На афрыканскiх “кватэрах”

Пасля шматгадовых даследаванняў арнiтолагi адкрылi ў Сенегале месца зiмоўкi вяртлявай чаротаўкi — еўрапейскай вераб'iнай птушкi, якой пагражае знiкненне Мiжнародная экспедыцыя, у якой удзельнiчаў i прадстаўнiк Беларусi — дырэктар грамадскай арганiзацыi “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) Вiктар Фянчук, правяла тры тыднi ў студзенi—лютым 2007 года на паўночным усходзе Сенегала, шукаючы месцы зiмоўкi вяртлявай чаротаўкi — адной з найбольш рэдкiх птушак Еўропы. Ужо на чацвёрты дзень пошукаў экспедыцыя адкрыла вялiкую колькасць чаротавак на тэрыторыi прыкладна 100 квадратных кiламетраў у межах нацыянальнага парка Джудж, якi з'яўляецца тэрыторыяй, важнай для птушак. Па папярэднiх ацэнках, там зiмуюць 5—10 тысяч вяртлявых чаротавак.

Але шлях да гэтага поспеху быў даволi доўгiм. Па словах Вiктара Фянчука, каб вырашыць загадку месцаў зiмоўкi гэтай птушкi, на працягу пяцi гадоў даследчыкi з рабочай групы мiжнароднай прыродаахоўнай асацыяцыi “BirdLife International” па захаваннi вяртлявай чаротаўкi выкарыстоўвалi як высокатэхналагiчныя навуковыя метады, так i традыцыйныя метады працы “ў полi”. Каманда вучоных прааналiзавала радыеiзатопны састаў пер’яў вяртлявых чаротавак, якiя былi адлоўлены на месцах гнездавання ў Еўропе, каб зменшыць геаграфiю пошукаў. Атрыманыя даныя былi параўнаны з вядомымi ўжо картамi распаўсюджвання  iзатопаў у Заходняй Афрыцы i з радыеiзатопнымi параметрамi пер’яў афрыканскiх аседлых вiдаў птушак. Гэтыя даныя паказвалi, што вяртлявая чаротаўка зiмуе на тэрыторыях, якiя ляжаць адразу на поўдзень ад Сахары. Аналiз нешматлiкiх назiранняў чаротавак у Афрыцы разам з камп’ютэрным мадэляваннем патэнцыяльна падыходзячых па клiматычных умовах месцаў прывёў даследчыкаў на тэрыторыi ўздоўж ракi Сенегал.
— Значнасць адкрыцця месцаў зiмоўкi вяртлявай чаротаўкi цяжка пераацанiць, — адзначыў Вiктар Фянчук. — АПБ вядзе актыўную работу па захаваннi месцаў гнездавання вяртлявай чаротаўкi ў Беларусi, бо на нашых балотах жыве каля паловы папуляцыi гэтага рэдкага вiду. Падрыхтаваны планы кiравання буйнейшымi нiзiннымi балотамi — месцамi гнездавання вiду, выкананы працы па аднаўленнi натуральнага гiдралагiчнага рэжыму. Але ўся гэтая праца можа быць марнай без адпаведнай аховы месцаў зiмовак.
Гэта доўгачаканае адкрыццё дае натхненне для далейшай працы як даследчыкам з Еўропы, так i з Афрыкi, лiчыць каардынатар рабочай групы “BirdLife International” па афрыканскiх вiдах Поль К.Нданганга. Дзякуючы таму, што знойдзены дакладныя тэрыторыi, якiя з’яўляюцца важнымi для зiмоўкi чаротавак, можна пачынаць наступны крок — сфакусiраваць намаганнi на манiторынгу гэтых месцаў, каб быць упэўненымi, што гэтыя тэрыторыi адэкватна ахоўваюцца i ўпраўляюцца.
Удзельнiкi экспедыцыi адзначылi, што водна-балотныя ўгоддзi Заходняй Афрыкi зараз актыўна трансфармуюцца — iдуць работы па асушэннi азёр i балот для вырошчвання рысу, аднаго з асноўных прадуктаў харчавання мясцовага насельнiцтва. Таму толькi хуткi пошук астатнiх асноўных месцаў зiмоўкi вяртлявай чаротаўкi зможа гарантавана захаваць iх у натуральным стане.
Выдатна, што значная частка знойдзеных птушак зiмуе на ўжо ахоўваемай тэрыторыi — у нацыянальным парку Джудж. Па папярэднiх падлiках, на яго тэрыторыi можа зiмаваць да трэцяй часткi ўсёй сусветнай папуляцыi вяртлявай чаротаўкi. Але i гэтаму балоту, якое знаходзiцца на паўднёвым ускрайку Сахары, пагражае знiшчэнне праз пашырэнне пустынных тэрыторый на поўдзень з-за клiматычных змяненняў.
— Поспех экспедыцыi натхняе на далейшую працу, — падкрэслiў Вiктар Фянчук. — Па матэрыялах батанiчных даследаванняў месцаў зiмоўкi запланавана правядзенне аналiзу спадарожнiкавых здымкаў Заходняй Афрыкі. Гэта дапаможа знайсцi iншыя патэнцыяльныя месцы зiмоўкi вяртлявых чаротавак у Паўднёвай Маўрытанii i краiнах Заходняй Афрыкi з мэтай забеспячэння iх надзейнай аховы.
За апошняе стагоддзе колькасць вяртлявай чаротаўкi драматычна зменшылася — зараз уся сусветная папуляцыя ацэньваецца ў 15 тысяч пар. Яе скарачэнне адбылося галоўным чынам з-за асушэння нiзiнных балот — месцаў гнездавання гэтай птушкi. Па ацэнках навукоўцаў, за стогадовы перыяд плошча такiх балот зменшылася на 95 працэнтаў. У Беларусi гняздуе прыкладна 60 працэнтаў сусветнай папуляцыi вiду.

 Арнiтолаг Iндэга Бiнда з нацыянальнага парку Джудж трымае ў руках адну з вяртлявых чаротавак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter