Мянтуз!

Мянтуз вельмі добра адчувае сябе ў халодных глыбінях, і нават нераст у яго адбываецца зімой — у студзені — лютым

Мянтуз вельмі добра адчувае сябе ў халодных глыбінях, і нават нераст у яго адбываецца зімой — у студзені — лютым

Даўным-даўно, калі напачатку лета ў вадзе стала цесна ад мноства рыбы, якая радавалася цеплыні і лагодзе, з глыбокай нары, што пад берагам, пачулася незадаволенае буркатанне: “Не тлуміцеся тут, адплывайце куды далей. Я кладуся спаць. Нешта мне нездаровіцца”. То быў голас Ментуза. Прыструніў гэтак рыбак і суцішыўся ў халадку...

Спаў доўга — усё лета. Аднойчы прачнуўся і адчуў сябе бы амаладзелым, поўным энергіі і рашучасці.

— А вы куды гэта пакуеце чамаданы? — пацікавіўся ў рыб, што падазрона хутка мітусіліся.

— Як куды? Лета ж цю-цю! Праспаў ты, Мянтуз, і нашы шумныя вяселлі, і шчодрыя застоллі. Адплываем, шаноўны, на зімовыя кватэры.

— А як жа мне без вас? — уздыхнуў “туз”. — Хто будзе падаваць мне сігналы аб небяспецы, асвяжаць маё доўгае цела ўзмахамі хвастоў?

Гаварыў адно, а ў думках жадаў суседкам хутчэйшай вандроўкі: яму аднаму тут будзе — ого! Ніхто не выхапіць з-пад носа тлустую верацёнку ці маруду-слімака.

З тае пары і павялася пагудка: лета — на зыход, мянтуз — у паход. Пэўна, гэтая рыба бадай адзіная з усіх у нашых вадаёмах, што заўсёды чакае зазімкаў-сіверкаў з нецярпеннем. Стыхія ментуза — халодныя глыбіні, падводны змрок, бясконцыя лабірынты нор, сутарэнні карчоў. Такім чынам, восень, зіма, вясна — той перыяд, калі гэты “туз” пачынае актыўнічаць паўсюль, дзе толькі магчыма. А ён — усюдыісны, і асабліва там, дзе свежыя плынькі, падводныя бруйкі. Ягонае цела — звілістае, пругкае, коўзкае — дазваляе праціснуцца ва ўсе закуткі ў пошуках спажывы.

Сказаць “ненажэра” — і гэта будзе праўдай. Ён можа ўсмактаць і ўласную ікру. Мянтуз не торгае нажыўку (паклёўкі бываюць ледзь бачныя), а літаральна ўсмоктвае яе. Да таго ж ён мае рэпутацыю і падводнага санітара. Падбірае ўсё, ад чаго і прагны акунь адварочвае нос.

Але як яго ўзяць? Асаблівых хітрыкаў не патрабуецца. Вясной, ледзь вада ўстаіцца і крыху пасвятлее, мянтуз выходзіць да берагоў і “вынюхвае” тое, што сюды нанесла.

Эфектыўней усяго прымяняць донкі-закідушкі, якія ставяцца на ноч. Пяць, шэсць — добра, больш — яшчэ лепш. І кручкі, і лёсы яго не насцярожваюць. Курыная сырая пячонка — яго мара!

Калі выцягваеш смельчака-ненажэру з вады, то здаецца, што ён дапамагае сам сабе пасоўвацца ўперад. Аніякага, лічыце, супраціўлення. Праз хвіліну-другую гэта якраз і можа падмануць нявопытнага рыбалова. Пазбавіўшыся кручка, імгненна слізгане з рук.

У пасляваенныя гады, памятаю, у цёмныя вечары позняй восені жыхары шматлікіх вёсак, што месціліся па берагах рэчак, нярэдка наладжвалі талаку, каб налавіць паболей гэтай рыбы. Бліжэй да вады палілі велізарныя вогнішчы, трымалі напагатове ўсё, з дапамогай чаго можна было выцягнуць налімаў з вады. Сполахі, бляск, свячэнне — усё гэта прываблівала ментуза, заварожвала. Бяры хоць голымі рукамі! І бралі, і выграбалі, узнімалі віламі-восцямі.

Чаго толькі ні гатавалі гаспадыні з яго тлустага мяса: заліўное, катлеты, але часцей смажылі. Ды найлепш мянтуз прыдатны да юшкі, а яго пячонка ўвогуле лічыцца гаючай.

Дзівосы адбываюцца з гэтай рыбай і па першым лёдзе, калі мянтуз пакідае глыбіні, ідзе ў “роскідзь”, гэта значыць блукае паўсюль, куды толькі можна зайсці. Нават на мелкаводдзе, дзе потым нямала рыбы гіне, калі ўдараць маразы. Пад лёдам застывае цурбалкамі ў нерухомасці і становіцца лёгкай здабычай.

У дзяцінстве я і сам удзельнічаў у такіх паляваннях. Уяўляеце? У тваіх руках факел з смаляка, брат трымае цяжкую даўбешку. Лёд скрыпіць, патрэсквае, нярэдка і прашухваешся. І вось цёмны прагалак пад ільдом. Рэзкі ўдар — вада выкідвае рыбіну. Хуценька грабельцамі адкідаеш убок. Прамарудзіш — можаш апынуцца і ў глыбокай вадзе. Бывалі недабоі, промахі, падман зроку —  рыба знікала. Надараліся і халастыя ўдары па якім-небудзь абломку драўніны пад лёдам — святло ж хісткае, падманлівае...

І небяспечна, і цікава, і запамінальна. Рызыка? Безумоўна. Прастуда гарантавана. Затое як здорава беглася раніцой за пяць кіламетраў у школу пасля сытнага сняданку!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter