Мяняю кола на пяцізоркавую будку

Радуе, што многія беларусы, нават з зусім невысокімі заробкамі, умеюць жыць вельмі годна: падзарабляюць, збіраюць і здаюць нарыхтоўшчыкам грыбы-ягады, нешта майструюць сваімі рукамі. Але вельмі перажываю, калі сутыкаюся з непрыстойнай прадпрымальнасцю.


У адным з раёнаў Магілёўшчыны жыве мой сваяк. Нядаўна на прадпрыемстве, дзе ён працуе, быў створаны этнаграфічны музей. Работнікі, а таксама шматлікія наведвальнікі (кампанія аказвае паслугі насельніцтву, кліенты тут бываюць часта) сталі збіраць для музея экспанаты і перадаваць іх бясплатна. Падарылі нямала каштоўных рэчаў — вышытыя ручнікі, старыя фатаграфіі, ільняныя абрусы.

І вось на прадпрыемства ў камандзіроўку прыехаў чалавек з вялікага горада, пасада ў яго невысокая, але добра аплачваецца. Ён таксама захацеў зрабіць свой уклад у стварэнне экспазіцыі музея і прапанаваў кола для коннай фурманкі. Але не бясплатна. Узамен ён запатрабаваў ад работнікаў... збудаваць нейкую элітную будку для свайго сабакі — “двухпакаёвую”, з дахам з дарагога матэрыялу і ўцяпленнем, каб чатырохногаму жыхару было там камфортна нават у трыццаціградусны мароз.

З разумела, кола — прадмет не надта каштоўны. Хоць бы таму, што яно па-за часам — на такіх колах ездзілі вазы яшчэ да рэвалюцыі, ездзяць і сёння. І тых, хто ўмее іх майстраваць, у глыбінцы дастаткова. Затое добрая сабачая будка каштуе ад 290 да 900 рублёў (спецыяльна пацікавіўся ў інтэрнэце). Дарэчы, за такую ж цану — прыкладна за 300—400 рублёў — можна купіць і цэлую, хай і ўжываную, міні-каляску для каня, прычым у працоўным стане і з усімі чатырма коламі. А проста старое кола для ландшафтнага дызайну прапаноўваюць за 5—10 рублёў. Не можа быць, каб уладальнік “трафея”, перш чым прапанаваць нявыгадную здзелку, не пацікавіўся цэнамі. Напэўна, проста спадзяваўся, што ў глыбінцы жывуць даверлівыя, наіўныя людзі, вось і купяцца на яго прапанову.

Не разумею, навошта спрабаваць кагосьці падмануць, абдурыць? Бо людзі, вырашыўшы стварыць музей, робяць добрую справу. Хай у ім і наведвальнікаў будзе няшмат, няхай яны будуць прыходзіць сюды ад выпадку да выпадку, але ў невялікіх пакоях — музейных залах — захаваецца наша культурная спадчына. Рэчы з бабуліных куфраў зможа ўбачыць любы жадаючы. Таму не трэба перашкаджаць захавальнікам музея і спрабаваць нажыцца на ім. А грошы можна і сумленна зарабіць.

Міхаіл Храбтовіч, Магілёў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter