Мы з неба зорак не хапаем – зямельку родную аром

УПАРТА адстойвае сваю гістарычную назву саўгас «Камуніст» Ельскага раёна, які размясціўся на самай мяжы з Украінай. Гаспадарка нарадзілася ў балотах амаль 40 гадоў таму разам з адваяванымі ў багны палямі і сенажацямі, пабудаванымі з нуля сядзібамі. Не менш упарта камунальнае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства спрабуе падтрымліваць сёння ў належным стане цэлую сетку меліярацыйных аб’ектаў. Калі выйдуць са строю каналы, шлюзы, дрэнаж — балота вернецца назад у гэтыя ўжо абжытыя і непаўторныя мясціны.

Аб чым марыць, дзеля чаго працуе і што піша ў сваіх вершах дырэктар саўгаса «Камуніст», што на былым балоце?

УПАРТА адстойвае сваю гістарычную назву саўгас «Камуніст» Ельскага раёна, які размясціўся на самай мяжы з Украінай. Гаспадарка нарадзілася ў балотах амаль 40 гадоў таму разам з адваяванымі ў багны палямі і сенажацямі, пабудаванымі з нуля сядзібамі. Не менш упарта камунальнае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства спрабуе падтрымліваць сёння ў належным стане цэлую сетку меліярацыйных аб’ектаў. Калі выйдуць са строю каналы, шлюзы, дрэнаж — балота вернецца назад у гэтыя ўжо абжытыя і непаўторныя мясціны.

Кожны амаль з шасці тысяч гектараў сельгасугоддзяў гаспадаркі — асушаныя землі, вынік праведзенай яшчэ ў савецкія гады глабальнай меліярацыі беларускага Палесся. Але ж мясцовыя тарфянікі не заўсёды дзякуюць сваім пакаральнікам. Нават невялікія замаразкі ў веснавы перыяд перакрэсліваюць работу земляробаў. Вось і сёлета давялося перасяваць не адзін дзясятак гектараў.

— Страхавы фонд заўсёды падрыхтаваны, — гаворыць дырэктар саўгаса Рыгор Бабчанок. — На жаль, з прыродай не паспрачаешся, але ж мы ўжо навучаны горкім вопытам і ведаем, што і як рабіць. Гаспадарка жывёлагадоўчага накірунку, у нас 5800 галоў статку і надзейная кармавая база — аснова поспеху. А для людзей — гэта грошы, прыбытак і добры задзел у дзень заўтрашні.

Рыгор Уладзіміравіч, які кіруе гаспадаркай ужо амаль 15 гадоў, сам, як кажуць, «ад сахі», з сялянскай сям’і з Жыткавіцкага раёна. Дбайны гаспадар, аптыміст па натуры, а ў душы… паэт. Нягледзячы на занятасць, праводзіць творчыя вечары, яго вершы друкуюцца ў мясцовай і абласной прэсе, ён пастаянны аўтар «БН».

У дзяцінстве маці гаварыла

І паўтарала штодня:

“Каб за табой, сынок, хадзілі

Здароўе, вера, дабрыня.

Хай не дагоніць цябе здрада

І чарада ліхіх падзей,

Няхай заўжды твая спагада

Надзеяй будзе для людзей.

Няхай мінуць цябе нягоды

І будуць сонечнымі дні,

Каб назаўжды і назаўсёды

На ўсіх хапіла дабрыні”.

(З верша Р. Бабчанка «Дабрыня»)

Саўгас «Камуніст» — адна з лепшых гаспадарак Гомельшчыны. Сёлета толькі за шэсць месяцаў прыбытак склаў амаль мільярд рублёў. У сувязі з вядомымі падзеямі на фінансавым рынку цяжка падлічыць, якім ён будзе па выніках года. Але ж і цяпер факты гавораць самі за сябе: саўгас, у адрозненні ад многіх іншых сельгаспрадпрыемстваў, упэўнена плюсуе па малаку і мясе. На год наперад створаны і запас кармоў, прычым толькі высокакаларыйных, з прымяненнем уласных бялковых дабавак.

Усе ж палешукі — нейкія асаблівыя…Спагадлівыя і адкрытыя, самадастатковыя і працавітыя. Не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй рэспубліцы добра вядомы імёны лепшых прадстаўнікоў саўгаса, пераможцаў фестывалю-кірмашу «Дажынкі» розных гадоў. Андрэй Журоўскі, Віктар Кашэвіч, Рыгор Казачэнка, Уладзімір Давыдзюк, Аляксандр Алесіч, Мікалай Ляўкоўскі… Паверце, сабраць іх усіх разам было зусім няпроста — няма ў руплівых гаспадароў свабоднай хвіліны ні восенню, ні вясной.

Але менавіта дзякуючы ім цікавыя задумкі ў «Камунісце» штогод становяцца рэальнасцю. Нядаўна ўве- дзена сучасная малочна-таварная ферма. А гэта новыя працоўныя месцы плюс канкрэтныя перспектывы на бліжэйшы час. У гаспадарцы працуюць свае каўбасны і кандытарскі цэхі, першымі асвоілі тут і выпуск расліннага масла з уласнага сланечніку. Дарэчы, за ім прыязджалі бізнесмены нават з далёкага замежжа. Сёлета першы ўраджай дала плантацыя салодкіх і духмяных кавуноў, у планах — вінаград і дыні.

Пасёлак Зашыр’е, дзе размясцілася цэнтральная сядзіба саўгаса, некалькі разоў прызнаваўся лепшым па добраўпарадкаванні ў вобласці і рэспубліцы. Гэта нават не аграгарадок у звычайным сэнсе, а менавіта невялікі па памерах горад з прамымі асфальтаванымі вуліцамі, скверамі, шматпавярховымі дамамі. Яго насельніцтва, больш за паўтары тысячы чалавек, мае магчымасць карыстацца ўсімі паслугамі сучаснай сацыяльнай сферы. Свой культурна-спартыўны цэнтр, дзе пастаянна прымаюць зорак беларускай эстрады і працуе каля 40 гурткоў і творчых калектываў. Бальніца са стацыянарам і самым сучасным абсталяваннем, аддзяленне банка, кафэ, шэраг гандлёвых кропак, стадыён. Адкрыты нават пункт рытуальных паслуг — жыццё ёсць жыццё…

А вось наконт яго здаровага ладу ў кірауніцтва сваё меркаванне. Нецвярозых у Зашыр’і амаль не ўбачыш, усё менш людзей з цыгарэтай. Кожны, хто кідае шкодную звычку, атрымлівае неблагую прэмію. Гаспадарка таксама падтрымлівае ветэранаў, маладажонаў, маладых бацькоў, шматдзетныя сем’і.

— Усё, да чаго мы імкнемся, арыентавана перш за ўсё на саміх людзей, — падкрэслівае Рыгор Бабчанок. І гэта не проста словы, а канкрэтныя, штодзённыя клопаты.

Я з неба зорак не хапаю,

Чужых таксама не бяру,

Зямельку родную кахаю

І, як бацькі мае, ару.

Саджаю бульбу, сею зерне

Які ўжо дзень, які ўжо год.

Няхай Гасподзь бяду

адверне

І зберажэ ён наш народ,

Зямельку родную, і нівы,

І возера цудоўны плёс.

Няхай заўжды будзе шчаслівы

Нялёгкі наш сялянскі лёс.

А яшчэ прадмет асаблівай гордасці палешукоў з «Камуніста» і захаплення шматлікіх, у тым ліку і замежных, гасцей — мясцовае возера Асалода. Незвычайная экалагічная сцежка пралягае па некранутым царстве лясных жывёл і бабровых хатак уздоўж вадаёма — сапраўднай знаходкі для рыбаловаў. Нават асятра запусцілі туды, а пудовы карп далёка не рэдкасць. Пасярэдзіне возера на якары карабель з сімвалічнай назвай «Надзея». У стылізаваным будынку былой насоснай станцыі абсталявана кафэ, побач невялікая, утульная гасцініца, якая апошнім часам ніколі не пустуе. І ўсю гэтую прыгажосць сваімі рукамі, талакой, стварылі самі працаўнікі гаспадаркі.

— Усе, хто пабываў у нас хоць аднойчы, абавязкова зноў захочуць прыехаць, — не сумняваецца Рыгор Бабчанок. — А сродкі, што ўкладзены ва ўсе аб’екты, абавязкова акупяцца і з лішкам вернуцца нашым дзецям і ўнукам. Лепшага кутка, чым Палессе, у свеце не існуе. Нават жураўлі, пакідаючы ўвосень родныя мясціны, развітваюцца з імі па-свойму пяшчотна.

Жураўліны крык трывожны, майго краю ўспамін.

Западзе ў сэрцы кожным

на світанні шэры клін,

Які дружна і трывожна развітання кружыць баль.

Надыходзіць асцярожна, ахінае сэрца жаль.

У Зашыр’і сум, трывога —

адлятаюць журавы.

І вядомая дарога

цягне іх за паплавы.

Але ж кожны паляшук упэўнены, журавы абавязкова вернуцца з цёплых краёў да сваёй хаты, сваіх гнёздаў. Яны разам з людзьмі пачыналі ў свой час асваенне гэтых мясцін і сталі тут сімвалам урадлівасці і заможнасці.

Аляксандр ШАЎКО, «БН»

Фота Анатоля СІЛІВЕРСТА

Зашыр’е — Ельск — Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter