«Ущипните меня, это нереально!»: II Минский Международный фестиваль циркового искусства собрал звездных артистов со всей планеты

На арэне — каралі цырка

Халадок па целе, дрыжыкі ў руках, непадробная цікавасць — такія пачуцці аб’ядналі ў гэтыя дні ўсіх гасцей Бел­дзяржцырка. Нагода правесці тут час самая што ні на ёсць слушная: калі вы яшчэ зможаце ўбачыць на манежы столькі зорак адначасова? Артысты з Аўстраліі, Кітая, Італіі, Малдовы і яшчэ 13 краін свету сабраліся ў гасцінным Мінску, каб даказаць узровень свайго майстэрства на II Мінскім міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва. Карэспандэнт «Р» пабывала на першым конкурсным дні і даведалася, які нумар больш за ўсё ўразіў гледачоў.

Удзельнікі фестывалю з 18 краін свету вітаюць гасцей цырка. 

Усе дарогі апошнія некалькі дзён вядуць у цырк. За пару хвілін да пачатку паказу гледачы ўважліва вывучаюць праграму і жыва перагаворваюцца: на іх ускладзена адказная місія — вырашыць, хто ж з артыстаў павязе дадому прыз іх сімпатый. Можа, Марына і Аляксей Грыгоравы з Украіны? Танец, тэатралізаванае прадстаўленне, акрабатычныя трукі — усё пераплялося ў выступленні гэтай пары і прымусіла ўсіх прысутных трымцець.

Старшынёй журы фестывалю стаў дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір ШАБАН. 

— Яны праўда без страхоўкі? — чую здзіўленыя пытанні з задніх радоў. Артысты лунаюць пад купалам цырка, ледзь трымаюцца за абруч, які яшчэ і круціцца. Відовішча захапляе і пужае адначасова, але прафесіяналам гэтая неймаверная вышыня скарылася — сарваўшы авацыі, яны ідуць за кулісы.


Пасля такога напружанага нумара гледачам патрэбна «перазагрузка» — на манеж выходзіць аўстралійскі жанглёр Кодзі Харынгтан. Пазней ён прызнаўся, што ў цырк трапіў яшчэ ў дзяцінстве — не было выбару, бо пяць пакаленняў яго сям’і працуюць артыстамі. Галоўным трэнерам і натхняльнікам Кодзі лічыць свайго бацьку, яму ён і прысвяціў выступленне. Яно, дарэчы, атрымалася цудоўнае — булавы, мячы і кольцы бездакорна падпарадкаваліся свайму ўладару.

Белыя тыгры і дрэсіроўшчык Сяргей Несцераў прыехалі да нас з Расіі.

— Я таксама ўмею жангліраваць, праўда, апельсінамі, — жартуе шасцігадовы Марк. — Гэта вельмі складана, таму ён павінен перамагчы! Я галасую за яго.


Калі на арэну выйшла раскошная Адрыяна Фалько ў белым зіготкім касцюме, зала застыла. «Такая і каня на скаку спыніць», — толькі падумала я, як на манежы з’явіліся шэсць яе верных залатагрывых памочнікаў. Ці атрымалася ў жанчыны ўтаймаваць гэтых прыгажуноў, ацэніць журы, але гледачы засталіся ў захапленні.


Дарэчы, вы калі-небудзь бачылі мядзведзя за рулём самаката? А касалапага, які скача цераз скакалку? Усе гэтыя трукі ўмеюць выконваць жывёлы, якіх дрэсіруюць расіяне Таццяна і Андрэй Яравыя: знакамітыя артысты таксама прыехалі пазмагацца за ўзнагароды фестывалю. Гран-пры і некалькі залатых, сярэбраных і бронзавых медалёў атрымаюць толькі самыя лепшыя.

Трукі з жывёламі вельмі ўразілі дзяцей.

Дарэчы, Уладзімір Шабан, дырэктар Белдзяржцырка, адзначыў:

— Да нас прыехалі артысты з Цэнтральнай і Лацінскай Амерыкі, Азіі, Расіі, Казахстана, Украіны. Упэўнены, ім камфортна выступаць на нашай арэне, тым больш пры такіх актыўных гледачах. Для кожнага артыста гэта спаборніцтва, таму ў запасе ў нас ёсць яшчэ некалькі ўзнагарод — на ўсякі выпадак. У гэтым годзе каманда Белдзяржцырка распрацавала новую канцэпцыю прыза — капялюш з шырокімі палямі, зроблены з саломы, які перадае нацыянальны каларыт нашай краіны. Прыз ад дзіцячага журы таксама вельмі прыгожы — матрошка з цыліндрам на галаве.

Лі Вэй з Кітая паказаў цуды эквілібрыстыкі. 

Нашы артысты да фестывалю падрыхтавалі тры ўнікальныя нумары. У першы дзень на арэну выйшаў Яўген Канановіч са сваім выступленнем «Паветраны палёт», у другі — дзяўчынкі-гімнасткі на трапецыі і сілавыя атлеты з нумарам «Рэтраасілкі». Апошнія сапраўды здзівілі залу, выканаўшы трук, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў ніхто не паўтараў, — адзін з артыстаў падняў на плячах велічэзнае піяніна, якое з цяжкасцю падымаюць чатыры мускулістыя мужчыны.

Паветраныя акрабаты луналі пад купалам цырка.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter