Мястэчка Казiмiра i Сапегаў

У мястэчку Ружаны Пружанскага раёна, размешчаным за паўсотнi кiламетраў ад чыгункi, жыццё быццам запаволiла свой бег. Магчыма, дзякуючы гэтаму тут захавалiся архiтэктурныя помнiкi, якiя пры належным гаспадарчым падыходзе i адпаведным фiнансаваннi маглi б прыцягнуць у цяперашнi гарпасёлак турыстаў не менш, чым маюць сёння, напрыклад, Мiр i Нясвiж.

Што паглядзець?
Ружаны здаўна славiлiся адметнымi архiтэктурнымi помнiкамi, якiя шмат разоў траплялi ў полымя ваенных падзей, але Божаю ласкаю вытрывалi i працягваюць здзiўляць нават самых дасведчаных турыстаў.
Ружанская царква Пятра i Паўла i размешчаны побач кляштар базыльян выраслi ў Ружанах яшчэ ў ХVIII стагоддзi па фундацыi аднаго з прадстаўнiкоў слаўнага роду Сапегаў. Вялiкi канцлер ВКЛ Леў Сапега, а потым i яго нашчадкi на працягу некалькiх стагоддзяў уладарылi ў мястэчку i пакiнулi тут адметны след. Гэта царква была пабудавана на месцы унiяцкага храма, закладзенага ў другой палове ХVI стагоддзя.
Крыжы праваслаўнай царквы пазiраюць на высокую вежу Ружанскага Троiцкага касцёла. Цагляны будынак быў закладзены ў пачатку ХVII стагоддзя пры падтрымцы Льва Сапегi на месцы больш старажытнага драўлянага храма.
Крыху воддаль, у трох-пяцi хвiлiнах хады, на ўзвышшы стаiць, напэўна, самы знакамiты “брэнд” Ружанаў — палацавы комплекс, якi з ХVII стагоддзя быў адной з галоўных рэзiдэнцый Сапегаў. Гэты архiтэктурны помнiк перажыў шмат войнаў, яго неаднаразова перабудоўвалi, дабудоўвалi. Але i сёння ён уражвае сваёй велiчнасцю. Увесь комплекс утварае амаль што замкнёную акружнасць. На ўваходзе кожнага сустракае вялiкая брама з фамiльным гербам Сапегаў. Ад высокага будынка насупраць разыходзяцца аркады.

Як дабiрацца?
Чыгунка пралегла больш як за 50 кiламетраў ад Ружанаў, таму дабiрацца ў мястэчка, калi няма ўласнага аўтамабiля, з цэнтральнай i ўсходняй часткi Беларусi прыйдзецца з перасадкамi праз Iвацэвiчы, Аранчыцы (чыгуначная станцыя ля Пружанаў), Слонiм, Ваўкавыск.
Уладальнiкi ўласных аўто, калi паспяшаюцца, за адзiн дзень акрамя Ружанаў могуць пабываць i ў iншых слаўных мясцiнах заходняй Беларусi, напрыклад, у Косаве i Жыровiчах, размешчаных непадалёку. Аматары гiсторыi новага часу могуць завiтаць у Вiскулi, дзе быў канчаткова вырашаны лёс Савецкага Саюза.

Дзе адпачыць?
У гарпасёлку ёсць гасцiнiца i турбаза, дзе адначасова могуць размясцiцца да 70 чалавек. Улетку яны, як правiла, не пустуюць. Таму, не выключана, на начоўку прыйдзецца адправiцца ў адзiн з блiжэйшых райцэнтраў.
Ружанцы мараць на базе палацавага комплексу адкрыць гасцiнiцу i музей, узмацнiць старыя сцены — з кожным годам усё больш i больш гасцей наведвае рэзiдэнцыю Сапегаў. Калi б з’явiўся дадатковы сэрвiс, то выйгралi б i турысты, i мясцовыя жыхары, якiя атрымалi б працоўныя месцы.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter