Хоць АЭС яшчэ толькі будуецца, жадаючых азнаёміцца з ёй нямала

На АЭС сакрэтаў няма

У Гродзенскай вобласці нямала адметных месцаў для турыстаў. Нядаўна ў іх ліку з’явіўся незвычайны аб’ект — Беларуская атамная электрастанцыя.
Хоць АЭС яшчэ толькі будуецца, жадаючых азнаёміцца з ёй нямала. Толькі сёлета тут пабывала каля 1300 студэнтаў і школьнікаў з розных месцаў Беларусі, адпачывальнікаў з навакольных санаторыяў, у тым ліку расіян, членаў грамадскіх суполак, журналістаў. На арганізацыі такіх тураў спецыялізуюцца некаторыя экскурсійныя бюро. На станцыі такой цікавасці рады і ва ўсім аказваюць гасцям садзеянне. Бо максімальная адкрытасць для грамадскасці — адзін з краевугольных камянёў дзейнасці расійскай карпарацыі “Расатам”, якая з’яўляецца падрадчыкам будаўніцтва Беларускай АЭС.



Цікавасць да станцыі тым больш апраўдана, што праз некалькі гадоў гэты высокатэхналагічны аб’ект, які і цяпер добра ахоўваецца, па зразумелых прычынах стане маладаступным для старонніх. Так што, пакуль ёсць магчымасць, агледзець ход будаўніцтва АЭС вырашыў і аўтар гэтых радкоў. Аб тым, што набліжаешся да чагосьці грандыёзнага, разумееш ужо за шмат кіламетраў ад горада Астравец, непадалёк ад якога ўзводзіцца маштабны энергетычны аб’ект. Вось на скрыжаванні пазаштатных раней аўтамабільных дарог з’явілася суперсучасная развязка. Адно з яе адгалінаванняў выводзіць на нядаўна заасфальтаваную трасу, якая ідзе напрасткі да АЭС. І вось ужо мы на самой будоўлі, роўных якой у Беларусі няма. Калі паглядзець з вышыні птушынага палёту, то гэта квадрат памерам кіламетр на кіламетр, густа насычаны катлаванамі і дарогамі, цэхамі, ангарамі, пляцоўкамі для захоўвання матэрыялаў і агрэгатаў. А галоўнае, карпусамі першага і другога энергаблокаў, якія ўжо вырысоўваюцца.

У першую чаргу цікавіла, наколькі бяспечным будзе ядзернае сэрца Беларусі. У пошуках адказу мы апынуліся на вытворчай базе — заводзе па будаванні АЭС, як часам жартуюць будаўнікі. Цяпер тут асабліва адказны момант — ідзе выраб буйных элементаў унутранай і знешняй абалонак рэактарнага цэха. Гатовы вузел, перш чым патрапіць на будпляцоўку, падвяргаецца антыкаразійнай апрацоўцы, каб служыў вякі. Намеснік генеральнага дырэктара АЭС па капітальным будаўніцтве Андрэй Баркун тлумачыць: 

— Узбуйнены мантаж ахоўных абалонак дае магчымасць значна скараціць тэрміны будаўніцтва і забяспечыць высокую якасць. Бо выраб элементаў вя­дзецца пад дахам, у камфортных, можна сказаць, умовах. На будпляцоўцы іх трэба сабраць у адзіную канструкцыю і заліць звышмоцным бетонам. Унутраную абалонку таўшчынёй 120 сантыметраў і знешнюю таўшчынёй 80. Гэтая тэхналогія добра адпрацавана яшчэ ў савецкія часы і сёння шырока прымяняецца на ўзвядзенні Новаваронежскай АЭС, дзе будуць устаноўлены такія ж энергаблокі ВВЭР-1200, як у нас. 



І вось мы непасрэдна на будпляцоўцы, дзе з узбуйненых элементаў збіраецца “ўціхамірвальная кашуля” для ядзер­нага рэактара першага энергаблока. Знаходзімся на адзнацы мінус 5 — гэта значыць у будучыні на столькі давядзецца падняць навакольную тэрыторыю да нулявога ўзроўню. Сам жа корпус рэактарнага цэха павінен адносна яго падняцца да канца гэтага года на 20 метраў, да канца наступнага — на 44 метры. У нетрах гэтага калодзежа са сталі і бетону зманціравана так званая пастка расплаву — вялізная таўста­сценная “каструля”, якая ў выключным выпадку ўбярэ расплаўленае ядзернае паліва ды іншыя радыеактыўныя элементы. Гэта — адна з адметных рыс расійскага праекта АЭС-2006 катэгорыі 3+, па прызнанні міжнародных экспертаў, які мае самы поўны набор актыўных і пасіўных мер бяспекі. Побач паднімаюцца з зямлі арматурныя стрыжні рэактарнага цэха другога энергаблока. Для ўзвядзення гэтых збудаванняў на будпляцоўцы нядаўна ўстанавілі буйнейшы ў Беларусі пад’ёмны кран “Лібхер” на гусенічным ходзе. Ён здольны падняць ашаламляльную вагу — 1350 тон. Спрабуючы разгледзець верхавіну стралы пад’ёмнага крана-гіганта, задзіраю галаву так, што каска ўпала. Якой жа вышыні механізм?! Андрэй Баркун падлічвае:

— Вышыня рэактарнага цэха складзе 76 метраў ды плюс усё астатняе — не менш за 90 метраў атрымліваецца. 

У складанай канструкцыі энерга­блока ёсць яшчэ адна немалаважная хітрасць — скрозь цела ахоўных абалонак пракладзеныя каналы, па якіх пройдуць трывалыя сталёвыя канаты. Яны сціснуць масіўнае жалезабетоннае збудаванне і зробяць яго яшчэ больш надзейным. Каб нават у самым непрадбачаным выпадку прадукты ядзернай рэакцыі не вырваліся наверх. Давяраць стварэнне такога папярэдняга нацяжэння можна толькі прафесіяналам вышэйшай пробы — на будаўніцтве Беларускай АЭС гэтым займаецца вядомая французкая фірма.

А мы ўжо рухаемся далей да месца, дзе майструюцца дзве градзірні вышынёй 167 метраў кожная — гэта будуць, напэўна, самыя высокія пабудовы станцыі. Апусцім тэхнічныя падрабязнасці, у якія нас па дарозе спрабавалі пасвяціць суправаджальнікі — адолець тую інфармацыю не кожнаму пад сілу. Стала зразумела толькі, што патрэбны гіганцкія пабудовы для ахалоджвання вады, якая прымяняецца на станцыі, і браць яе будуць з ракі Віліі, на якой у суседняй Літве стаіць сталічны Вільнюс. Цікаўлюся ў Андрэя Баркуна, ці не панясуць страты жыхары стара­жытнага горада?

— Ні ў якім разе! — запэўнівае ён. — Буйнейшы ў Беларусі НДІ водных рэсурсаў правёў даследаванне, і аказалася, што з Віліі без шкоды для яе можна браць ваду для ахалоджвання нават васьмі такіх энергаблокаў, як у нас, а будзе іх толькі два. Да таго ж на станцыі будзе замкнёны цыкл вода­звароту. Гэта рэзка скароціць расход вады і прадухіліць яе вяртанне пасля выкарыстання ў раку.
Ці так усё гэта — стане зразумела ўжо адносна хутка. Па прагнозе, першы энергаблок павінен уступіць у строй ужо праз чатыры гады, другі — у 2020 годзе. Узвядзенне асноўных аб’ектаў ідзе па графіку або нават з некаторым апярэджаннем. Практычна цалкам заказана ў расійскіх пастаўшчыкоў абсталяванне з працяглым цыклам вырабу, і амаль 20 працэнтаў яго ўжо паступіла на будпляцоўку. Кожны месяц 3200 рабочых і спецыялістаў высокай кваліфікацыі выконваюць работы ў сярэднім на 60 мільёнаў долараў. Ніводная іншая будоўля Беларусі не ведае такіх высокіх тэмпаў!

Цяпер пара падумаць аб фарміраванні калектыву, якому будзе даверана кіраваць ядзерным працэсам. У буду­чыні на станцыі павінны працаваць 2300 рабочых і спецыялістаў. Ці хопіць ім ведаў і досведу, каб кіраваць найскладанейшым абсталяваннем? Намеснік галоўнага інжынера станцыі Уладзімір Горын лічыць, што праблем не будзе:

— Мы ўжо залічылі ў штат будучай АЭС амаль 400 чалавек. Многія з іх маюць досвед работы на атамных электрастанцыях Расіі, Украіны, Літвы. Акрамя таго, чатыры вядучыя беларускія ВНУ разгарнулі падрыхтоўку спецыялістаў ядзерна-энергетычнага профілю. Толькі сёлета мы прынялі на работу 20 маладых спецыялістаў — выпускнікоў адпаведных факультэтаў. Многія з іх, дарэчы, падчас вучобы прайшлі стажыроўку на дзеючых расійскіх АЭС. Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб тым, што яшчэ 600 нашых работнікаў 45 важнейшых спецыяльнасцяў пройдуць там падрыхтоўку і перападрыхтоўку. Так што сплаў маладосці, досведу і ведаў будзе забяспечаны. Для калектыву будучай станцыі ў Астраўцы поўным ходам будуюцца два сучасныя жылыя мікрараёны.

У хуткім часе прымуць першых дзетак новыя школа і дзіцячы сад, а пакупнікоў — гіпермаркет.
Гэтыя словы тым больш выклікаюць давер, што і сам Уладзімір Горын мае вялікі досвед кіруючай работы на адной з расійскіх АЭС, а Дзмітрый Баркун удзельнічаў ва ўзвядзенні атамнай электрастанцыі ў іранскім Бушэры. І такіх спецыялістаў на Беларускай АЭС ужо нямала. Шмат у чым дзякуючы іх высокаму прафесіяналізму будаўніцтва станцыі кіраўнік “Расатама” Сяргей Кірыенка не раз называў узорным. У Астравец прыязджалі высокапастаўленыя дэлегацыі з краін, якія прыглядаюцца да расійскіх ядзерных рэактараў ВВЭР новага тыпу. Дарэчы, нядаўна рашэнне аб узвядзенні АЭС “Пакш-2” па расійскім праекце прыняла Венгрыя — фактычна гэта будзе двайнік Беларускай АЭС. 

Уладзімір Якаўлеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter