«Мы выпрацавалi нараўлянскую iдэю, каб захаваць раён»

25 красавіка 1986 года Валерыя Шлягу абралі намеснікам старшыні райвыканкама. Сёння ён яго старшыня...

ПАЛЕСКІ гарадок Нароўля, які блакітнай стужкай апаясвае паўнаводная Прыпяць, некалі атрымаў назву беларускай Ялты. З першых цёплых летніх дзён і да адлёту птушак у вырай масквічы і ленінградцы, мурманчане і петразаводцы ставілі свае палаткі ўздоўж рачных берагоў. Штолета каля вёскі Дзёрнавічы высаджваўся дэсант кіеўскіх вучоных на чале з сусветна вядомым акадэмікам, двойчы Героем Сацыялістычнай Працы, прэзідэнтам Акадэміі навук Украіны Барысам Яўгенавічам Патонам. Яны адпачывалі, займаліся навукай. Прывозілі свайго повара, усталёўвалі кухню, трымалі куратнік. Мясцовыя жыхары забяспечвалі рыбай, гароднінай, садавінай.

Як сцвярджаюць карэнныя нараўлянцы, у тыя гады лягчэй было прапісацца ў Гомелі ці Мінску, чым у гэтым ціхім гарадку. Чарнобыльская трагедыя змяніла многае. З 74 населеных пунктаў Нараўлянскага раёна палова выселена назаўсёды. Не стала Вуглоўскага, Дзернавіцкага, Даўлядаўскага і часткова Кіраўскага, Красноўскага, Вербавіцкага і Завайцянскага сельсаветаў. Нараўлянскі раён самы маланаселены на Гомельшчыне — адзінаццаць з паловай тысяч чалавек, з іх восем з паловай тысяч жывуць у райцэнтры. Рэшткі былых гаспадарак аб’яднаны ў дзве: КСУП «Брацтва» і КУП «Уладзімірскі-Галоўчыцы» з агульнай плошчай угоддзяў дваццаць тысяч гектараў. Усе гэтыя нялёгкія гады Нараўлянскі райвыканкам узначальвае Валерый ШЛЯГА (на здымку), карані якога моцна звязаны з Палессем. Не аднойчы яму прапаноўвалі прэстыжную працу ў шумных гарадах, але ні адну прапанову ён не прыняў.

Валерый ШЛЯГА

— На Палессі мае першыя сцежкі-дарожкі пракладзены. Продкі вякамі хлеб вырошчвалі, дамы будавалі, дзяцей вучылі. Карані па мацярынскай лініі — на суседняй Брагіншчыне, адкуль яна паступіла вучыцца ў Мазырскі настаўніцкі інстытут і пасля заканчэння атрымала накіраванне ў вёску Сярэдняя Рудня Петрыкаўскага раёна. Там выйшла замуж. Бацька Васіль Якаўлевіч — зямляк легендарнага дзеда Талаша, які не аднойчы прыходзіў у нашу вёску, нават нейкі час жыў там. Працаваў бацька слесарам у сельгастэхніцы. Майго дзеда Якава не стала яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя, а дзед Васіль не вярнуўся з вайны. Школьнікам я ездзіў у брагінскую вёску Крыўча-Аляксееўка да бабулі Мальвіны. Бацькава маці — бабуля Аўдоля — жыла побач з намі. У яе старым садзе ласаваўся духмянымі яблыкамі і грушамі, што некалі дзед Якаў саджаў. Са старэйшым братам Анатолем на летніх канікулах калгасную бульбу агортвалі, культывавалі кукурузу. Пасля дзявятага класа я ўжо слесарнічаў з бацькам у аграпрамтэхніцы.

— Чым запомнілася Палессе вашага юнацтва?

— Наша рэчка Бобрык, што за талашоўскімі Навасёлкамі поўніць Прыпяць, была такая чыстая, што шапкамі чэрпалі ваду і пілі. Такой чыстай была і рэчка Славечна, з якой звязаны мае маладыя гады, калі мы з жонкай — выпускнікі Мазырскага педагагічнага інстытута — пераразмеркаваліся ў яе родную вёску Дзямідаў Нараўлянскага раёна. Колькі рыбы вадзілася ў гэтай рэчцы! А якія шчодрыя на даніну навакольныя бары і лясы.

— А калі настаўнічалі, то сваю гаспадарку трымалі?

— Вёска мае свой стыль жыцця. І мы яго трымаліся. Я выкладаў матэматыку, фізіку, чарчэнне, а жонка з першага працоўнага дня і дагэтуль — нязменны настаўнік рускай мовы і літаратуры. Некалькі гадоў давялося кіраваць вясковай васьмігодкай, быў і сакратаром парткама саўгаса «Брацтва».

25 красавіка 1986 года, у пятніцу, мяне абралі намеснікам старшыні Нараўлянскага райвыканкама. У суботу, 26 красавіка, я выйшаў на працу. Сустрэўся са старшынёю райвыканкама Мікалаем Мартынавічам Маркоўскім. Гадзіны паўтары гутарылі пра мае службовыя абавязкі. Калі вярнуўся дамоў, у вёску Дзямідаў, быў здзіўлены ўсхваляванымі родзічамі, якія толькі што вярнуліся з горада Прыпяць. Раненька яны паехалі туды закупіцца прадуктамі на вяселле. Гэта ад нас каля 60 кіламетраў. Прыехалі і здзівіліся, што ўсе магазіны зачыненыя. Да іх падышоў чалавек і папярэдзіў, каб хутчэй уязджалі, таму што ноччу ўзарваўся рэактар на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Так яны ні з чым вярнуліся, і ад іх я пачуў першую інфармацыю пра ўзрыў.

Праз некалькі гадзін мяне выклікалі ў райвыканкам. Начальнік штаба грамадзянскай абароны раёна дакладваў, што ён выязджаў са спецыялістамі ў бок атамнай станцыі ў Даўляды і там рабілі замеры. Дзень выдаўся сонечным, ветраным, і прыборы нічога не зафіксавалі. У ноч на 27 красавіка зноў выехалі праводзіць дазіметрычны кантроль, і ўжо зафіксавалі радыёлагічныя змяненні. У панядзелак пра маштаб катастрофы яшчэ нічога не маглі сказаць. На планёрцы ў першага сакратара райкама партыі Мікалая Емяльянавіча Хобатава абмяркоўвалася падрыхтоўка абласнога семінара школьных вучнёўскіх вытворчых брыгад на базе Дзёрнавіцкай сярэдняй школы, які планаваўся на пачатак мая. Але было ўжо не да яго.

1 мая яшчэ правялі святочную дэманстрацыю без удзелу школьнікаў, а на наступны дзень пачалі адсяленне дзяцей з трыццацікіламетровай зоны. Аўтобусамі выехалі да мяжы з Украінай, і, пачынаючы  з  вёскі  Белая  Сарока, сабіралі дзяцей Даўлядаўскага сельсавета. Бацькі плакалі, дзеці перапужана садзіліся ў аўтобусы. Маленькіх да трох гадкоў адсялялі разам з маці ў піянерскія лагеры Гомельскай вобласці. На наступны дзень пачалі адсяляць усіх жыхароў з трыццацікіламетровай зоны. Вывозілі людзей ноччу. На грузавых аўтамашынах перавозілі свойскую жывёлу. Галасы збянтэжаных людзей перамешваліся з рыкам перапужаных кароў, іржаннем коней, бляяннем авечак. Перасялялі ў сем’і іншых вёсак Нараўлянскага раёна. Адзінокіх састарэлых жыхароў перавозілі ў Рэчыцкі раён.

Усе дамы апячатваліся і аддаваліся пад ахову ўнутраным вайскам. Панавала моцнае напружаннне. Трэба было ў людзей паніку здымаць. Паўставала безліч самых непрадбачаных пытанняў.

Першыя ліквідатары, якім давялося засыпаць чацвёрты рэактар на ЧАЭС.

Першыя ліквідатары, якім давялося засыпаць чацвёрты рэактар на ЧАЭС.

Толькі адсялілі людзей з трыццацікіламетровай зоны, як паступіла каманда вывозіць усіх дзяцей з раёна. Размеркавалі наяўны аўтатранспарт і амаль апоўначы выехалі збіраць дзяцей. На эвакуацыю прыбыло каля 150 аўтобусаў з розных раёнаў вобласці. Паралельна вялося адсяленне ў Хойніцкім і Брагінскім раёнах. У 5 гадзін раніцы паступіла каманда з Рэспубліканскага штаба грамадзянскай абароны, што на атамнай станцыі пагрозы ўзрыву яшчэ аднаго рэактара няма, таму адсяленне дзяцей адмяняецца. Два аўтобусы з дзецьмі Вуглоўскага сельсавета вярнулі дамоў. Старшыня райвыканкама Маркоўскі звязаўся са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Грахоўскім і атрымаў ад яго каманду працягваць эвакуацыю. За адзін дзень усе дзеці з раёна былі эвакуіраваны, акрамя тых, што вярнуліся ў Вуглоўскі сельсавет. Потым і іх вывезлі.

— Валерый Васільевіч, адсялілі дзяцей, засталіся дарослыя. Небяспека пражывання іх павышалася. Калі пачалося высяленне ўсяго насельніцтва з найбольш забруджаных тэрыторый раёна?

— На пачатку лета прадстаяла эвакуіраваць усіх жыхароў Дзёрнавіцкага і некаторых населеных пунктаў Красноўскага сельсаветаў, што знаходзіліся ў трыццацікіламетровай зоне. Жыхары месяц калаціліся. Слёзы, крык панавалі ў вёсках. Людзей аўтобусамі, а жывёлу грузавымі аўтамашынамі вывозілі ў іншыя раёны Гомельшчыны.

— А тым часам весткі з Чарнобыльскай атамнай станцыі паступалі далёка не суцяшальныя. Паветрам разносіліся радыёактыўныя элементы. Набліжалася жніво. Ці ведалі, што рабіць з ураджаем?

— Яшчэ не закончылася адсяленне з некаторых вёсак, дзе ўзровень радыяцыі перавышаў дапушчальную норму. Для іх у Жлобінскім, Жыткавіцкім, Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім і Чачэрскім раёнах паспелі пабудаваць новыя дамы. У Акцябрскім раёне аператыўна ўзвялі новыя пасёлкі, куды кампактна перасялілі поўнасцю асобныя нашы вёскі. Там яны і зараз жывуць. Гэтае адсяленне закончылася восенню. На палях гаспадарак, працаўнікі якіх былі выселены, убралі ўраджай і праверылі яго на забруджанасць. Бульба была прыгодная для харчавання. А нячыстыя збожжавыя, буракі скармілі жывёле.

— А жывёлу пасля такіх кармоў правяралі?

— На мясакамбінатах быў жорсткі кантроль. Значную частку пагалоўя ўтылізавалі ў спецыяльных магільніках за вёскай Хаткі. Самае неабходнае адсяленне правялі за паўгода пасля катастрофы. Але адсяленне не спынілася. Да зімы выселілі вёскі Раманаўка, Смалегаўская Рудня, Смалегаў, Хільчыха. Перманентна адсяленне доўжылася гадамі. Людзі перасяляліся ў межах раёна. Закончылася яно ў 2008 годзе. Усім дзяржава давала магчымасць выбару месца жыхарства і кампенсавала страты. Толькі вёска Лубень — былая цэнтральная сядзіба гаспадаркі «Брацтва» — заставалася непераселенай. Саўгас гэты пачаў будавацца на асушаных землях Палесся ў 1983 годзе па тыпу ельскага аграгарадка Зашыр’е. Пасля чарнобыльскай трагедыі будоўля не спынялася. А ў дзевяностыя гады пачалося масавае высяленне і з гэтага аграгарадка. Цяпер у Лубіне засталося некалькі сямей. Цэнтр гаспадаркі «Брацтва» перавялі ў вёску Дзямідаў. А ў новым аграгарадку засталіся закансерваванымі будынкі сярэдняй школы, дзіцячага садка, магазінаў, жывёлагадоўчага комплексу, больш за дваццаць новых дамоў. Лубін стаў помнікам канца XX стагоддзя. Там усё пустуе.

— Столькі сродкаў бездумна замуравана. Адразу ж пасля чарнобыльскага выбуху было вядома, што там людзі пражываць не могуць...

— Сродкі на будаўніцтва гаспадаркі паступалі з саюзнага бюджэту. Толькі праз гады было прынята рашэнне аб спыненні будоўлі  і  перасяленні людзей. У канцы дзевяностых гадоў вясковае насельніцтва ў раёне рэзка паменшылася, а ў Нароўлі пачаўся прырост жыхароў. Да 2005 года горад прырос амаль на 70 працэнтаў.

— Дзякуючы чаму?

— Вяскоўцы папоўнілі гарадское насельніцтва, а таксама пераехалі сем’і з Казахстана, Украіны і іншых рэгіёнаў былой дзяржавы. Сёння ў нашых вёсках менш за тры тысячы жыхароў. Яны працуюць у дзвюх гаспадарках, створаных на тэрыторыях, прыгодных для сельскагаспадарчай вытворчасці. У 1990 годзе на дваццаці тысячах гектараў сельгасугоддзяў раёна працавала больш за тры тысячы чалавек. Было 316 трактароў і 72 камбайны. Толькі магутных «К-700»  было  11. Раённыя аграпрамтэхніка і сельгасхімія лічыліся аднымі з лепшых у рэспубліцы. Сёння на гэтых дваццаці тысячах гектараў занята ў дзесяць разоў менш людзей. І тэхнічная ўзброенасць паменшылася. Засталося толькі 87 трактароў. Немагчыма ўкласціся ў тэрміны правядзення сяўбы. На раннія яравыя па тэхналогіі адводзіцца 10 дзён. Мы ледзьве паспяваем іх за месяц пасеяць. З кукурузай у нашым рэгіёне трэба ўправіцца да 10 мая, а мы звычайна завяршаем сяўбу ў сярэдзіне чэрвеня. Няма каму працаваць у полі. З-за парушэння тэрмінаў атрымліваем недабор ураджаю на 30—40 працэнтаў.

— І што вырошчваеце на гэтых землях?

— Кукурузу на сілас, рапс, збожжавыя культуры і сорак гектараў бульбы.

— Ці запатрабавана прадукцыя з гэтай зямлі?

— Сёння гэтыя ўгоддзі не прадстаўляюць аніякай небяспекі. Калі б я сумняваўся, то тут не жыў бы. Трэба выконваць элементарныя правілы, ведаць, чаго сцерагчыся. У першую чаргу не карыстацца дарамі лесу. Не ўжываць мяса дзікай жывёлы.

— А як з малаком?

— У насельніцтва кароў засталося мала. Усё малако правяраецца. Падрыхтаваны акультураныя выпасы. Некалькі нараўлянцаў пасвілі жывёлу на заліўным прыпяцкім лузе, які мае павышаную забруджанасць. І адразу прыборы зафіксавалі непрыгоднае для ўжывання малако. Ёсць яшчэ мясціны, дзе не рэкамендуецца пасвіць жывёлу.

Помнік «Памяці адселеных вёсак», усталяваны ў 1994 годзе ў г. Нароўля.

Помнік «Памяці адселеных вёсак», усталяваны ў 1994 годзе ў г. Нароўля.

Малако, якое гаспадаркі здаюць на Калінкавіцкі малаказавод, паказвае ступень забруджанасці да 30 бекерэлей, што дапушчальна па нормах. Мы перасталі выпасаць дойны статак, і кормім яго круглы год абсалютна чыстай кукурузнай масай. У нас праблемных сельскагаспадарчых тэрыторый не засталося. Паміж Вербавічамі і Нароўляй ёсць участак поля, дзе высокая радыяцыя. Аддалі яго лясгасу пад пасадку леса.

— А лес не набярэ радыяцыю?

— У сасны глыбокія карані, і яна чыстая, толькі крыху ў кары застаецца павышаны ўзровень. Мы дровы правяраем. Калі крыху акорыць сасну, то можна ўжываць на паліва. У большасці населеных пунктаў праведзены газаправоды, а там, дзе дамы не газіфікаваны, лясгас адпускае дровы толькі пасля праверкі.

— Брэнд Нароўлі — цукеркі «Кароўка». Як вам удалося ўтрымаць спецыялістаў унікальнага беларускага харчовага прадпрыемства?

— Там дзесяцігоддзямі фарміраваліся прафесійныя кадры. І сёння адкрытае акцыянернае таварыства «Чырвоны мазыранін» — градастваральнае.

— Мяне латышскія сябры неяк пачаставалі сваёй «Кароўкай». Упакоўка прывабная, а па якасці цукеркі значна ўступаюць нараўлянскім.

— І сёння як не спрабуюць на іншых фабрыках вырабляць аналагічную прадукцыю, не атрымліваецца. Наша «Кароўка» літая, а ўсюды яе прасуюць. Нашы цукеркі цягнуцца, а не крышацца і ламаюцца. Цяпер фабрыка выпускае да 4 тысяч тон прадукцыі ў год, дзесяць працэнтаў ідзе на экспарт. Быў перыяд, калі фабрыку хацелі закрыць. Але адстаялі мы яе і захавалі.

Другое не менш важнае для Нароўлі прадпрыемства — завод «Гідраапаратуры».

Калектыў яго супрацоўнічае з МТЗ. Выпускае фільтры, пластмасавыя дэталі і шлангі. На гэтай вытворчасці занята каля двухсот рабочых. Раней працавала больш людзей, але ўсталявалі станкі з праграмным кіраваннем, і колькасць скарацілася.

— Валерый Васільевіч, а што вас трымае ў Нароўлі?

— Я тут перажыў самыя складаныя гады і нікуды не з’ехаў, а прапаноў было дастаткова. Перасяляцца трэба да 35—40 гадоў. Многія мае знаёмыя, што перасяліліся пасля гэтага ўзросту, не змаглі пераадолець псіхалагічны бар`ер, прывыкнуць да новых абставін. Першыя гады пасля чарнобыльскай трагедыі сюды патокам везлі на пахаванне родных. Людзі не маглі на новых мясцінах прыжыцца. Крыху лягчэй было тым, хто ўсёй раднёй перабраўся. Калі мне прапаноўвалі пераехаць, я адчуваў сэрцам, што позна, што я маральна не гатовы. Жонка мая мясцовая, і сын Андрэй тут нарадзіўся.

— А сын дзе жыве?

— Ён закончыў Мазырскі педуніверсітэт імя Івана Шамякіна і працуе ў Палескім радыелагічна-экалагічным запаведніку.

— Якой вам бачыцца перспектыва раёна?

— Яго развіццё стрымлівае недахоп працоўных рэсурсаў. Многае значыць псіхалагічны фактар — побач з горадам зона адчужэння, якая пачынаецца адразу за ракой Прыпяць, што агібае горад. Вёска Вербавічы ў трох метрах ад зоны. Гэта ўздзейнічае на псіхіку. Змяншаецца колькасць вяскоўцаў. Быў момант, калі нас хацелі аб’яднаць з Ельскім раёнам. Але мы выпрацавалі нараўлянскую ідэю — барацьбу за існаванне раёна, у якой прапісалі, што ўсе праблемы вырашым самі, толькі просім у органаў вышэйшай улады зберагчы Нараўлянскі раён. Затраты на ўтрыманне яго невялікія. Нас пачулі, раён застаўся. Гэта дало стымул для далейшага развіцця. Сёння Нароўля — тры сярэднія школы, прафтэхвучылішча, дзіцячыя садкі, новая дзіцячая школа мастацтваў, рэканструяваная раённая бальніца. У нас цудоўны хор ветэранаў, багаты краязнаўчы музей і не менш сонца і цяпла, чым у курортнай Ялце.

Уладзiмiр Субат
Нараўлянскі раён
Фота аўтара і з архіва Нараўлянскага краязнаўчага музея

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter