Савет Бяспекі ААН аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая ўхваляе венскія дамоўленасці па іранскай ядзернай праграме

Ініцыятывы

Сярод прыкметных падзей вызначаюцца некалькі. Савет Бяспекі ААН аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая ўхваляе венскія дамоўленасці па іранскай ядзернай праграме: было пацверджана, што праз 90 дзён распачнецца працэс па зняцці санкцый з Ірана.

Скончылася яшчэ адна эпоха палітычнага і эканамічнага супрацьстаяння — праз 54 гады аднавіліся дыпадносіны Кубы і ЗША. Днямі, без асаблівых цырымоній, кубінскі сцяг быў усталяваны ў будынку амерыканскага Дзярждэпа.

Апроч таго, у крызісных зонах свету асобныя суб’екты міжнароднага права пакуль не могуць знайсці паміж сабой агульную мову. Афіцыйны Пхеньян, спасылаючыся “на варожую палітыку” паўднёвага суседа, адхіліў прапанову Сеула аб двухбаковых перамовах.

У кітайскім Шанхаі пачаў сваю работу Банк развіцця БРІКС. Галоўная задача гэтай уплывовай банкаўскай установы — фінансаванне інфраструктурных праектаў у дзяржавах БРІКС (Расія, Кітай, Індыя, Бразілія і ЮАР) і краінах, якія развіваюцца.

Еўрасаюз зацвердзіў план па размеркаванні на працягу двух гадоў

54 тысяч нелегальных мігрантаў. Цяпер 32 256 чалавек знаходзяцца на тэрыторыях Італіі і Грэцыі, яшчэ

22 504 — у лагерах на мяжы з Сірыяй.

Аб украінскіх падзеях. Вярхоўная Рада прызначыла чарговыя мясцовыя выбары ва Украіне на 25 кастрычніка. Прычым, выбарчая кампанія ў непадпарадкаваных Кіеву ЛНР і ДНР, а таксама ў Крыме і Севастопалі не будзе праводзіцца. На тых тэрыторыях, дзе ў гэты дзень выбары не пройдуць, парламент прызначыць іх на іншую дату. Абавязковыя ўмовы — спыненне баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе і “раззбраенне ўсіх незаконных вайсковых фарміраванняў”.

Наша краіна прайшла чарговы этап падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў восем ініцыятыўных груп. У адпаведным спісе прозвішчы: дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, старшыні партыі левых “Справядлівы мір” Сяргея Калякіна, кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Сяргея Гайдукевіча, актывісткі кампаніі “Гавары праўду” Таццяны Караткевіч, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі, вярхоўнага атамана беларускіх казакоў Мікалая Улаховіча, настаўніцы з Брэста Жаны Раманоўскай і эканаміста Віктара Цярэшчанкі.

Цяпер збор подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кожнага кандыдата, а па закону гэта сто тысяч, члены ініцыятыўных груп могуць праводзіць з 23 ліпеня да 21 жніўня ўключна.

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Пажывём — пабачым!

Сустрэнемся пазней...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter