
Святлана Дзямешка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама, распавяла, што праектаваннем і будаўніцтвам веладарожкі зоймецца УКБ Завадскога раёна горада:
— Прапанова аб будаўніцтве замацавана рашэннем выканкама, праект прапануецца ўключыць у інвестыцыйную праграму горада. 20-кіламетровая дарожка ад вуліцы Ташкенцкай да Цнянскага вадасховішча ў перспектыве стане часткай кальцавога 55—60-кіламетровага веламаршруту. Ён прадугледжаны Канцэпцыяй развіцця веласіпеднага руху Мінска і пройдзе па пяці паркавых зонах. З часам увесь горад будзе пранізаны веладарожкамі, як ніткамі. Атрымаецца своеасаблівая турысцка-рэкрэацыйная зона.
Аксана Зайцава, начальнік аддзела прадпраектнай падрыхтоўкі УКБ Завадскога раёна, кажа, што спраектаваць такую доўгую веладарожку — задача не з лёгкіх:
— 20 кіламетраў — гэта досыць вялікі аб’ём. Праектаванне мы пачнём, як толькі Мінгарвыканкам выдзеліць грошы. А пабудуем дарожку, як мяркуецца, да 2020 года.
Падумалі і пра мінчан, якія дабіраюцца на веласіпедах да пляжаў Мінскага мора праз аквапарк «Лябяжы».
— У тым раёне ёсць невялікі адрэзак на 150 метраў, так скажам, «народная сцежка», на якую з’язджаюць з магістралі, — тлумачыць Святлана Дзямешка. — Прапануем яе абсталяваць для руху двухколага транспарту. Гэта не значыць, што абавязкова пакладзём там асфальт, але нейкія месцы добраўпарадкуем і падфарбуем. Таксама ў наступным годзе плануецца спраектаваць кіламетровы ўчастак веладарогі ў парку Цівалі. Будаўніцтвам зоймецца УКБ Фрунзенскага раёна.

Зараз веласіпедысты могуць ездзіць па 27-кіламетровай магістральнай дарожцы, а таксама па двух пешаходных — у Лошыцкім парку і скверы 900-годдзя Мінска. Акрамя таго, для іх абсталявана 188 кіламетраў сумешчаных велапешаходных шляхоў.
Між іншым, у маі ў Мінску, магчыма, з’явіцца кікшэрынг — пракат электрасамакатаў. Як сэрвіс будзе працаваць? Зручны і хуткі транспарт прыпаркуюць на звычайных велапаркоўках з дапамо-гай «разумнага замка» (электронны замок, які працуе дзякуючы бесправадному ўзаемадзеянню са смартфонам уладальніка). Карыстальнік атрымае мабільную праграму, у якой будуць бачныя ўсе свабодныя самакаты. У адзін клік разблакіруе замок і паедзе па сваіх справах. А калі транспарт будзе непатрэбны — прышпіліць яго на смарт-лок да бліжэйшай велапаркоўкі. Плануецца, што пракат будзе каштаваць 1 рубель за пачатак арэнды і 19 капеек за кожную наступную хвіліну.
glushko@sb.by