Накануне каникул вместе с ГАИ заглянули в несколько минских дворов и проверили, безопасны ли они для детей

На белай паласе зебры

Сёння ў школьнiкаў пачалiся летнiя канiкулы. Калi падручнiкi зда-дзены, а дзённiкi закiнуты ў далёкiя скрынi стала, самы час пагуляць з сябрамi на вулiцы. Дваровае жыццё завiравала! Пакуль бацькi на працы, школьнiкi забаўляюць сябе як могуць. Веласiпеды, ролiкi, скейты, самакаты, монакалёсы, гiраскутары... Гэтая i iншая ўпадабаная дзецьмi тэхнiка пазапаўняла вулiцы. Вось толькi захапiўшыся запаветнымi цацкамi, школьнiкi могуць канчаткова забыць аб правiлах бяспекi, таму ў гэты час вадзiцелям на дарогах трэба быць асаблiва ўважлiвымi. Карэспандэнт «Р» разам з ДАI зазiрнула ў некалькi мiнскiх двароў i праверыла, цi бяспечныя яны для дзяцей.

Віталь Сауц нагадвае вучням сярэдняй школы № 37 правілы бяспечных паводзін на канікулах.

Лета на гадзiннiку

Многiя бацькi летам купяць сваiм дзецям новыя веласiпеды, але не ўсе пры гэтым растлумачаць, дзе можна катацца, а дзе нельга. Каб даведацца, цi добра юныя веласiпедысты ведаюць ПДР, адпраўляемся да сярэдняй школы № 37.

Нам па дарогах ездзiць без дарослых пакуль нельга, — вучнi 6 «А» класа практычна хорам агучваюць вытрымкi з ПДР, якiя тычацца веласiпедыстаў.

— Да 14 гадоў катацца можна толькi ў дварах, на веласiпедных i пешаходных дарожках. На пераходзе трэба спешвацца, — нагадаў важны нюанс старшы iнжынер па арганiзацыi дарожнага руху аддзела ДАI Цэнтральнага РУУС Мiнска Вiталь Сауц. — На пярэдняй частцы веласiпеда павiнны быць святлоадбiвальнiкi белага колеру, ззаду — чырвонага, а з кожнага боку — аранжавага.

На маленькiх прыхiльнiкаў ролiкаў, скейтаў i самакатаў распаўсюджваюцца тыя ж правiлы, што i на пешаходаў. Iм можна катацца на дваровых тэрыторыях i па веласiпедных дарожках па баку для руху пешаходаў.

Пакуль супрацоўнiк ДАI размаўляе з шасцiкласнiкамi, дзесяцiгадовы Сямён дзелiцца са мной грандыёзнымi планамi на лета:

— Паеду ў футбольны лагер, потым да бабулi ў вёску i на мора... Ну i ў горадзе таксама буду катацца на велiку. Пакуль нiякiх сiтуацый на дарозе не здаралася, усе вадзiцелi прапускаюць...

Яго прыяцель Цiмафей прызнаецца, што аддае перавагу не актыўнаму адпачынку, а гульнi на прыстаўцы, аднак час ад часу таксама выязджае пакатацца:

 — У мяне ёсць самакат. Катаюся на iм на спецыяльнай пляцоўцы каля дома. Нам там выдаюць шлем, накаленнiкi i налакотнiкi. Усё бяспечна... Але на дарогах сiтуацыi бывалi. Мяне адзiн раз недалёка ад школы на вулiцы Чарвякова на пераходзе ледзь не збiлi «Жыгулi» — фарай зачапiлi...

Сямён і Цімафей дзеляцца з супрацоўнікам ДАI сваімі грандыёзнымі планамі на лета.

Важныя нюансы

Адпраўляемся на Старавiленскi тракт. Дзяцей тут заўсёды шмат: непадалёк размешчаны Мiнскi дзяржаўны палац дзяцей i моладзi, тры школы i дзве гiмназii. У двары дома № 75 — карцiна, звыклая для мiнскага двара: вакол шчыльнымi радамi прыпаркаваны легкавушкi. Час ад часу грузавiкi заязджаюць, каб разгрузiць чарговую партыю прадуктаў для мясцовага супермаркета. Вадзiцель аднаго з такiх грузавiкоў шчыра прызнаўся нам, што не любiць лета менавiта з-за дзяцей у дварах:

— Трэба ўлiчваць дзiцячы фактар. Нiколi не ведаеш, што прыйдзе дзiцяцi ў галаву. Зараз яно стаiць на месцы, а праз хвiлiну бяжыць кудысьцi, не гледзячы па баках. Яму мама крыкнула: «Давай хутчэй», — вось i бяжыць хутчэй... А ў мяне грузавiк. Калi дзiця пачне перабягаць дарогу ля самага бампера, то я з кабiны папросту яго не ўбачу.

— Загуляўшыся, дзецi забываюць паглядзець па баках, перш чым выбегчы з-за прыпаркаванай ля абочыны легкавушкi. Яны могуць паддавацца нейкаму iмгненнаму iмпульсу, не думаючы пра ўласную бяспеку. Так i адбываецца большасць здарэнняў у дварах, — згаджаецца Вiталь Сауц i ў пацвярджэнне сваiх слоў прыводзiць канкрэтны прыклад. — У сакавiку на праспекце Пераможцаў, каля стэлы, дзяўчынка выбегла на дарогу за сваiм сабачкам, якi сарваўся з ланцужка. Вадзiцелям цудам удалося пазбегнуць трагедыi.

На гадзiннiку 14:00. Першая змена ў школе ўжо скончылася, i дзяцей у дварах прыкметна прыбавiлася. На вулiцы Веры Слуцкай заўважаем двух хлопчыкаў на веласiпедах.

— Як трэба праязджаць пешаходны пераход? — задае стандартнае пытанне Вiталь Сауц.

— На звычайных пераходах трэба злазiць з веласiпеда, а калi ёсць спецыяльная зялёная дарожка, то па ёй можна праязджаць, — 12-гадовыя Улад i Паша ведаюць усе нюансы.

12-гадовыя Улад i Паша добра ведаюць нюансы правiлаў, якiя тычацца веласiпедыстаў.

«Дык тут жа зебра!

Бацькам старшакласнiкаў лепш не пакiдаць ключы ад аўтамабiля цi матацыкла без нагляду. Жаданне паганяць у падлеткаў вялiкае, а вось навыкаў кiравання не хапае. Пра наступствы падобных заездаў мы даведаемся з навiн. I такiя выпадкi сёлета ўжо былi. У красавiку 15-гадовы мапедыст спрабаваў уцячы ад пагонi на ўскраiне Гродна. Яго спынiлi.

Хвiлiн дзесяць назiраем, як школьнiкi пераходзяць дарогу. Робiм выснову, што дзецi ведаюць правiлы, але не заўсёды ўмеюць прымяняць iх на практыцы. Не ўсе глядзяць па баках, часта — у тэлефоне. Часам перабягаюць. А вадзiцелi любяць праскочыць на жоўты... Так i атрымлiваецца: вадзiцель не паспеў скончыць манеўр, дзiця не паглядзела вакол сябе, i ў вынiку здараецца аварыя.

— Як трэба пераходзiць дарогу? — Вiталь Сауц задае элементарнае пытанне юнаму пешаходу, якi проста на нашых вачах пераходзiў дарогу, перапiсваючыся ў тэлефоне.

— Дык тут жа зебра! — хлопчык лiчыць гэта прычынай не глядзець па баках. — Спачатку трэба паглядзець направа, потым — налева. Ой, не! Наадварот...

Тут хлопчыку тэлефануе мама. Супрацоўнiк ДАI просiць яе нагадаць сыну правiлы, бо ўлетку шмат часу дзецi праводзяць без нагляду дарослых. Наколькi добра гэты хлопчык i iншыя школьнiкi засвоiлi ПДР, пакажуць лета i зводка ДАI. 

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter