Выгодно пенсионерам, молодым мамам и тем, кто работает по ночам: разбираемся в новых тарифах на бытовую электроэнергию

Мы так лiчым

Цiкавая навiнка: сёння бытавы спажывец электраэнергіі можа аплаціць яе па «сваім» тарыфе. У краіне для насельніцтва ўведзена дадатковая дыферэнцыяцыя тарыфаў на электраэнергію па трох часавых перыядах. Ці стануць яны запатрабаванымі сярод спажыўцоў ЖК-паслуг, даведвалася карэспандэнт «Р».

Мы можам карыстацца таксама трохзоннай дыферэнцыяцыяй тарыфаў на электрычную энергію для бытавых мэт.
Фота Дзяніса МАЛЫШЫЦА

Па спосабе жыцця


Нагадаем. Дыферэнцыраваная плата за электраэнергію ў нас упершыню з’явілася ў 2006 годзе. Тарыф у той час прадугледжваў два часавыя перыяды: мінімальных нагрузак — з 22.00 да 17.00 і максімальных — з 17.00 да 22.00. Дадатковая дыферэнцыяцыя павінна была паменшыць нагрузку на энергасістэму ў вячэрні час. Такім чынам насельніцтва дапамагло б знізіць затраты на вытворчасць электраэнергіі, а значыць, і самi тарыфы.

Ужо амаль два тыдні мы можам карыстацца таксама трохзоннай дыферэнцыяцыяй тарыфаў на электрычную энергію для бытавых мэт. Новыя часавыя перыяды выглядаюць так: час мінімальных нагрузак — з 23.00 да 6.00, максімальных — з 17.00 да 23.00 і астатні час сутак.

Наколькі прывабнымi аказалiся новыя тарыфы, падлічу на ўласным прыкладзе. У маёй кватэры ўсталявана газавая пліта. Кожны месяц мы з мужам укладваемся прыкладна ў 150 кiлават-гадзiн. Зараз святло аплачваю па спажыванні аб’ёму (гэта значыць, 150 кiлават-гадзiн) — гэта крыху больш за 26 рублёў у месяц. Калі перайду на аплату па трох перыядах, сумы будуць зусiм іншыя. Не буду стамляць доўгімі разлікамі. Выкарыстанне электраэнергіі пераважна ноччу ці днём да 17.00 палегчыць мой кашалёк на 21 і 22 рублі ў месяц адпаведна. Вячэрняе — на 37 рублёў. Раўнамернае размеркаванне электраэнергіі па ўсіх трох перыядах абыдзецца мне ў 27 рублёў. Але справа такая — у маёй сям’і новаўвядзенне не прыжывецца, таму што дома мы бываем у асноўным вечарамі.

Прыблізную суму для жыхароў кватэр або дамоў з электраплітамі разлічылі спецыялісты ДВА «Белэнерга». У якасці прыкладу ўзялі 250 кiлават-гадзiн у месяц. Атрымалася наступнае. Калі чалавек разлічваецца па аб’ёме спажывання, то кілават-гадзіны абыдуцца яму крыху больш за 37 рублёў у месяц. Калі большую частку кілават-гадзін выкарыстоўваць увечары (у перыяд максімальных нагрузак), то сума вырасце амаль да 50 рублёў. Калі ўначы — то ледзь дацягне да 32 рублёў. Выгадна? З якога боку паглядзець. Для тых, хто працуе па начах або цэлымі днямі знаходзіцца дома, выгада відавочная. Для прыхільнікаў начнога спосабу жыцця ёсць іншыя варыянты. Але як па мне, дык тут усё суб’ектыўна.


— Усё залежыць ад індыві­дуальнага спажывання электра­энергіі, — згаджаецца начальнік упраўлення збыту энергіі ДВА «Белэнерга» Віктар Жыткевіч. — Галоўнае, што ў чалавека з’явілася магчымасць выбраць тарыф у залежнасці ад спосабу жыцця. І пераход на новую тарыфікацыю — справа добраахвотная, а не абавязак, як можа здацца. Хачу звярнуць увагу, што ў выхадныя і святочныя дні дзейнічае тарыф перыяду мінімальных нагрузак.

Колькі чалавек карыстаецца новай паслугай, спецыялісты таксама не падлічаць. На тыя ж двухзонавыя тарыфы з 2006 года па ўсёй краiне перайшло ўсяго каля 2000 абанентаў. У асноўным тыя, чые прыборы ўліку накручвалі штомесяц ад 500 і больш кiлават-гадзiн.

Два лічыльнікі


Аплачваць электрычнасць па часе сутак могуць абаненты, у чыіх кватэрах устаноўлены шматтарыфны электронны лічыльнік. Для гэтага трэба звярнуцца ў арганізацыю па энергазабеспячэнні з заявай. Спецыяліст бясплатна наладзіць прыбор уліку, унясе дадзеныя ў сістэму АРІП і ўласную базу. Нюанс: калі захочаце вярнуцца да ранейшых тарыфаў, параметрызацыю лічыльніка і працу майстра давядзецца аплаціць.

Калі ў вас індукцыйны лічыль­нік, то яго трэба мяняць. Можна набыць яго самастойна (каштуе прыкладна 100 рублёў). Віктар Жыткевіч нагадвае: устаноўку трэба даверыць спецыялісту «Энергазбыту». Прычына простая — індукцыйны лічыльнік апламбаваны. Калі сарваць пломбу, можна трапіць у шэрагі тых, хто спажывае электраэнергію без уліку. І заплаціць за гэта немалы штраф.

Ёсць яшчэ варыянт замены індукцыйнага прыбора ўліку на электронны — дачакацца тэрміну метралагічнай атэстацыі прыбора ўліку. У гэтым выпадку яго заменяць бясплатна.

— Да 2023 года плануецца замяніць усе індукцыйныя прыборы ўліку на электронныя, — удакладняе Віктар Жыткевіч. — Сёння з 4,5 мільёна абанентаў электроннымі лічыльнікамі карыстаецца больш за 2 мільёны.

Дарэчы, пастанова Савета Міністраў таксама пашырае пералік спажыўцоў, якія могуць карыстацца тарыфам 0,0761 рубля за 1 кiлават-гадзiну на электраэнергію пры ўмове яе выкарыстання для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах, дзе няма сістэмы цэнтралізаванага ацяплення, якія абсталяваны электраплітамі. Дадзеным тарыфам зараз могуць скарыстацца і жыхары не толькі шматкватэрных, але і прыватных дамоў.

Да 2023 года плануецца замяніць усе індукцыйныя прыборы ўліку на электронныя.
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

ТАРЫФЫ

З 1 ліпеня 2019 года пастановай Савета Міністраў № 442 уведзена дадатковая трохзонная дыферэнцыяцыя тарыфаў на электрычную энергію, спажываную насельніцтвам для бытавых мэт:

— для жылых дамоў (кватэр), абсталяваных ва ўстаноўленым парадку электрычнымі плітамі:

1. на перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) — 0,0890 рубля за 1 кілават-гадзіну;

2. на перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 23.00) — 0,2671 рубля за 1 кiлават-гадзiну;

3. у астатні час сутак (з 6.00 да 17.00) — 0,1039 рубля за 1 кiлават-гадзiну;

— для жылых дамоў (кватэр), не абсталяваных ва ўстаноўленым парадку электрычнымі плітамі:

1. на перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) — 0,1048 рубля за 1 кiлават-гадзiну;

2. на перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 23.00) — 0,3143 рубля за 1 кiлават-гадзiну;

3. у астатні час сутак (з 6.00 да 17.00) — 0,1222 рубля за 1 кiлават-гадзiну.

ЛІЧБА

За мінулы год кожны абанент спажыў у сярэднім 110—112 кВт.г электраэнергіі ў месяц.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter