Мы пачынаемся з кнiгi

Новы  зоркалёт,  па  версii  Раiсы  Баравiковай,  зроблены  на...  жодзiнскiм  заводзе...

Новы  зоркалёт,  па  версii  Раiсы  Баравiковай,  зроблены  на...  жодзiнскiм  заводзе...

Яшчэ гадоў 10—15 таму назад самымi актыўнымi ў чытацкай аўдыторыi былi тыя, хто аддаваў перавагу замежным, а потым расiйскiм дэтэктывам, трылерам, эротыцы. Але тое адмоўнае, што несла i яшчэ пакуль што нясе да нас заходняя “антыкультура”, здаецца, пачало адступаць на заднi план. Цiкавасць да роднага краю, асаблiвасцей яго духоўнага жыцця, прыроды абуджаецца сёння не толькi сацыяльнымi ролiкамi па тэлебачаннi. Асноўныя прыярытэты тут зноў пачала вызначаць кнiга. 

Беларускiя дзяржаўныя выдавецтвы шмат працуюць у гэтым кiрунку. Толькi за апошнiя паўгода, па словах Iгара Лапцёнка, намеснiка мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь, iмi было выдадзена 419 назваў (для параўнання: 575 назваў за ўвесь апошнi год). I хаця лiчбы параўнальна невялiкiя, усё ж адчуваецца станоўчая дынамiка ў выдавецкай справе ў нашай краiне. 

Попыт, як вядома, нараджае прапанову. Як паказвае практыка, вельмi папулярнымi ў наш час зноў становяцца творы класiчнай лiтаратуры. Апошнiм часам значна павялiчваецца выданне такiх кнiг. Ды i беларуская класiка доўга не залежваецца на палiцах кнiгарань: творы Мрыя, Макаёнка, Купалы, Маўра, Брыля, Шамякiна ды iншых нашых таленавiтых землякоў перавыдаюцца ўсё часцей. 

Да сённяшняга часу, тым не менш, застаецца праблема выдання беларускай дзiцячай лiтаратуры, у тым лiку i на беларускай мове. Усяго толькi каля 20 такiх новых твораў штогод бачаць свет. 

— Гэта вельмi мала, — зазначыў на прэс-канферэнцыi Iгар Мiкалаевiч. – Трэба рабiць пэўныя захады, каб пашырыць iх выданне. I мы працуем над гэтым. 

А што самi пiсьменнiкi? Яны таксама працуюць у гэтым напрамку. Напрыклад, побач з iмёнамi вядомых беларускiх дзiцячых творцаў (Артур Вольскi, Алесь Якiмовiч, Васiль Вiтка, Янка Маўр, Алена Васiлевiч ды многiя iншыя) сёння па праву можна паставiць iмя не менш вядомай беларускай пiсьменнiцы, паэтэсы i празаiка Раiсы Баравiковай. Нядаўна яна выдала прыгоднiцкiя “Казкi астранаўта”, напiсаныя ад iмя астранаўта-беларуса. Беларускi дух з яго чысцiнёй, шчырасцю, блiзкасцю да прыроды – тое, што варта “запускаць” у космас для абмену вопытам з iншымi цывiлiзацыямi… “Гэта ўсё Беларусь”, — прызнаецца Раiса Андрэеўна, прэзентуючы вынiк двухгадовай працы. I сапраўды, нават зоркалёт ў яе кнiзе зроблены… Дзе б вы думалi? На жодзiнскiм заводзе! Пiсьменнiца плануе i далей працаваць над творамi прыгоднiцкiмi, звязанымi з космасам, тым больш што сама, па яе словах, ужо даўно захапляецца астраномiяй. 

Даволi многа пачало выдавацца кнiг, прысвечаных культуры i прыродзе зямлi беларускай. Непаўторнасць, унiкальнасць цi проста вартая ўвагi прыгажосць карцiн нашых мастакоў, архiтэктурных помнiкаў,  чыстых сiнiх азёраў i гасцiнных вёсак… Усё гэта  не можа пакiнуць абыякавымi не толькi пiсьменнiкаў i фатографаў, якiя ствараюць такiя кнiгi, але i сучаснага чытача. А з гiсторыяй свайго краю вачыма Яўфiма Карскага, вядомага беларускага гiсторыка, фалькларыста канца 19 – пачатку 20 ст., можа пачаць знаёмiцца любы цiкаўны: першы том яго вялiкай сямiтомнай працы “Беларусы” ўжо выдадзены выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя”. 

Што ж тычыцца знешняга воблiку кнiг, то сучасныя выдаўцы не грэбуюць прынцыпам “Па вопратцы сустракаюць…”. Улiчваюцца ўсе запатрабаваннi прыдзiрлiвай чытацкай аўдыторыi. Часам i не ведаеш, пра што кнiга (назвы прачытаць не паспееш), а рукi самi цягнуцца да прыгожай рознакаляровай глянцавай вокладкi. Глядзiш – i тое, што пад ёю, зацiкавiла… 

Беларуская культура, як птушка фенiкс, занадта часта мусiла распраўляць ужо згарэлыя крылы. I сёння ў многiм дзякуючы друкаваным выданням мы можам з гонарам казаць, што мы, беларусы, – людзi, якiя маюць цудоўную культурную спадчыну i якiя, хочацца верыць, здольныя захоўваць i развiваць тое лепшае, што маем. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter