Ні лускі, ні хваста

У Добрушы адбыўся раённы чэмпіянат па зімовай рыбнай лоўлі

Здаровы лад жыцця — надзейны сродак ад фізічнай і маральнай немачы.

Гэту ісціну пацвердзіў раённы чэмпіянат па зімовай рыбнай лоўлі, які ўпершыню адбыўся ў Добрушы на рацэ Іпуць. На такую вялікую колькасць удзельнікаў мерапрыемства не разлічвалі нават самі арганізатары — аддзелы фізкультуры, спорту і турызму, па справах моладзі, культуры Добрушскага райвыканкама, раённае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, райкам прафсаюза работнікаў АПК. Між тым паспаборнічаць у рыбалоўнай справе прыбыла ў райцэнтр у вызначаны час 21 каманда з Добрушскага раёна, суседняй Веткі, абласнога цэнтра, добрага ўлову якім пажадаў намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама Уладзімір Емяльянаў.

Меркаванне, што зімовая рыбалка чыста мужчынскі занятак, абвергла ў гэты дзень адзіная з удзельніц — прадстаўніц прыгожага полу, член каманды Добрушскага фарфоравага завода Надзея Пастухова, якая разам з рыбаловамі-мужчынамі трапіла ў лік прызёраў чэмпіянату.

— Любоў да лоўлі рыбы ў мяне, так сказаць, спадчынная, — раскрывае сакрэт рыбачка. — Дзед быў рыбаловам, любіў гэту справу і мой бацька. Я ж з самага дзяцінства ездзіла з імі за рачнымі трафеямі...

І вось спаборніцтва завершана, улоў — на вагі. За справу бяруцца суддзі і абвяшчаюць пераможцу — каманду членаў Веткаўскай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, улоў якіх пацягнуў на 1300 грамаў. У тройцы мацнейшых — рыбаловы з добрушскай ПМК-95 і фарфоравага завода. Шчаслівым аказаўся добрушскі лёд для «індывідуалаў» Аляксандра Прышчэпенкі з Веткі, дабрушан Аляксандра Дубаўцова з фарфоравага завода і будаўніка ПМК-95 Аляксандра Малаева. Дарэчы, апошні выцягнуў язя вагой 312 грамаў.

...Прыемны настрой удзельнікаў свята пасля ўручэння ўзнагарод пераможцам быў падмацаваны наварыстай юшкай і духмянай гарбатай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter