака БДУ працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда» (зараз «Сельская газета»), у часопісе «Вожык», намеснікам рэдактара ў «Полымі». З роднай Рудзеншчыны ўвабраў пахі, гукі, словы, нездарма так любіў беларускую мову і быў патрабавальным да кожнага слова. Выбіраў іх, нібыта сейбіт зярняты для лепшага поля, якое ўскаласіла. І ружовіцца на кляновых далонях у печы хлеб…

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter