Ніжэй узроўню асфальту

Скажу шчыра, быў прыемна здзіўлены, калі на другім канцы тэлефоннага проваду пачуў фразу кшталту: “У мэтах паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва вядзецца запіс размовы”...

Скажу шчыра, быў прыемна здзіўлены, калі на другім канцы тэлефоннага проваду пачуў фразу кшталту: “У мэтах паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва вядзецца запіс размовы”. Вось да чаго дайшоў прагрэс. Нават ЖЭСы дазваляюць сабе такую раскошу. Гэта вельмі добра. І зразумела чаму. Вядома ж, сюды тэлефануюць шмат людзей, і ўсе яны розныя. Каб не было пытанняў у далейшым і каб выявіць, хто вінаваты, а хто — не, на дапамогу прыйшла сучасная тэхніка.


А справа тычылася звычайнай каналізацыйнай накрыўкі, якая неспадзеўкі раптам правалілася ў асфальт на добрых сантыметраў пятнаццаць. Відавочная небяспека і для людзей, і для аўтамабіляў. Карацей кажучы, пасля тэлефанавання я супакоіўся і стаў чакаць вынікаў размовы, запісанай на стужку. Божа мой, якая гэта была наіўнасць. Прайшоў дзень, другі, тыдзень, месяц... І зрухаў — аніякіх. Трэба ўдакладніць, што размова адбылася яшчэ восенню мінулага года. Час бег непрыкметна. Як заўжды, “нечакана” надышла зіма. І актуальнасць пытання адышла на другі план. Хто ж халадэчай будзе займацца рамонтам? Зразумела, ніхто. Але сцюдзёныя дні адышлі ў нябыт, і пытанне якое ўзнікла даволі даўно, стала зноўку надзённым.

Яшчэ раз тэлефаную па знаёмым нумары. Уражанне ад аўтаадказчыка ўжо не такое ўзнёслае. “Паляпшэнне якасці абслугоўвання” вымушае  жадаць лепшага, як мы бачым. Дыспетчар, выслухаўшы скаргу, паведаміла, што ўпершыню пра гэта чуе. Не было сэнсу напамінаць, што размова аб праблеме адбылася не першы раз. Хто ж паўгода будзе захоўваць запісы размовы, калі толькі яны сапраўды вяліся на самай справе? Тым не менш я праявіў упартасць і вырашыў, як кажуць, крочыць да канца.

— Дык хто, урэшце рэшт, адказвае за гэтую накрыўку?

— Тэлефануйце галоўнаму інжынеру, — быў адказ.

Мы людзі не гордыя, капялюш не ўпадзе. Адразу зазначу: шчаслівы той чалавек, якому ўдалося дазваніцца да кіраўніка такога ўзроўню. Але я не адносіўся да іх ліку. Маю на ўвазе не толькі канкрэтны ЖЭС. Сакратарка галоўнага інжынера паведаміла, што яго зараз няма на месцы і калі будзе — невядома. Сітуацыя прадказальная і добра знаёмая. Праз два дні тэлефаную зноў. А нічога не змянілася. Адказнай асобы зноў няма на месцы. Усё па-чалавечы зразумела: ёсць справы, найбольш надзённыя і яшчэ больш важныя. І толькі на трэці раз, ці праявіўшы спагаду, ці пазнаўшы мой голас, сакратарка вырашыла даведацца, у чым, уласна кажучы, справа? Аказалася, што гады два таму на гэтай тэрыторыі меў месца рамонт. І толькі менавіта галоўны інжынер валодае інфармацыяй, якая канкрэтная арганізацыя яго рабіла і павінна за сабой выправіць свае хібы. Нават паведаміла, унікшы ў сітуацыю, прамы тэлефонны нумар азначанай асобы. Але, як вы ўжо, мабыць, здагадаліся, наступныя тэлефанаванні не прынеслі плёну. Апарат упарта маўчаў.

Уявіце сітуацыю, што менавіта такая ж чыгунная накрыўка правалілася на шашы. У лепшым выпадку будуць пашкоджаны колы і падвеска легкавіка і кіроўца абзавядзецца добрым гузаком, які ён абавязкова атрымае, калі ўласнай галавою будзе выбіваць пярэдняе шкло свайго ж аўто. Можна толькі ўявіць, які падымецца гвалт у гэтым выпадку і колькі страхавых патрабаванняў атрымаюць дарожныя службы, якія ў адказе за той ці іншы ўчастак шашы. А якая, уласна кажучы, розніца, дзе праваліўся каналізацыйны калодзеж? Парадак павінен быць усюды, без выключэння.

Мікалай ДУБОВІК
dubovik@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter