Новые посты, больше мест для купания, увеличение количества рейдов: как ОСВОД планирует уменьшить количество погибающих на воде

На бяспечнай хвалi

На нядаўняй  рабочай сустрэчы з мiнiстрам па надзвычайных сітуацыях Вадзiмам Сiняўскiм Прэзiдэнт звярнуў увагу на вялiкiя лiчбы па гiбелi людзей на вадаёмах: «Мяне здзiўляе адзiн факт — мы так перажываем за COVID, нас крытыкавалi i там i тут — у нас на вадзе патанула больш за 350 чалавек з пачатку года». Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што галоўная задача — захаваць людзей.

У гэтым купальным сезоне АСВОДу прыйшлося нялёгка.

Сапраўды, гэты купальны сезон аказаўся як нiколi гарачы. Прычым не толькi па тэмпературы паветра. У спякоту папулярным месцам для купання станавiлiся i забароненыя для плавання тэрыторыi. Пра тое, як скарацiць колькасць загiнулых на водах, «Р» пагутарыла з ратавальнiкамi Асвода.

Пацярпелыя — парушальнiкi

— На станцыi працую больш за 20 гадоў, але такога працяглага гарачага лета не памятаю. У асобныя днi вада награвалася да 27 градусаў! начальнiк выратавальнай станцыi «Цнянская» Георгiй Жаброўскi падымае з глыбiнi вадасховiшча тэрмометр. Нягледзячы на нядаўнюю спякоту, вадаёмы ўсё яшчэ камфортныя для купання. Тэмпература вады +22 градусы.

У распараджэннi выратавальнай станцыi «Цнянская» два катары для хуткага рэагавання i шэсць лодак. На купальны сезон умацавалi i штат. Зараз сочаць за бяспекай на вадзе 13 матросаў. Пры неабходнасцi iм на дапамогу прыйдуць шэсць вадалазаў. На станцыi дзяжураць i два медработнiкi. Часта аказваюць дапамогу пацярпелым самi супрацоўнiкi АСВОДа.

Зараз на выратавальнай станцыi «Цнянская» сочаць за бяспекай на вадзе 13 матросаў. Пры неабходнасцi iм на дапамогу прыйдуць шэсць вадалазаў.

— З пачатку мая выратавалi многiх, гарачымi выйшлi дзянькi. Падчас патрулявання з напарнiкам адкачалi мужчыну. Пацярпелы ўжо не дыхаў. Пад вадой прабыў каля трох хвiлiн. Ён з сябрам адпачываў каля Цнянскага вадасховiшча, купалiся ў забароненым месцы. У нейкi момант адзiн з таварышаў пачаў тануць, другi гэтага не бачыў. На шчасце, мы апынулiся побач. Рэанiмацыйныя дзеянні праводзiў я, пацярпелага ўдалося выратаваць, — пад’язджаючы на катары да чарговага парушальнiка (плаваў там, дзе нельга), расказвае ратавальнiк-вадалаз станцыi Вiктар Жвiрбля. Ён папярэджвае: паводле артыкула 24.42 КаАП купанне ў забароненых месцах цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велiчынь.

— Тут нельга купацца? — здзiўля­ецца плывец. — А дзе таблiчка?

— Уздоўж берага iх некалькi, — паказваюць супрацоўнiкi АСВОДа.

Некаторыя людзi шукаюць зацiшныя куткi. Як варыянт аддалiцца ад адпачывальнiкаў — заплысцi к буйкам.

Небяспечнае зацішша

У разгар спёкi на забароненых для купання месцах вельмi шмат парушальнiкаў: некаторыя людзi шукаюць зацiшныя куткi. Яшчэ адзiн варыянт аддалiцца ад адпачывальнiкаў — заплысцi за буйкi.

— Вялiкую дапамогу нам аказваюць супрацоўнiкi мiлiцыi, мясцовыя часцi МНС, валанцёры БРСМ. Хтосьцi ажыццяўляе патруляванне на зямлi, сочыць, каб на пляжы не было п’яных кампанiй, хтосьцi — на вадзе. У спякоту нашы хлопцы практычна пастаянна патрулявалi небяспечныя зоны, — успамiнае Георгiй Жаброўскi. — За дзень рабiлi сотнi папярэджанняў наконт купання ў забароненых месцах. На тых, хто ўпарта не хацеў слухаць, складалi пратаколы па артыкуле 24.42. На жаль, такiх людзей нямала. Аднойчы прыцягнулi да адмiнiстрацыйнай адказнасцi 15 чалавек.

— На вадаёмах, патруляванне якiх уваходзiць у абавязкi Мiнскай гарадской выратавальнай станцыi, функцыянуе восем выратавальных станцый. На купальны перыяд дадаткова ствараюцца дзевяць сезонных выратавальных пастоў, шэсць з якiх працуюць там, дзе купанне забаронена, — падзялiлася вядучы спецыялiст Мiнскай гарадской арганiзацыi АСВОДа Алена Жалабковiч.

Мiнчане спадзяюцца, што хутка ў сталiцы абсталююць больш месцаў для купання.

Адпачывальнiкi заўважаюць: сёлета з-за анамальнай спякоты i абмежаванняў на выезд з краiны на сталiчных пляжах была велiзарная колькасць людзей. Пляж № 2 на Цнянскiм вадасховiшчы нагадваў Анапу або Сочы. У вадзе ў лiтаральным сэнсе яблыку не было дзе ўпасцi. Мiнчане спадзяюцца, што хутка ў сталiцы абсталююць больш месцаў для купання, тады i спакусы выкупацца ў забароненых месцах стане менш.

КАМПЕТЭНТНА

Анвар IГАМБЯРДЗIЕЎ, старшыня Беларускага рэспублiканскага таварыства ратавання на водах (АСВОД):

— З пачатку купальнага сезона патанула 353 чалавекі. З iх 171 загiнуў у вадзе. Часцей за ўсё месцам гiбелi становяцца непрыстасаваныя для плавання аб’екты. Калi казаць пра час, то мы назiраем узрастаючую актыўнасць адпачывальнiкаў пасля абеду. Сёлета супрацоўнiкi АСВОДа выратавалi 314 чалавек. Гэта ў два разы больш, чым у мiнулым годзе. У тым лiку 93 дзiцяцi, у мiнулым годзе паказчык быў у разы меншы — 44. Акрамя таго, папярэджана 19 430 чалавек, летась — 9310.

Для недапушчэння няшчасных здарэнняў на вадзе важна працаваць у камандзе: АСВОД, МНС, МУС, БРСМ, СМI і іншыя зацікаўленыя органы дзяржупраўлення. Бо ў сваёй працы мы стараемся рабiць усё, каб не здарылася трагедыi. Прафiлактыка — самы дзейсны спосаб прадухiлення гiбелi на водах. Зараз у краiне 66 выратавальных станцый i 149 выратавальных пастоў, з iх 100 пастаянных i 49 сезонных. Адзначу, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць здарэнняў пры купаннi ўначы. З чэрвеня такiх выпадкаў было каля 20.

Для памяншэння колькасцi загiнуўшых на водах мы плануем узмацнiць правядзенне прафiлактычнай працы, узяць пад кантроль непрыстасаваныя месцы, павялiчыць колькасць рэйдаў. Акрамя таго, абласнымі і райвыканкамамі прадугледжана павялічыць колькасць месцаў адпачынку для грамадзян, добраўпарадкаваць іх і стварыць неабходныя умовы. У дадзеных месцах пры неабходнасці і дапамозе мясцовых органаў улады будуць стварацца выратавальныя пасты АСВОДа.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter