— Віктар Іванавіч, што зараз стрымлівае распаўсюджванне беларускай мовы? Ці зацікаўлена ў яе вывучэнні моладзь?
— Асабіста для мяне стрымліваючых фактараў абсалютна не існуе. Кожны чалавек па сваіх жыццёвых пазіцыях і светаўспрыманню выбірае зручныя сродкі камунікацыі ў асяродку.
На журфаку ў лютым традыцыйна праводзяцца дні роднай мовы. Дарэчы, студэнцкі актыў ужо зараз пачынае рыхтавацца да гэтага свята. Кожны год удзельнікам раздаюцца розныя налепкі, напрыклад, у форме намаляванага сардэчка з надпісам “Пачні з пачуццяў”, ці валошкі, апраўленай сказам “Калі ласка, размаўляй са мной па-беларуску” , ці падушкі з пяшчотнымі словамі “Мова. Тое, што вабіць”... Словы гавораць самі за сябе. Штогадовая акцыя, якую студэнты назвалі “Мова праз абдымкі”, праходзіць вельмі ўдала, я б сказаў сардэчна, і, заўважце, без прымусу. Моладзь свядома імкнецца размаўляць па-беларуску, гэта нават становіцца модным. Што казаць, добрая традыцыя...
— Лічыце, што шляхам прымусу і фінансавага заахвочвання ісці няварта?
— Прымусам у гэтай справе мала чаго можна дамагчыся. Яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя, падчас хвалі адраджэння, мне даводзілася сутыкацца з непрыманнем людзьмі гвалтоўнай беларусізацыі. Часта яны былі вымушаны праходзіць яшчэ курс навучання пасля працоўнага дня. “Навошта нам тая мова”, — спачатку казалі яны. Але толькі на пачатку заняткаў. Потым уцягваліся, і пад канец навучання некаторыя нават пісалі вершы па-беларуску. Я дасюль захоўваю гэтыя лісты як самыя дарагія для мяне, выкладчыка, рарытэты.
Спрабавалі тады заахвоціць і грашыма. Тым, хто выкладаў па-беларуску, рабілі надбаўкі. Гэтая на першы погляд добрая ініцыятыва папахвала рынкам. Жадаючы крыху болей зарабіць, некаторыя выхавальніцы дзіцячых садкоў пачыналі размаўляць так, як умелі — на трасянцы.
— Тады што можа прымусіць людзей шанаваць мову?
— Добра калі б чыноўнікі на месцах, ва ўрадзе пачалі больш актыўна выкарыстоўваць мову. Калі б на ёй вялося справаводства, пісаліся законы. Бо ў людзей, у якой бы краіне гэта ні было, ёсць звычка азірацца на ўладу.
Мова не стаіць на месцы. Яна ўдасканальваецца ў адпаведнасці з патрэбамі грамадства. Напрыклад, у нас нядаўна законам прынята новая рэдакцыя беларускага правапісу. Былі скасаваны шматлікія выключэнні, анахранізмы савецкага часу. Беларускае пісьмо стала больш мабільнае. Гэта дазваляе сучасніку эфектыўна весці перапіску на ўсіх узроўнях.
— А калі правесці “шокавую тэрапію”: па загадзе зверху выкладаць усе школьныя прадметы па-беларуску. Ці будзе гэта мець плён?
— Упэўнены, што не. Мова — вельмі далікатная з’ява. Пра гэта пераконваемся, калі назіраем за падзеямі ў суседніх краінах. Шокавыя аперацыі ў гуманітарнай сферы ніколі да дабра не прыводзілі.
— Ці маюць рацыю тыя, хто гаворыць, што наша мова спрошчаная, бо доўгі час была ў заняпадзе?
— Не магу пагадзіцца з першай часткай пытання. Мы ганарымся сваёй мовай. Сведчанняў гэтаму процьма, калі ўзгадаем Купалу, Коласа, Багдановіча, Караткевіча... Наконт спрошчанасці нашай мовы. Думка калі не вар’яцкая, то абсалютна няправільная. Так можа думаць той, хто падыходзіць да беларускай мовы з пазіцыі рускай. У апошняй заўсёды было, застаецца і па сёння засілле кніжнага, пісьмовага элемента. Мала хто ведае, што калі б не геній Пушкіна, то з рускай мовай магло б здарыцца самае неверагоднае, бо на ёй не размаўляла тагачасная расійская эліта. Ёю грэбавалі, бо лічылі мовай смердаў, халопаў.
У рускай і беларускай літаратурных моў розныя традыцыі іх фарміравання. У перыяд так званага заняпаду беларускай мовы была перарвана кніжна-пісьмовая традыцыя. Да таго часу старажытнабеларуская мова паспела развіцца да такіх помнікаў дзелавой пісьменнасці, як статуты Вялікага Княства Літоўскага — узораў для ўсёй Еўропы. Потым яна развівалася больш па літаратурна-размоўнай традыцыі (у фальклорным варыянце). Тады ж і выпрацавала ў сабе ёмкія формы, што сёння называюць дзеяннем тэорыі эканоміі маўленчых намаганняў. Так, па-руску мы гаворым “падающая звезда”, “железная дорога”, а па-беларуску — “знічка”, “чыгунка”, не “устал с дороги”, а “здарожыўся” і гэтак далей. Такіх слоўцаў безэквівалентнай лексікі ў нас не проста сотні, а тысячы... Усё гэта сведчыць пра самабытнасць і непаўторнасць развіцця роднай мовы.
Зараз мы існуем ва ўнікальнай сітуацыі двухмоўя. Валодаць абедзвюма блізкароднаснымі мовамі зусім не раскоша, а вялікі абавязак. Бо беларус павінен ведаць нюансы моў і пры гэтым адчуваць мяккасць і прыгажость сваёй роднай — вартай таго, каб яе любілі, на ёй размаўлялі, спявалі, чыталі вершы, жылі ёю.
Вы размаўляеце па-беларуску?
Карэспандэнт Вольга Кручанкова спытала аб гэтым у жыхароў Віцебска.
Станіслаў Карнееў, рабочы:
— У звычайным жыцці мая мова — руская. Але калі да мяне звяртаюцца па-беларуску, адказваю таксама па-беларуску. Заўсёды лічыў, што ведаць мову трэба, таму што ў Беларусі жывём. Але і прымушаць людзей размаўляць і думаць на іншай мове нельга.
Людміла Петранкова, касір:
— Нет, не говорю, хотя в школе, конечно, изучала язык и литературу. Когда слышу объявления в транспорте или новости по местному каналу, то все понимаю, но если попросят что-то сказать по-белорусски, не уверена, что не начну выдумывать слова. Все мои родственники, друзья и знакомые говорили и говорят на русском языке.
Мікалай Півавар, краязнавец:
— Размаўляю кожны дзень на беларускай мове ўжо шмат гадоў. Пачалося з таго, што выкладаць гісторыю Беларусі трэба было на роднай мове, потым стаў займацца навукай, а калі ажаніўся з беларускамоўнай дзяўчынай, наогул перастаў гаварыць па-руску. Цяпер на семінарах у Маскве, як ні стараюся, усё роўна беларускія словы праскокваюць. Ці будуць мае дзеці размаўляць на роднай мове, не ведаю. Яны пакуль зусім маленькія, і асяроддзе — маю на ўвазе аднагодкаў, суседзяў, дзядуляў і бабуль — размаўляе па-руску.