Мы плануем, птушкі планіруюць

Хто плануе, а хто (або што) планіруе, што фармуе, а што фарміруе? Каго будзем ратаваць, а каго раціраваць?
Хто плануе, а хто (або што) планіруе, што фармуе, а што фарміруе? Каго будзем ратаваць, а каго раціраваць? Вось колькі пытанняў выклікае адзін толькі суфікс –ір-, яго ўжыванне або неўжыванне.
Вельмі часта нам падаецца, што суфікс –ір- у дзеясловах лішні. І сапраўды, у многіх выпадках можна абысціся без яго, і ў слоўніках пазначаны два варыянты: адзін з суфіксам, а другі без. Так, правільна акампанаваць і акампаніраваць, інвеставаць і інвесціраваць. Смела выбірайце, што больш падабаецца, бо сэнс са стратай суфікса не мяняецца.

Аднак вернемся да дзеясловаў, з якіх пачыналі: ратаваць — раціраваць, планаваць — планіраваць, фармаваць — фарміраваць. У гэтых выпадках з выпадзеннем суфікса дзеяслоў ператвараецца ў іншы. Так, раціраваць — гэта пастаянна на працягу пэўнага часу ставіць у эфір песню або відэакліп (зыходнае слова — ратацыя), а ратаваць — дапамагаць у цяжкай сітуацыі. Зразумела, што дзеясловы адносяцца да зусім розных сфер дзейнасці. Тое ж з планаваць і планіраваць. Планаваць — значыць, рабіць расклад працы або адпачынку. А планіраваць — гэта плаўна зніжацца. Што да фарміраваць і фармаваць, то гэтыя дзеясловы больш блізкія па сэнсе паміж сабой, чым іншыя згаданыя. Агульнае значэнне “надаваць форму, аб’ядноўваць” (ці то прамое, ці пераноснае) іх злучае. Але адрозненні таксама значныя. Так, фарміраваць — значыць, арганізоўваць, ствараць (напрыклад, урад, таварны састаў). А вось фарма-ваць — гэта надаваць нечаму пэўную форму. Можна, напрыклад, фармаваць цэглу, хлеб.
Такім чынам, адкажам на пытанні, пастаўленыя ў пачатку. Ратаваць будзем сябра з бяды, а раціраваць — песню на радыё. Плануе кіраўнік, а планіруе самалёт або птушка. Фармуе свае вырабы ганчар, а фарміруе (напрыклад, светапогляд) — грамадства.
Мова — з’ява складаная. Будзьце ўважлівыя да слова!

Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter