Мы – суседзі

Наш бліжэйшы сусед — Еўрасаюз — перажывае не лепшыя часы сваёй найноўшай гісторыі
Наш бліжэйшы сусед — Еўрасаюз — перажывае не лепшыя часы сваёй найноўшай гісторыі: хуткі выхад Вялікабрытаніі з ЕС, наймацнейшы на субкантыненце пасля Другой сусветнай вайны міграцыйны крызіс, унутраныя фінансавыя цяжкасці, якія вынікаюць з глабальнага эканамічнага кантэксту, палітычныя катаклізмы.    

Можа, менавіта таму букет існуючых праблем у Старым Свеце дазволіў прэзідэнту аднаго з асноўных у саюзе ігракоў — Германіі — публічна выказацца адносна далейшай інтэграцыі ў ЕС шэрагу еўрапейскіх краін. Фактычна Ёахім Гаўк заклікаў спыніць прыём новых членаў у еўрасям’ю, каб “вызначыцца з мэтамі і спланаваць далейшыя дзеянні”. У дуэце з ім супраць далейшых перамоў аб уступленні Турцыі ў ЕС выступіла палітычны нямецкі цяжкавагавік, канцлер Ангела Меркель, якая, дарэчы, плануе чацвёрты раз удзельнічаць у выбарах кіраўніка гэтай уплывовай дзяржавы. Нагадаю, у чарзе на ўваходжанне ў склад Еўрасаюза знаходзяцца Ісландыя, Турцыя, Македонія, Чарнагорыя і  Сербія, не гаворачы пра тых, хто падпісаўся на еўраасацыяцыю... Між іншым прэзідэнт Рэджэп Эрдаган за словам у кішэню з гэтай нагоды не палез, папярэдзіўшы: Турцыя адкрые свае межы з ЕС для мільёнаў імігрантаў, калі Еўрасаюз працягне падобную палітыку ў адносінах да Анкары.

Сёння ў еўрасадружнасці існуе ўнутраная напружанасць і ўзрастае нянавісць адносна мігрантаў, тайных ісламістаў, якія аселі ў ЕС. Так, у Аўстрыі невядомыя ажыццявілі спробу падпалу лагера бежанцаў. І такіх прыкладаў апошнім часам шмат: падпал цэнтра французскай камуны Форж-ле-Бен, будынкаў для ўцекачоў пад Лейпцыгам і ў той жа Аўстрыі, напады на іншаземцаў на вуліцах. І наадварот. Ураўнаважаныя раней еўрапейцы цяпер наогул перажываюць сіндром страху тэрактаў — баяцца знаходзіцца ў людных месцах.

А пакуль усё гэта адбываецца, Еўракамісія жорстка папярэдзіла Італію, Іспанію, Літву, Славенію, Фінляндыю, Кіпр, Партугалію і Бельгію аб сваіх бюджэтных абавязацельствах. Напрыклад, з-за фінансавага крызісу сума даўгоў італьянскіх банкаў склала 360 мільярдаў еўра, дзяржаўны доўг Іспаніі — 1,107 трыльёна еўра. Аналагічная статыстыка і па іншых... Тым не меньш у сувязі з сучаснымі “выклікамі і пагрозамі” Еўрасаюз мусіць рэзка павялічыць ваенныя выдаткі: на кібербяспеку, разведку, абаронныя касмічныя праграмы, трансмежавыя закупкі зброі. Зараз 80 працэнтаў адпаведных закупак ідзе на нацыянальных узроўнях.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter