На адказнай ніве ведаў

На Віцебшчыне  налічваецца 694 агульна-адукацыйныя школы, у тым ліку 186 базавых, 397 сярэдніх і 92 пачатковыя

Як ніводная з абласцей, Віцебшчына адметная вялікай колькасцю вёсак і малых населеных пунктаў – іх больш за шэсць з паловай тысяч. Нават  Міншчына ў гэтым уступае поўначы, а суседняя Магілёўшчына мае амаль удвая менш  вясковай інфраструктуры. 

Як праінфармаваў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкома Іван Шчурок,  на Віцебшчыне  налічваецца 694 агульна-адукацыйныя школы, у тым ліку 186 базавых, 397 сярэдніх і 92 пачатковыя. Сваю спецыфіку маюць 21 інтэрнатная ўстанова, 183 установы школа-сад, паўтара дзесятка гімназій... 

Аднак нельга закрываць вочы на тое, што дэмаграфічная сітуацыя як у  краіне ў цэлым, так і на Віцебшчыне не самая спрыяльная. Толькі сёлета  на поў-начы давялося закрыць 11 пачатковых і 9 базавых школ.  Скарачаецца не толькі  маладое, але  і старое насельніцтва. А гэта вострыя праблемы забеспячэння працаўладкавання  педагагічных кадраў, вырашэнне пытанняў падвозу дзяцей з малых і аддаленых вёсак  у цэнтральныя сядзібы і пасёлкі. 

Вось чаму ў адпаведнасці з абласной праграмай “Школьны аўтобус” толькі летась сістэма адукацыі набыла 24 такія транспартныя сродкі. На грошы з абласнога бюджэту куплены 22 школьныя аўтобусы на суму адзін мільярд 121 мільён рублёў. Да пачатку новага навучальнага года  для падвозу вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак гэты парк папоўніцца яшчэ на 25 машын. Толькі за апошнія тры гады за бюджэтныя сродкі Віцебшчына папоўнілася 97 школьнымі аўтобусамі. Сэнс такой акцыі: калі школа размешчана на адлегласці трох і болей кіламетраў, дзеці павінны абавязкова падвозіцца — у любое надвор’е і любы сезон. 

Прыемнай навіной да новага навучальнага года варта лічыць і тое, што са сродкаў абласнога бюджэту закуплены 22 камп’ютэрныя класы і 32 персанальныя камп’ютэры. Створана і дзейнічае сістэма сацыяльнай абароны дзяцей. Яна ўключае 27 сектараў аховы дзяцінства ў аддзелах  адукацыі, 25 дзіцячых сацыяльных прытулкаў, 4 сацыяльна-педагагічныя цэнтры, 23 цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабі-літацыі. Ды і настаўніцкі корпус Прыдзвінскага краю да новага верасня папоўніў-ся на 624 маладыя спецыялісты-прадметнікі, у тым ліку 224 – па мэтавым накіраванні. Прыемна, што сёлета поўнасцю вырашана праблема з “иностранцами”, як называюць у школах выкладчыкаў замежных моў. Раней  іх не хапала, асабліва ў сельскай мясцовасці. 

Лічбаў і фактаў  прагучала намнога болей, чым магчыма адлюстраваць у кароткай справаздачы. Але адзін з іх ніяк нельга абысці ўвагай: прэстыж настаўніцкай прафесіі павялічыўся. На пытанне карэспандэнта “Р” аб суадносінах колькасці  мужчын і жанчын на гэтай адказнай ніве Іван Шчурок са смуткам зазначыў, што пакуль прапорцыя не на карысць моцнага полу. І трэба сур’ёзная дзяржаўная падтрымка, каб  заахвоціць мужчын для служэння на педагагічнай ніве. 

Якім чынам? Настаўнікі Каменскай сярэдняй школы Лепельскага раёна  якраз узнялі такую праблему. Каб не трапіць у разрад людзей “другога сорту” пры размеркаванні жылля ў ствараемым аграгарадку. У лепшым выпадку педагогі атрымліваюць жыл-плошчу з так званага падменнага фонду. Але там, дзе мясцовая ўлада, кіраўнікі АПК вызначаюцца  мудрасцю і дальнабачнасцю, яны ставяць настаўнікаў у адзін рад з аграномамі, заатэхнікамі, іншымі спецыялістамі сельгасвытворчасці. І  размяркоў-ваюць выгоды інфраструктуры згодна з прынцыпам сацыяльнай справядлівасці. Можна не сумнявацца, што пры такіх адносінах настаўніцкі корпус не толькі замацуецца на адным месцы, але і аддзячыць падрыхтоўкай годнай змены для служэння на зямлі бацькоў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter