Мы ўдзячныя добрым людзям

Яны прыехалі сюды, каб працягнуць  вучобу ў Беларусі, пра якую даведаліся яшчэ дома, у Кітаі
Яны прыехалі сюды, каб працягнуць  вучобу ў Беларусі, пра якую даведаліся яшчэ дома, у Кітаі. Чым іх яна прыцягнула? Чым уразіла? І што натхняе маіх суразмоўцаў, аспірантаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паглыбляць свае веды менавіта тут, у нашай краіне?   


 Мы сустрэліся ў кафэ насупраць Акадэміі навук. Нас чацвёра за столікам: Баа Ін, Чжан Хуншань, Чжаа Нэнжань ды я. Мае суразмоўцы — аспіранты БДУ. Баа вучыцца на факультэце міжнародных адносінаў, Чжан і Чжаа — на філалагічным. Усе дружалюбныя і гаваркія, хоць відаць: маладыя людзі крыху ўсхваляваныя. Але гэта не перашкаджае нашай нязмушанай гутарцы.  

— Чаму вы вырашылі вучыцца за мяжой?

Баа: Я даўно выбрала рускую мову як спецыяльнасць. Таму вырашыла паглыбіць веды па гэтым прадмеце. А летась якраз узнік праект супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. І я прыехала сюды па абмене.

Чжан: Я жыву ў Беларусі шэсць гадоў. Пра вашу краіну ў асноўным даведаўся з інтэрнэту. Чытаў, што тут вельмі спакойна, не бывае войнаў, людзі жывуць у міры і дружбе. Таму і вырашыў прыехаць сюды.

Чжаа: Як і Баа, я таксама цікаўлюся рускай мовай. Дзяржава вылучыла мне сродкі, каб я магла тут вучыцца. Такое адбываецца не часта, таму я не хачу ўпусціць такую магчымасць.

— Ці ўзнікалі складанасці з адаптацыяй да мясцовай культуры? Беларусь жа адрозніваецца ад Кітая, а Мінск ад вашых родных гарадоў.

Баа: Гэта хутчэй не складанасці, а проста моманты ўваходжання ў іншую культуру. Розніца, вядома, паміж на-шымі краінамі вельмі вялікая. Я жыла ва Унутранай Манголіі, у аўтаномным раёне на поўначы Кітая, а там змешаная культура. У Кітаі існуе шмат розных народнасцяў. У маім горадзе палова жыхароў — прадстаўнікі малых нацыянальнасцяў. Астатнія — ханьцы, дамінуючая нацыянальнасць Кітая. Вядома, у вас таксама шмат нацыянальнасцяў, але ўсе яны жывуць прыкладна ў рамках адной культуры. А ў нас, паўтаруся, культура змешаная.

Чжан: Мой родны горад — Xi Chun у правінцыі Hei Long Jiang, таксама на поўначы Кітая. Я сам ханец, як і большасць жыхароў майго горада. Сапраўды, у Беларусі адна канкрэтная культура на чале, у той час як у нас шмат розных без ярка выяўленага дамінавання.

Чжаа: Мой родны горад Antu ў правінцыі Jilin — недалёка ад мяжы з Паўночнай Карэяй. Гэта зусім недалёка ад Расіі. Там часта можна ўбачыць замежнікаў: і паўночных карэйцаў, і расіян. З эканамічных меркаванняў рэклама ў горадзе падаецца на трох мовах:  рускай, кітайскай і карэйскай. Так што, акрамя кітайскай, я яшчэ крыху ведаю і карэйскую мову, а тут вучу рускую.

— Якую з дзвюх дзяржаўных моў Беларусі вам лягчэй асвойваць?

Баа: Да прыезду сюды я не сутыкалася з беларускай мовай. Яна ў Кітаі практычна нідзе не выкладаецца. Сваёй спецыяльнасцю выбрала рускую мову, а беларускую спрабавала вучыць, калі паступіла. Па-мойму, граматыкі ў рускай і беларускай мовах падобныя, толькі вымаўленне адрозніваецца. Але абедзве гэтыя мовы, на мой погляд, больш складаныя, чым англійская.

Чжан: Паколькі я вучыўся на філалагічным факультэце, крыху вывучаў “беларускую мову”. Гэта было тры гады назад. А вырашыў паспрабаваць, таму што ў метро і на аўтобусах усе надпісы і абазначэнні зробленыя па-беларуску. “Гэта што такое? Я нічога не разумею!” — здзіўляўся я. Як мне падаецца, беларуская і руская — вельмі розныя мовы. Цяпер я ўжо нядрэнна чытаю па-беларуску і нават крыху гавару. Але рускую мову ўсё-такі ведаю лепш, беларуская для мяне складаная.

Чжаа: Пакуль што я тут толькі адзін год, не так доўга, як Чжан. Я зу­сім не ведаю беларускую мову, але мне падаецца, што той, хто добра ведае рускую, лёгка яе зразумее.

Баа (смяецца): Не, не лягчэй!

Чжаа: Мне часта даводзіцца выкарыстоўваць “перакладчыкаў” на лекцыях. Выкладчык расказвае па-беларуску, а я нічога не разумею. У такіх выпадках звычайна побач са мной сядзіць хто-небудзь са студэнтаў-беларусаў, без гэтага ніяк.

— Ці шмат у вас знаёмых у кітайскіх школах, якія хацелі б паступіць у беларускія ВНУ?

Баа: Няшмат. Тых, хто выбірае рускую мову як спецыяльнасць, зусім мала. Некаторыя хлопцы і дзяўчаты, якіх я ведаю, жывуць цяпер у Расіі, што і зразумела, бо мой родны горад на мяжы паміж Кітаем і Расіяй. Дзякуючы чаму я з дзяцінства трошкі ведала рускую культуру. А людзей, якія паступалі ў ВНУ Беларусі, сустрэла ўжо тут, у школе такіх не было.

— Ці плануеце вы пасля атрымання дыплома вяртацца назад у Кітай, ці ж хочаце жыць і працаваць тут?

Баа: Я хачу застацца, але нам нельга. У пагадненні напісана, што пасля заканчэння аспірантуры мы абавязаны вярнуцца ў Кітай і там працаваць не менш як два гады. Толькі пасля гэтага мы ўжо можам самастойна нешта выбіраць. Таму я папрацую ў Кітаі, а потым ужо вырашу, што рабіць далей.

Чжан: Як толькі я атрымаў дыплом, пачаў шукаць работу, таму што мая дзяўчына (паказвае на Чжаа) толькі паступіла. Цяпер чакаю, калі яна скончыць навучанне, а там паглядзім.

Чжаа: Мне яшчэ тры ці чатыры гады трэба тут вучыцца, потым атрымаць дыплом. Пасля гэтага я хацела б знайсці работу тут.  

— Ці падабаецца вучоба ў Беларусі? Чым прывабная Беларусь для замежнага студэнта?

Баа: Вельмі падабаецца. Людзі ў вас добрыя, пісьменныя і ветлівыя. Усюды парадак, я вельмі рэдка бачу, каб дзе-небудзь не выконваліся пэўныя правілы. Гэта можна заўважыць нават у чэргах.

І калі ў цябе ёсць нейкае пытанне, то можна звярнуцца да каго хочаш на вуліцы, усе будуць рады дапамагчы. У мой першы дзень у Мінску я наогул нічога не ведала, не разумела, дзе знаходжуся. Звярнулася да мінчаніна, але ён не змог мне растлумачыць, куды ісці. Але маё пытанне пачуў яшчэ адзін незнаёмец. Тут жа падышоў і дапамог. Гэта вельмі добры ўчынак. Мне шмат хто тут дапамагаў. Таму я і мае сябры ўдзячныя добрым людзям.

Падабаецца яшчэ і ваш чысты горад. Асабліва паветра. У нас у Кітаі ў развітых гарадах паветра зусім не такое. Увогуле, Беларусь — добрая краіна, і я рада, што магу тут вучыцца.

Чжан: Тут усе выкладчыкі класныя. Калі ты добры студэнт, то ў твой адрас шмат пахвал. Калі ты праспаў, цябе пачнуць шукаць: “Дзе Чжан? Чаму ён не на занятках?!” (смяецца). Выкладчыкі клапоцяцца пра сваіх студэнтаў. І ўрачы вашы падабаюцца. Я толькі што прыйшоў з паліклінікі: мне рабілі керамічную каронку ў стаматалогіі. Доктар трапіўся засяроджаны, сур’ёзны і ўважлівы. Мне гэта даспадобы.

Чжаа: Я таксама думаю, што вашы выкладчыкі вельмі прафесійныя і адказныя. Яны часта звяртаюць увагу не толькі на вучобу, але і на жыццё студэнта і яго здароўе. Калі я захварэла, мой навуковы кіраўнік кожны дзень тэлефанавала мне і хвалявалася за мяне.  

Гутарыў Антон Мардзіловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter