Мядзведжая паслуга лебедзям

Ці трэба ратаваць зімой птушак на вадаёмах?
Штогод з надыходам халадоў колькасць тэлефонных званкоў у Мінпрыроды і іншыя прыродаахоўныя арганізацыі павялічваецца ў разы. Прычына вядомая загадзя. Неабыякавыя грамадзяне лямантуюць: “Дапамажыце! Замярзае возера, лебедзі не змогуць там плаваць...” Ці варта перажываць за птушак і што рабіць, калі бачыш белага прыгажуна на замярзаючым вадаёме?

500(2).jpg

Зразумела, людзьмі кіруе пачуццё спагады. Але ж іншы раз іх дапамога здольная наадварот нашкодзіць, сцвярджае арнітолаг Нацыянальнай акадэміі навук, спецыяліст грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Іван Багдановіч:

— У залежнасці ад года ў Беларусі зімуюць ад 500 да 2000 лебедзяў. У нашай краіне няма мора — асноўнага месца зімоўкі гэтых відаў. Міграцыя працягваецца да снежня. І калі лебедзь адчуе дыскамфорт, ён паляціць адсюль. Яго хуткасць — да 300 кіламетраў у суткі. Таму вялікай праблемы няма.

Зіма для любой птушкі, а не толькі для лебедзя, заўсёды рызыка. Аднак многія самцы не ляцяць на поўдзень спецыяльна, таму што хочуць застацца максімальна блізка да месца размнажэння, а вясной заняць лепшы ўчастак для гнездавання. І гэта свядомая рызыка. Застаюцца на месцы таксама слабыя і хворыя птушкі. Зіму перажывуць не ўсе з іх, але гэта натуральны адбор, ён быў і будзе. Моцныя ж выжывуць, так што панікаваць не трэба.

Кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Ксенія Панцялей таксама засцерагае ад празмернай апекі над птушкамі. Да гэтага часу каля вадаёмаў можна сустрэць людзей, якія кормяць іх, напрыклад батонам, і лічаць, што робяць добрую справу. Але ж яны аказваюць ім мядзведжую паслугу: птушкі адвыкаюць самастойна здабываць ежу. У натуральным асяроддзі з надыходам халадоў і недахопам корму качкі, лебедзі і іншыя ляцяць на паўднёвыя і заходнія месцы зімовак. Несвядомае падкормліванне “мігрантаў” робіць іх цалкам залежнымі ад людзей. Па гэтай прычыне многія з іх вырашаюць застацца зімаваць на тэрыторыях, дзе яны не могуць перажыць зіму нават з чалавечай дапамогай. Як вынік — пакінутыя і паміраючыя пакутнікі, якіх прыходзіцца ратаваць эколагам і энтузіястам.


ПАМЯТКА

- Кармленне вадаплаўных птушак апраўдана толькі пры адсутнасці адкрытай вады ў зімовы перыяд каля берага, пры экстрэмальна нізкіх тэмпературах, у месцах, дзе іх шмат, — калі натуральныя крыніцы харчавання вычарпалі сябе. Пры гэтым даваць ім можна толькі збожжа або адмысловыя камбікармы.

- Калі ў птушкі няма траўм, турбаваць яе няварта. Лебедзь можа разагнацца па лёдзе і паляцець. Калі вы бачыце знешнія пашкоджанні (выдранае пер’е, сляды крыві, выкручанае крыло), трэба паведаміць пра гэта карыстальніку паляўнічых угоддзяў або ў аператыўна-дзяжурную службу міліцыі, дзяжурную службу МНС, раённую прыродаахоўную службу. Заўсёды падкажуць, што рабіць, і ў грамадскам аб’яднанні “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

- Калі вы думаеце, што лебедзь прымёрз і не можа рухацца, перад званком па нумары 101 пераканайцеся, ці сапраўды гэта птушка. Былі выпадкі, калі людзі прымалі за лебедзя белыя пакеты на лёдзе. Паназірайце за паводзінамі адзіночкі: для эканоміі энергіі ён здольны доўга нерухома сядзець на лёдзе. Можна паспрабаваць спудзіць яго — акуратна кінуць лёгкі прадмет альбо корм побач. Але ж ні ў якім разе не выходзьце на тонкі лёд самі!

- Спробы злавіць лебедзя прынясуць яму яшчэ большы стрэс. Дарэчы, самастойная канфіскацыя дзікіх птушак з прыроды забаронена, нават калі яны параненыя.


yasko@sb.by

Фота Івана Лужынскага
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter