«Лістапад-2012» прадстаўляе гледачам рэкордную колькасць фільмаў
19-ы Мінскі Міжнародны кінафестываль «Лістапад» працягваецца ў беларускай сталіцы. Адкрыццё кінафоруму прайшло ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі. Ад імя ўрада краіны гасцей і ўдзельнікаў вітаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік.
Як адзначыў ён, з кожным годам «Лістапад» становіцца ўсё больш маштабным, набываючы свае асаблівыя рысы і прыцягваючы да сябе ўвагу ўсяго кінасвету. Цікавую і насычаную праграму прапануе і сёлетні фестывальны тыдзень. У конкурсных і пазаконкурсных паказах гледачам будзе прадстаўлена рэкордная колькасць фільмаў — больш як 300 стужак.
Анатоль Тозік зачытаў прывітальнае слова ўдзельнікам і гасцям «Лістапада» ад Прэзідэнта Беларусі — кінафорум знаходзіцца пад асабістым патранатам кіраўніка дзяржавы.
У ходзе ўрачыстай цырымоніі Анатоль Тозік уручыў спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве». Сёлета ўладальнікам пачэснай узнагароды стаў вядомы расійскі рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсер, генеральны дырэктар кінаканцэрна «Масфільм» Карэн Шахназараў.
У кіно Карэн Шахназараў дэбютаваў у 1979-м з фільмам «Дабракі».
Шырокую вядомасць яму як рэжысёру і сцэнарысту прынесла карціна «Мы з джаза». Наступныя яго работы таксама добра ведаюць гледачы. Гэта мастацкія стужкі «Кур’ер», «Амерыканская дачка», «Зімовы вечар у Гаграх», «Яды, альбо Сусветная гісторыя атручванняў», «Царазабойца», «Палата № 6»...
Дзякуючы за прысуджаную ўзнагароду, Карэн Шахназараў адзначыў, што ён вельмі крануты такой увагай.
— Для мяне гэтая адзнака — не проста фармальнасць. Мой бацька прымаў удзел у вызваленні Мінска. Я нарадзіўся ў СССР, таму Беларусь застаецца для мяне такой жа радзімай, як і Расія. Свае фільмы я раблю ў роўнай ступені як для расійскіх, так і для беларускіх гледачоў, — сказаў рэжысёр.
Дарэчы, перад урачыстай цырымоніяй ён прызнаўся журналістам, што ў Мінску не быў ужо гадоў дзесяць, але заўсёды прыязджае сюды з задавальненнем, бо ў яго тут многа сяброў, з якімі ў маладосці разам вучы-ліся ў Маскве ў інстытуце кінематаграфіі. Ну а яго сёлетні статус пачэснага госця фестывалю надае візіту яшчэ больш пазітыву. Як справядліва лічыць рэжысёр, быць госцем — гэта заўсёды выдатна.
Урачыстая цырымонія адкрыцця кінафоруму падарыла прыхіль-нікам «дзясятай» музы сустрэчы з многімі вядомымі дзеячамі кінамастацтва — Гена-дзем Гарбукам, Эмануілам Вітарганам, Андрэем Звягінцавым, Верай Паляковай, Гошай Куцэнка, Кацярынай Стрыжэнавай, Сяргеем Кацьерам, Дзянісам Паршыным...
Па традыцыі на сцэне аб штатыў кінакамеры была разбіта мінулагодняя фестывальная талерачка — на шчасце, каб новы, распачаты фестываль быў яшчэ больш удалым і яркім, чым папярэдні.
За гэты час на розных кінаэкранах горада паказаны ўжо дзясяткі карцін.
Практычна ноччу адбывалася размова з гледачамі (фільм закончыўся ў 23.20) Ханса Вайнгартнера. На фестывалі ў пазаконкурснай праграме «Вачыма Германіі» малады нямецкі рэжысёр прадставіў свой фільм «Сума ўсіх маіх частак». У Мінск Ханс Вайнгартнер прыехаў упершыню. Упершыню ўдзельнічае і ў «Лістападзе». Ён уражаны тым, што ўбачыў у Мінску. На яго думку, у фестывальную праграму адабраны вельмі якасныя фільмы. Напрыклад, Ханс Вайнгартнер высока ацаніў і новую работу Сяргея Лазніцы «У тумане», якую паспеў паглядзець у дзень адкрыцця форуму.
Дарэчы, на двух паказах гэтай карціны, знятай па аднайменным творы Васіля Быкава, практычна не было свабодных месцаў.
На «Лістападзе-2012» яна не толькі адкрывала фестываль, але і ўваходзіць у праграму асноўнага конкурса ігравога кіно, разам з 12 іншымі стужкамі прэтэндуючы на галоўную адзнаку — Гран-пры. Кінаманы чакаюць прыезду ў Мінск самаго аўтара — нашага земляка Сяргея Лазніцу, які цяпер жыве ў Германіі. Сустрэча з ім і яшчэ адзін паказ нашумелай стужкі запланаваны на 7 лістапада ў Доме кіно. Нагадаем, фільм «У тумане» зняты з удзелам «Беларусьфільма» i мае ўжо шмат узнагарод, сярод якіх сёлетні прэстыжны прыз кінапрэсы FIPRESCI на Канскім кінафестывалі.
Між іншым творчасць Сяргея Лазніцы вылучае і сёлетні старшыня міжнароднага журы асноўнага конкурсу ігравога кіно вядомы расійскі кінарэжысёр Андрэй Звягінцаў. Яшчэ перад пачаткам конкурсу ў размове з журналістамі, расказваючы пра маладых рэжысёраў, блізкiх яму па духу, ён назваў і імя Сяргея Лазніцы.
— Рэжысёраў, чые ідэі выклікаюць у мяне пачуццё нейкай творчай салідарнасці, я магу назваць недзе з паўдзясятка. Мы — не сябры, асабіста я знаёмы з адным-двума — не больш. Але я вельмі высока ацэньваю іх як творчых лю-дзей, якія фарміруюць сёння важныя зместы і могуць перадаваць іх сэнс сродкамі кінамастацтва, — адзначыў Андрэй Звягінцаў.
Дарэчы, сам ён наступным летам плануе пачаць здымкі новай карціны. Пра што фільм? На гэтае пытанне рэжысёр адказваць не любiць і заўсёды адмаўляецца, гаворыць, што расцэньвае такі адказ, як здраду творчаму замыслу. А ў двух словах — сучасная гісторыя, правінцыяльная драма. Між іншым, у жніўні ў пошуках натуры для здымак Андрэй Звягінцаў добра пакалясіў па Беларусі. Але — безвынікова, на жаль. Здымаць вырашылі недалёка ад Мурманска. Магчыма, новую стужку ўбачым і на адным з будучых «Лістападаў»?
Вядомы літоўскі кінарэжысёр Шарунас Бартас прыехаў на сёлетні фестываль з рэтраспектывай сваіх работ — гледачам прадстаўлена адразу восем карцін. На думку рэжысёра, удзел у «Лістападзе» — гэта яшчэ і выдатная магчымасць у прыемнай творчай атмасферы абмеркаваць з калегамі з іншых краін будучае супрацоўніцтва. У прыватнасці, Шарунас Бартас разважае над сумеснымі праектамі з «Беларусьфільмам».
Сёлетні «Лістапад» сабраў у Мінску і вядомых французскіх кінематаграфістаў. У журы конкурсу «Маладосць на маршы» працуюць браты Давыд і Стэфан Фанкінасы. Першы — пісьменнік і рэжысёр, другі — рэжысёр і кастынг-дырэктар у Вудзі Алена. Рэжысёр і кампазітар Зігфрыд прыехаў прадставіць на «Лістападзіку» сваю карціну «Дзіцячыя гісторыі». А заўтра ў Малой зале Палаца Рэспублікі кінаманы чакаюць сустрэчы са знакамітай французскай актрысай, зоркай еўрапейскага кіно Андрэа Феррэоль.
На здымку: намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль ТОЗІК уручае спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» кінарэжысёру Карэну ШАХНАЗАРАВУ.
Фота: БЕЛТА