Навучанне без каракуляў. Беларусы зрабілі праграму для выканання хатняга задання дзецьмі з ДЦП

Мышка ўсемагутная

Мінскі студэнт распрацаваў партал, які дазваляе эфектыўна вучыцца дзецям з ДЦП.

Катаўся на сноўбордзе, упаў, апрытомнеў — гіпс. Ды не толькi гiпс, але і стартап. Першакурснік БДУІР Дзмітрый Кузьміч яшчэ год таму ўявіць сабе не мог, што ў бальнічнай палаце ў яго народзіцца ідэя стварэння адукацыйнага партала. Рэсурс такі ўжо даўно неабходны тысячам дзяцей з парушэннем дробнай маторыкі. Scrawlless — так называецца дзецішча 18-гадовага распрацоўшчыка і яго каманды. Што ў праекце асаблівага і чаму менавіта з ім каманда прайшла ў фінал міжнароднага конкурсу Microsoft — Imagine Cup 2017, даведалася карэспандэнт «Р». 


Хацеў ідэю? Атрымай!

Задумка партала, назва якога літаральна з англійскай мовы перакладаецца як «Без каракуль», з’явілася з год таму. У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Дзіма трапляў двойчы: калі зламаў нагу і пасля таго, як яна няправільна зраслася. Паўторная шпiталiзацыя стала лёсавызначальнай, бо менавіта тады ён апынуўся ў палаце, у якой пазнаёміўся з 12-гадовым Мікітам, які хварэе на дзіцячы цэрэбральны параліч (ДЦП).

— Мікіта вельмі доўга рабіў хатняе заданне — у яго слаба развітая маторыка рук, таму мне прыходзілася чакаць, каб пагуляць з iм. Хлопчыку ўвесь час дапамагала мама, — успамінае Дзiма, як усё пачыналася. — Я ж тады толькі паступіў у БДУІР. Мне ўсё хацелася праграміраваць: дайце толькі ідэю! І вось гляджу, Мікіта, які спрабуе зрабіць заданне па матэматыцы ў звычайным тэкставым рэдактары на камп’ютары, не можа знайсці, дзе значкі памножыць, падзяліць, не ведае, як там палічыць у слупок... Аказалася, у яго заўсёды шмат сіл ішло на тое, каб знайсці патрэбную кнопку. Я хутка вырашыў зрабіць такую экранную праграму-клавіятуру, у якой ён змог бы лягчэй знаходзіць значкі і самастойна ўсё выконваць — без маці.


З ідэяй Дзіма пайшоў на майстар-класы ў школу «Лідар», дзе і сфарміравалася каманда распрацоўшчыкаў. Зараз у праекце Scrawlless чатыры чалавекі: траюрадны брат Дзімы Дзяніс Глебаў, таксама студэнт БДУІР, аднагрупніца Алёна Пашкевіч і яго дзяўчына Яўгенія Краўчанка, студэнтка БНТУ. Кожны з іх у працы над парталам выконвае сваю функцыю. Дзіма — front-end-распрацоўшчык, Дзяніс займаецца сервернай часткай партала, Алёна — метадыст, які сядзіць крукам над падручнікамі і кажа, якія функцыі трэба ўнесці ў праграму, каб дзецям было камфортна займацца школьнымі заданнямі, а Жэня — маркетолаг. Кожны з іх дапаўняе адзін аднаго.

Дакладныя навукі

У працэсе працы каманда зразумела, што асноўная праблема пры выкананні хатняга задання ў дзяцей з ДЦП менавіта ў матэматыцы. Як ім будаваць чарцяжы, як рашаць у слупок без дапамогі бацькоў і наогул без калькулятара ў звычайным вордаўскім файле? З мінімальнымі напрацоўкамi партала з клавіятурай каманда «Без каракуль» адправілася на форум «PR-кветка».

— Я выпадкова ўбачыла рэкламу форуму ў метро і вырашыла проста з Дзімам схадзіць паслухаць пра іншыя праекты, але ён сказаў: «Навошта? У нас ёсць праект — трэба ўдзельнічаць», — пачынае аповед у парку Горкага ў Мінску 18-гадовая маркетолаг праекта Яўгенія Краўчанка, разам з ёй — метадыст Алёна Пашкевіч. — Там нас заўважылі — занялі першае месца ў секцыі «Стартап».

Пасля быў удзел у конкурсе Social Weekend, дзякуючы якому каманда дасягнула прафесіяналізму ў працы з праектам, а таксама былі канчаткова сфарміраваныя асноўныя аспекты — мэты, задачы, план прасоўвання. А потым — конкурс Microsoft — Imagine Cup 2017. У ім яны прайшлі рэс-публiканскi адбор, паўфінал конкурсу СНД, які праходзіў у Кіеве, і вось-вось адправяцца ў Сіэтл на фінал, дзе будуць прадстаўлены лепшыя 50 праектаў з усяго свету.

— Пакуль на партал зайсці нельга — рыхтуемся да Сіэтла і дапрацоўваем усе модулі, раздзелы матэматыкі і геаметрыі беларускай і амерыканскай школьных праграм, — тлумачыць Алена, чаму сайт scrawlless.org пакуль недаступны. — У будучыні спадзяёмся дадаць іншыя прадметы, напрыклад фізіку або хімію, у якіх патрабуецца праца з нелінейнымі ўраўненнямі.

— Заходзячы на партал, трэба будзе зарэгістравацца і прыступаць, як у сшытку, да выканання задання. Пасля можна адправіць працу свайму настаўніку, і ён таксама на партале зможа праверыць хатняе заданне і паставіць адзнаку, там жа будзе магчымасць нешта падкрэсліць, закрэсліць і гэтак далей, — дадае Яўгенія. — Па сутнасці, партал замяняе ручкі і сшыткі абодвум бакам. І пры гэтым дзеці выконваюць хатняе заданне без праблем, а настаўнікі з лёгкасцю зразумеюць напісанае і змогуць паправіць вучня.

Аднімаць і памнажаць

А ці няма мінусаў у тым, што дзеці, у якіх ёсць праблемы з дробнай маторыкай, націскаючы проста на патрэбную клавішу, так і не змогуць з-за партала палепшыць валоданне кiсцю рукi? Як жа развіццё маторыкі?

— У Кіеве на конкурсе прысутнічаў нейрахірург, які задаў нам тое ж пытанне, — апярэджвае адказ Дзіма Кузьміч. — Сутнасць партала не развіць маторыку, а даць дзецям магчымасць усе намаганні падчас вучобы сканцэнтраваць на зададзеным матэрыяле і яго прапрацоўцы. Хатняе заданне дзеці робяць некалькі гадзін — гэты час не сыграе вырашальную ролю ў развіцці маторыкі. Для апошняй ёсць свае практыкаванні, методыкі і ў рэшце рэшт урачы. Наша мэта — дзеці павінны атрымаць добрую адукацыю.


Дзіма прыводзіць прыклад: калі толькі ў самым пачатку на сайце яны зрабілі раздзелы матэматыкі з першага да шостага класа, яны прапанавалі таму самаму Мікіту рашыць задачку ў слупок. Мама Мікіты, як і сам хлопчык, была цвёрда ўпэўненая, што ён гэта можа зрабіць без чыёй-небудзь дапамогі. На справе аказалася, што толькі на партале ён сапраўды сам змог гэта зрабіць, а вось да гэтага ўсё за яго рабіла маці: лініямі слупок паказвала і што на што памножыць, пытала, чаму раўняецца. На партале ж перад вачыма Мікіты быў слупок, ён ставіў лічбы ў яго і сам лічыў, выводзячы адказ.

Няспячыя ў Сіэтле

Дарэчы, засталося зусім нямнога, і ўсе змогуць выпрабаваць дзеянне партала. Старт плануецца на верасень гэтага года. Ці будзе Scrawlless бясплатным для ўсіх? Пакуль — так, пасля хлопцы хацелі б, каб доступ да пэўных функцый партала быў за невялікую платную падпіску.

— На адным з конкурсаў нам заявілі: «А як раней усе рабілі хатняе заданне? Няўжо без такіх сайтаў? Як гэта няма аналагаў парталу?! Не можа быць!» І пачалі пры нас шукаць, — усміхаецца Жэня. — Пасля праверкі зразумелі, што сапраўды ва ўсім свеце дзеці з парушэннем дробнай маторыкі вымушаныя толькі з дапамогай бацькоў вучыцца, а наш праект — гэта тое, што зможа дапамагчы самастойна засвойваць матэрыял.

Алёна Пашкевіч і Яўгенія Краўчанка — дзве дзяўчынкі-натхняльніцы для хлопцаў каманды.  Учатырох яны працуюць над Scrawlless кожны дзень.

Дзіма Кузьміч гаворыць, што карыстацца парталам можна будзе і дарослым з парушэннем маторыкі.

— У мінулым годзе на конкурсе Microsoft — Imagine Cup 2017 у Сіэтле, куды штогод з’язджаюцца прадстаўнікі розных кампаній, бізнесу, распрацоўшчыкі і СМІ, выйграла каманда, якая прадстаўляе новую камерцыйную гульню. Нас жа адрознівае тое, што мы больш паглыбіліся ў праблему і маем сацыяльную накіраванасць, — дадае Яўгенія. А лідар каманды Дзмітрый Кузьміч заключае:

— Да таго ж мы маем моцную падтрымку нашых бацькоў, сяброў, бацькоў дзяцей — усе яны ганарацца намі і дапамагаюць. Праект настолькі маштабны, што ў яго можна дадаваць бясконца тэмы і раздзелы, новыя магчымасці для вучобы.

alinakasel@gmail.com

Фота Артура ПРУПАСА, з архіва герояў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter