Доярка Жанна ПУДИКОВА даже не мечтала, что когда-нибудь станет суперзвездой с бигборда

Мёд з малаком

Жанна Пудзікава не скрывае: і думаць не думала, што калі-небудзь яе фота зойме месца на вялізным вулічным плакаце. «Нібы нейкая зорка!» — кажа. І дадае, што рашэнне такім чынам расказаць краіне аб героях працы мае рацыю:

фота белта

— Нашу працу лёгкай не назавеш. Аднак менавіта я ні на якую іншую яе не змяніла б. Быў момант: пасля школы вывучылася на кандытара і нават паспела папрацаваць па гэтым профілі. Аднак потым усё роўна вярнулася ў сваё Ракушава Круглянскага раёна, пайшла на ферму. Вясковая праца мне больш па душы.

За дваццаць гадоў, што працуе ў гаспадарцы «Круглянскі-Агра», тэхналогіі змяніліся некалькі разоў: «Пачынала з простай дойкі: у вёдры ды бакі. Усё рабілі сваімі рукамі: кароў даілі, малако цягалі, корм раздавалі. Потым з’явіўся малакаправод — стала крыху лягчэй. А там і новы, сучасны комплекс пабудавалі. Зараз усё механізавана, улік малака вядзе камп’ютар». Жанна Мікалаеўна запрашае на міні-экскурсію па ферме. Адначасова ўдакладняе: яшчэ зусім нядаўна яна сама працавала аператарам машыннага даення. «Хаця, — прызнаецца, — жывёла сёння пад нумарамі і чыпамі, мы ўсё роўна даём ёй прозвішчы. Калі па характары кароўка шустрая, то і будзе Быструхай. Адрозніваем па колеры — Чарнушка, Бурка. Як ні кажы, жывёла — не механізм. На ласку і клопат рэагуе. У тым ліку і надоямі». 

У самой сялянкі яны былі аднымі з самых высокіх не толькі ў Круглянскім раёне, а і ў Магілёўскай вобласці. За гэта, дарэчы, адзначана медалём «За працоўныя заслугі». Па выніках 2016-га Жанна Мікалаеўна стала «Чалавекам года» раёна і вобласці. Яе імя ўвайшло ў гісторыю і як героя Кнігі гонару Магілёўшчыны. Як родныя адрэагавалі на чарговы момант славы? «Вядома, павіншавалі і парадаваліся, — падзялілася Пудзікава. — Мы ж, лічы, дынастыя. Да нядаўняга на ферме аператарам машыннага даення працавала мая родная сястра Наталля Балабуева — зараз яна на пенсію выйшла. Муж Дзмітрый на гэтай жа ферме — слесар-механізатар». Маці Зоя Барысава таксама калісьці была перадавой даяркай у Ракушаве. З сельскай гаспадаркай звязалі свой лёс дачка Насця і сын Сяргей. Сваіх дзяцей яны з мужам з дзяцінства прывучылі да працы:

— Уласнае падвор’е трымаем і зараз. Кароўку Вішню, парсюкоў, курэй. І, вядома, агарод — як жа без яго ў вёсцы?

Калі ўлічыць, што выхадных на ферме няма, ды і дояць кароў тры разы на дзень, заканамерным будзе пытанне аб адпачынку. Адказ, прызнаюся, вельмі здзівіў. Як аказалася, Жанна Мікалаеўна нават падчас адпачынку фермы ніколі не мінала. Аргумент вельмі просты: «Кароўкі адны рукі любяць. Не магла іх нікому даверыць — і ўсё тут!» Цяпер працоўныя абавязкі змяніліся. Як калісьці былы загадчык фермы Галіна Рагоўская дапамагала, падказвала ёй, зараз на такой пасадзе прафесіі аператара машыннага даення ўжо сама вучыць новае пакаленне. «Калі глядзець збоку, то можа здацца, што нічога цяжкага тут няма. Аднак на самай справе нюансаў шмат. Адзін з галоўных — здароўе жывёлы, якое залежыць у тым ліку і ад якасці даення. Таму пытанняў малодшыя калегі задаюць шмат. І я адказваю: як-ніяк вопыт у мяне вялікі. Калі спатрэбіцца, то і падаіць магу, — падагульніла Жанна Мікалаеўна. — Рукі ўсё памятаюць. Навыкі свае не страціла».

svet.markova@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter