«Нічыйныя сядзібы» – тэст для адказных чыноўнікаў

Нядаўна давялося назіраць у адным з раёнаў такі малюнак: экскаватар выкапаў ля пакінутага занядбанага вясковага дома вялікі катлаван, скінуў у яго хаціну, закідаў зверху зямлёй і акуратненька разраўняў

Чысценька, гладзенька, як і не было тут ніколі нічога. Навялі парадак!

Здавалася б, можна толькі пахваліць падобных «вынаходнікаў». Аднак давайце паглядзім на гэту з’яву з іншага боку. Экскаватар быў задзейнічаны на гэтай аперацыі цэлы дзень. Колькі гаручага пайшло?! І механізатару яшчэ трэба заплаціць. І калі ўжо гаварыць аб навядзенні парадку на зямлі, ці не лепш было б скарыстаць той экскаватар на пракладцы каналаў ці іншай меліярацыйнай рабоце?

А ўзяць той жа дом. Няўжо яму не магло знайсціся іншага прымянення? Станоўчыя прыклады ёсць. Узяць ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс». Яго дырэктар Мікалай Шульгат, чалавек заслужаны і гаспадарлівы, стварыў спецыяльны атрад па выкананню рэгіянальнай праграмы «Чыстыя палі». За год ён вяртае да жыцця па 100 і больш гектараў зямлі. Надараецца зносіць і пакінутыя трухлявыя нічыйныя сядзібы. Але ён не закопвае іх, а разбірае на дровы і вязе на фермы і мехдвары для ацяплення неабходных памяшканняў.

Аднак справа не толькі ў паўразбураных дамах. У нас жа як? Калі пачынаецца якая-небудзь кампанія, то імкнуцца як найлепш даць справаздачу красамоўнымі лічбамі. І чым яны большыя, тым лепш. І таму нярэдка разам з нехлямяжымі хацінамі знікаюць з твару зямлі і яшчэ даволі моцныя. Словам, стрыгуць пад адзін грэбень. А гэта ўжо зусім не па-гаспадарску.

Там, дзе ёсць творчыя і адказныя людзі, сітуацыя зусім іншая. Мы ўжо пра старасту вёскі Старыя Шарабаі Глыбоцкага раёна Ганну Новік. Дзякуючы яе намаганням адшукваюцца гаспадары пакінутых сядзіб, вяртаюцца дзеці, унукі і жывуць у дамах бацькоў, будуюцца.

Юлія Бука з Пліскага сельскага Савета таго ж Глыбоцкага раёна набыла ў вёсцы Валодзькава пакінуты дом для аграэкатурызму. Цікава тое, што зімою, калі адпачываючых мала, яна прытуляе ў гэтым доме адзінокіх старых, бо не кожны жадае ехаць у бальніцы сястрынскага догляду і іншыя падобныя дзяржаўныя ўстановы.

У Шаркоўшчынскім раёне ў пакінутых сядзібах аддаленых вёсак зрабілі дамы сацыяльных паслуг. Іх сёння — 13. У яго ў вызначаны час прыязджае ўрач, работнікі бытоўкі. А яшчэ — людзі проста збіраюцца, каб пачакаць тую ж аўталаўку. Не сакрэт, што сёння стацыянарныя магазіны ёсць пераважна толькі ў аграгарадках. Астатнія вёскі абслугоўваюць крамы на колах. Графік у іх напружаны. За дзень трэба аб’ехаць па некалькі дзясяткаў кропак. Як ні старайся, а не заўсёды можна ўкласціся ў графік. Таму даводзіцца людзям, пераважна вельмі сталага ўзросту, чакаць, бывае, па гадзіне і больш. Добра, летам — цёпла. А зімою? Вось і выручае Дом сацыяльных паслуг!

Сёння ў многіх сельскіх Саветах дэпутатаў можна пачуць скаргі на невялікую наяўнасць грошай у бюджэце. А вось у Лынтупскім пасялковым Савеце Пастаўскага раёна з гэтай праблемай разабраліся проста: выставілі пакінутыя зямельныя ўчасткі ў вёсках на аўкцыён. У асобныя гады выручалі да 100 мільёнаў рублёў.

І напрыканцы хочацца звярнуцца да самой праблемы: чаму ў нас столькі пакінутых дамоў? Справа яшчэ і ў тым, што не ўсе гаспадары аформілі ў свой час тэхнічны пашпарт. Ды і не ў «модзе» год 20—30 таму назад гэта было. Людзі пайшлі ўжо з жыцця. Іх дзеці, унукі — у горадзе. Каб аформіць бацькоўскі дом і зямельны ўчастак, трэба прайсці цэлы шэраг інстанцый: сельскі Савет, архіў, натарыуса, бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Па-першае, гэта клопаты і час. Па-другое, немалыя грошы. Многія нашчадкі пасля азнаямлення з такой складанай «шматступеньчатай» працэдурай адмаўляюцца ад уладання.

Сёння пакінуты вялікі мураваны дзяржаўны будынак можна без асаблівых праблем набыць за адну базавую велічыню. А фактычна сваю ўласнасць патрэбна даказваць ледзь не ў судзе і плаціць далёка не адну базавую. Ці правільна гэта?

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter