Праздник Сороки белорусы издавна считали одним из самых важных в году

На арэлях жыцця

Акурат у той час, калі сонца па экліптыцы перасякае нябесны экватар, адзначаецца дзень вясенняга раўнадзенства. У паўночным паўшар’і яно адбываецца 20 сакавіка, калі Сонца пераходзіць з паўднёвага паўшар’я нябеснай сферы ў паўночнае. Па народным календары гэта астранамічная з’ява амаль супадае са святам Саракі, якое адзначаецца 22 сакавіка і лічыцца другой сустрэчай вясны — паміж Стрэчаннем (15 лютага) і Благавешчаннем (7 красавіка).


Свята Саракі супадае з днём ушанавання сарака севасційскіх пакутнікаў. Гэта былі воіны-хрысціяне, якія прынялі пакутніцкую смерць за веру ў Севасціі (Малая Арменія, сучасная Турцыя) у 320 годзе нашай эры. У часы ганенняў на веру Хрыстову сорак рымскіх воінаў-хрысціян адмовіліся прыносіць ахвяру паганскім багам і былі падвергнуты за гэта катаванням.

Дзень памяці сарака севасційскіх пакутнікаў у праваслаўі лічыцца Днём усіх праваслаўных мужчын, па аналогіі з Днём жонак-міраносіц (адзначаецца ў маі).

Саракі — надзвычай паважанае ў народзе свята. Яно сімвалізавала канец зімы і хуткі пачатак палявых работ. Адзін з сімвалаў народнага свята — птушкі, якія вярталіся з выраю. Лічылася, што іх вяртаецца сорак розных відаў, але галоўным вестуном вясны быў жаўрук. Шчабятушак сустракалі пачастункамі. Для гэтага гаспадыні загадзя пяклі прысмакі ў выглядзе птушачак. Як правіла, па сорак штук — у памяць воінаў-пакутнікаў. Ласункі называліся ў розных рэгіёнах так: «жаўрукі», «сарокі», «галубкі». Яшчэ гатавалі галушкі. Продкі верылі, што гэта страва валодае ахоўнай сілай і спрыяе здароўю чалавека. Калі хтосьці захварэў у сям’і, галушкі качалі па валасах і з’ядалі нашча, каб не кружылася галава. Пачастунак давалі і жывёлам, калі яны захворвалі.

Ад гэтага дня пачыналі лічыць колькасць маразоў. Казалі: «На Саракі не начуй ля ракі». Гэта азначала, што лёд ужо мог лёгка трэснуць.

Калі стукнуў мароз, некалькі галушак з’ядалі і глядзелі, колькі яшчэ іх засталося. Столькі ж яшчэ павінна быць і маразоў. Жартавалі, што пасля свята іх магло быць каля сарака. Дарэчы, гэты лік прысутнічаў амаль ва ўсіх дзеяннях свята. Лічылася, што на Саракі трэба было спячы сорак галушак, сорак вяровак парваць, сорак трэсак і сорак дроў у хату прынесці.

На свята разгортваліся цэлыя абыходныя абрады. Дзеці ішлі да суседзяў, збіралі ў свае торбачкі гасцінцы — святочную выпечку. Яшчэ адна рыса свята — гушканне на арэлях. Па павер’ях гэты звычай садзейнічаў здароўю чалавека, яго ачышчэнню. Другое прызначэнне качання — паўплываць такім чынам на рост ільну. Лічылася, чым вышэй калыхацца, тым вышэй і лён вырасце.

Народныя прымаўкі

На Саракі дзень з ноччу мераецца: зіма канчаецца — вясна пачынаецца.

Саракі гоняць снег да ракі.
На Саракі вернікі гатавалі рытуальнае пячэнне, адчынялі дзверы і запрашалі сорак пакутнікаў да сябе ў дом снедаць
kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter