Мяцеліца вее, і не сціхае вецер

У Кіраўску з-за цяжару снегу на жанчыну абрынуўся дах хлява

У Кіраўску на жанчыну абрынуўся дах хлява.

Бяда здарылася вечарам. Бэлька, што звалілася на 31-гадовую жанчыну, прабіла ёй лёгкае — траўма аказалася смяротнай. Першым занепакоіўся тым, што дачкі доўга няма, яе бацька. І калі яна зноў не падышла да тэлефона, мужчына пайшоў да яе дамоў, выклікаў «хуткую». Дапамагчы жанчыне ўжо не змаглі...

Гэта не адзіны выпадак такога кшталту. З-за снегу абрушыліся дахі пяці малочна-таварных фермаў у Хойніцкім раёне.

— Тры з іх — у вёсцы Стрэлічава і па адной у Губарэвічах і Барысаўшчыне, — расказвае Сцяпан Рычкоў, інжынер цэнтра прапаганды і навучання Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. — Ніхто з супрацоўнікаў не траўміраваны. Усё добра і з цялятамі, якія знаходзіліся ў памяшканнях. На працягу 30 дзён дахі адновяць.

Пад заваламі снегу апынулася і машына «хуткай дапамогі», якая везла цяжка-хворага пацыента. Аварыя здарылася ля вёскі Рудня Гарбовіцкая Калінкавіцкага раёна. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем, і аўтамабіль занесла ў гурбу. Яго хутка выцягнулі, а хворага даставілі ў бальніцу.

Раніцай з-за адключэння электраэнергіі спыніліся насосы на водазаборы «Лучэжэвічы», які забяспечвае пітной вадой Мазыр. Але да 16.00 вода- і электразабеспячэнне амаль аднавілі.

Акрамя гэтага, з-за наліпання снега на лініі электраперадачы на Гомельшчыне без святла застаюцца 150 населеных пунктаў. Найбольш цяжкае становішча па-ранейшаму ў Калінкавіцкім, Светлагорскім, Мозырскім, Нараўлянскім, Ельскім, Лельчыцкім, Петрыкаўскім і Акцябрскім раёнах.

Не менш драматычная сітуацыя і на Магілёўшчыне, дзе без электрычнасці застаецца 40 населеных пунктаў.

— Больш за ўсё пацярпелі Глускі і Асіповіцкі раёны, — расказвае Вольга Нехарош, старшы інспектар цэнтра прапаганды і навучання Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС. — У Бабруйскім раёне з электрычнасцю ўсё ў парадку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter