«Мы чакаем не тэкст, а твор...»

20 снежня юбiлей адзначае старэйшы беларускi лiтаратурна-мастацкi часопiс «Полымя»

Лепшыя  традыцыi  нацыянальнай  лiтаратуры  85  гадоў  захоўвае  часопiс  «Полымя» 

20 снежня юбiлей адзначае старэйшы беларускi лiтаратурна-мастацкi часопiс «Полымя». Яго гiсторыя — гэта гiсторыя беларускай лiтаратуры. У стварэннi часопiса прымалi ўдзел Янка Купала i Якуб Колас, на яго старонках у розныя гады друкавалiся скрозь нацыянальныя класiкi, прызнаныя майстры слова — Платон Галавач, Цiшка Гартны, Кузьма Чорны, Iван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Максiм Танк, Кандрат Крапiва, Iван Навуменка, Васiль Быкаў, Iван Шамякiн, Уладзiмiр Караткевiч... Чым сёння адметны часопiс «Полымя»? На пытаннi  «Р» адказвае галоўны рэдактар выдання-юбiляра пiсьменнiк Мiкола Мятлiцкi. 

— «Полымя» —  выданне дзяржаўнае, часопiс выходзiць на грошы падаткаплацельшчыкаў i таму, лiчу, павiнен быць даступным вялiкаму колу аўтараў i цiкавым шырокаму колу чытачоў. Мы ганарымся тым, што сёння аўтары нашага часопiса — гэта прадстаўнiкi ўсiх рэгiёнаў краiны, жыхары гарадоў i вёсак. Сярод iх як вядомыя прафесiйныя пiсьменнiкi, так i пачаткоўцы. Разам з тым мы помнiм i пра папярэднiкаў. У рубрыцы «На паверцы iмёны» дэманструем чытачу, у першую чаргу маладому, якасныя ўзоры творчасцi тых паэтаў, празаiкаў, драматургаў, чыя творчасць стала класiкай, сапраўдным скарбам беларускай лiтаратуры. Наогул, са школьнiкамi, студэнтамi на старонках часопiса мы iмкнемся даходлiва i папулярна гаварыць пра нашу лiтаратуру, бо менавiта ў такiм узросце пачынаецца цiкавасць да яе i ў патэнцыяльных чытачоў, i, магчыма, у будучых пiсьменнiкаў. 

Дарэчы, у новым годзе мы плануем знаёмiць нашых чытачоў з рознымi жанрамi лiтаратуры, расказваць, што такое навела, апавяданне, аповесць, раман. Думаю, асаблiва для пачаткоўцаў такая гаворка на прафесiйныя тэмы вельмi своечасовая. Гэта свайго роду школа «Полымя», якая сталюецца на творчых прынцыпах лепшых прадстаўнiкоў айчыннай лiтаратуры. Нам ёсць што данесцi, i мы хочам, каб чалавек, якi бярэцца за пяро, усведамляў, што гэта нялёгкая, адказная i пачэсная справа — гаварыць з народам словам, каб цябе пачулi. Такое слова павiнна быць выверана i псiхалагiчна, i эмацыянальна, i вобразна. 

— А цi ёсць цiкавыя маладыя аўтары? 

— Маладыя вельмi радуюць. Здавалася б, з мовай праблемы, але ёсць, прычым i ў сталiцы, маладыя людзi, якiя выдатна ёй валодаюць. Напрыклад, наш аўтар Павел Барахвостаў, 10-класнiк 169-й мiнскай школы з фiзiчным ухiлам. Пiша цудоўныя вершы, ён нават стаў пераможцам нашага гадавога конкурсу на лепшую публiкацыю за самы яркi паэтычны дэбют. Альбо Аляксей Бруй, сёння ён ужо студэнт журфака БДУ. Яшчэ школьнiкам прынёс да нас свае даволi дасканалыя па форме, ёмкiя па зместу навелы. Сярод тых, хто хораша сябе зарэкамендаваў, Рагнед Малахоўскi, Юлiя  Новiк, Аксана Спрынчан, Мiкола Кандратаў, i гэты спiс можна працягваць. Маладым належыць гэтае стагоддзе, iмi будзе стварацца лiтаратура не толькi сённяшняга, але i заўтрашняга дня. Прыемна, што творчасць нашых маладых аўтараў сталюецца на падмурку нацыянальных каштоўнасцей, што яны разумеюць галоўнае — толькi сваёй нацыянальнай адметнасцю мы можам быць цiкавымi свету i памножыць яго духоўныя сiлы. 

— Якое галоўнае патрабаванне рэдакцыi часопiса да прапануемых аўтарамi твораў? 

— Пра яго мы часта нагадваем — «Полымя» не можа дазволiць сабе тое, што дазваляюць фрывольныя выданнi. У нашага часопiса вельмi трывалыя традыцыi. Ён стаiць на падмурку вышэйшых дасягненняў нацыянальнай лiтаратуры, i нам хацелася б, каб у iм i надалей друкавалася самае адметнае, тое, што створана не лiтаратурнымi дзялкамi, а сапраўднымi прафесiяналамi. Сёння, на жаль, шмат чаго называюць словам «лiтаратура». Iншы раз я адкрыта гавару аўтару: «Мы чакаем ад вас не тэкст, як вы яго самi называеце, а твор. Гэта розныя рэчы i зусiм не тое, чым вы займаецеся». 

Але, на шчасце, ёсць у нас прафесiйная беларуская лiтаратура, якая не спускаецца на танныя павевы моды, i ёсць сапраўдныя пiсьменнiкi, якiя заўсёды клапоцяцца, каб iх твор быў дасканалы, грэў душу, знаходзiў суперажыванне ў чытачоў, каб ён камусьцi дапамог, кагосьцi акрылiў у хвiлiну роспачы, камусьцi даў прагi жыцця i стаў духоўным апiрышчам. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter