Упершыню тэлемост злучыў гарады-пабрацімы Мінск і Новасібірск

Мы бачым і чуем адзін аднаго

Упершыню тэлемост злучыў гарады-пабрацімы Мінск і Новасібірск


У пачатку красавіка як у Беларусі, так і ў Расіі адзначалася 20-годдзе падпісання першых пагадненняў, якія паэтапна прывялі да стварэння Саюзнай дзяржавы. Святам даражаць і новасібірскія беларусы: мінулыя гады ўмясцілі шмат нашых добрых спраў на карысць брацкіх народаў. Пра гэта гаварылася і падчас тэлемоста паміж гарадамі-пабрацімамі Мінскам і Новасібірскам, які прайшоў напярэдадні юбілею.


Малюнак: Надзея Панкратава

У Вялікай зале мэрыі Новасібірска, упрыгожанай нацыянальнымі сцягамі Расіі і Беларусі, сабраліся на чале з мэрам Анатолем Локцем дэпутаты гарсавета, кіраўнікі раённых адміністрацый горада, супрацоўнікі Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, прадстаўнікі нацыянальна-культурных аўтаномій беларусаў, грамадскіх і культурных арганізацый, а таксама бізнесу. Прысутнічалі Саветнік, кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ў Расійскай Федэрацыі ў Новасібірску Сяргей Пяткоў і прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі ў Новасібірску Мікалай Афанасаў. А тым часам у Зале пасяджэнняў Мінскага гарвыканкама на чале з Андрэем Шорцам таксама сабраліся прадстаўнікі гарадской улады, грамадскіх і культурных арганізацый, бізнес-супольнасці, вядомыя людзі Беларусі.

У прывітальных словах кіраўнікі гарадоў адзначылі: важны ўклад кожнага з бакоў у развіццё брацкіх адносінаў. “Нягледзячы на тое, што мы і раней выбудоўвалі вельмі надзейныя, дружалюбныя адносіны з Новасібірскам, павінен сказаць: афіцыйны пабрацімскі статус — гэта ўжо якасна новы ўзровень работы. Перад намі адкрываюцца шырокія перспектывы для ўсебаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, — сказаў Андрэй Шорац. Гаварылі таксама пра перспектывы далейшай работы. Бо зносіны пры дапамозе сучасных тэхналогій і былі задуманы для карысці справы. Зрэшты, сёння, адзначалася, важна не толькі бачыць, чуць, але і разумець адзін аднаго, адчуваць, дзе мы можам быць узаемна карыснымі. Як вядома, супрацоўніцтва паміж Беларуссю і рознымі сібірскімі рэгіёнамі Расіі ў галіне эканомікі, навукі, культуры развіваецца не першы год. Пра гэта гаварылі, прыводзячы канкрэтныя прыклады, усе ўдзельнікі відэаканферэнцыі.

А пераняць адзін у аднаго нам ёсць шмат чаго. Паводле слоў Сяргея Пяткова, ва ўмовах нестабільнасці на сусветным рынку такое супрацоўніцтва неабходнае і важна павялічваць тавараабарот паміж краінамі. Патрэбна, адзначыў дыпламат, і праграма далейшага развіцця расійска-беларускага супрацоўніцтва па абмене інфармацыяй. Гэта, несумненна, дапаможа фарміраваць станоўчы імідж Беларусі, а значыць, павысіць цікавасць расійскіх бізнес-партнёраў да эканомікі краіны.

Гаварылі пра важную ролю, якую адыгрываюць Дні Рэспублікі Беларусі ў Сібіры — яны прайшлі ў Новасібірску і восенню мінулага года. Многія змаглі ўбачыць тэхніку, прамысловыя і харчовыя тавары, якія ўжо пастаўляюцца з Беларусі або, як гаворыцца, на падыходзе. Беларускія прадпрыемствы, асвойваючы новыя рынкі збыту, ужо ўносяць вялікі ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Новасібірскай вобласці. Прыводзіліся характэрныя лічбы: на кірмашы-2015 сваю прадукцыю прадставіла каля 30 беларускіх прадпрыемстваў. Вялікай папулярнасцю ў пакупнікоў карысталіся абутак, вопратка, мясная і малочная прадукцыя, а таксама кандытарскія вырабы, цукеркі, шакалад. У 2014-м, дарэчы, прадпрыемстваў было толькі шэсць. Не сакрэт: большасць беларускіх вытворцаў прыязджаюць на кірмаш для таго, каб знайсці ў Сібіры партнёраў, з якімі можна будзе непасрэдна працаваць.


Фота: Лізавета Дабрыцкая

Андрэй Шорац адзначыў: ужо каля 250 прадпрыемстваў Мінска ажыццяўляюць актыўную гандлёвую дзейнасць у рэгіёне. Па выніках 2015 года тавараабарот паміж Мінскам і Новасібірскай вобласцю склаў звыш 60 мільёнаў долараў. Асновай экспарту сталі трактары, нафта і нафтапрадукты, вылічальныя машыны, трансфарматары. Даўняе супрацоўніцтва, адзначыў першы сакратар Пасольства Расіі ў Беларусі Андрэй Грэшнікаў, звязвае Сібірскае аддзяленне Расійскай акадэміі навук і Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Як вядома, доўгія гады аддзяленнем РАН у Новасібірску кіраваў Валянцін Капцюг — беларус па родавых каранях (яго бацька нарадзіўся на Віцебшчыне, вымушаны быў адтуль з’ехаць у гады сталінскіх рэпрэсій), навуковец з сусветным іменем. Сумесныя намаганні навукоўцаў даюць плён у галіне энергетыкі, створаны новыя гатункі сельгаскультур. Беларускі бок праяўляе асаблівую цікавасць да багатага сібірскага досведу перапрацоўкі нафты, бо ў Беларусі працуюць буйныя нафтаперапрацоўчыя вытворчасці. Сібірскія навукоўцы зацікаўленыя ў больш шчыльным супрацоўніцтве з калегамі ў галіне інжынерных біятэхналогій, вытворчасці лекавых прэпаратаў, а таксама ўгнаенняў, іншых рэчываў для сельскай гаспадаркі.

Як жа скаардынаваць работу навукоўцаў на перспектыву? У планах — стварэнне Цэнтра, які дапаможа ўзгодненасці ў рабоце акадэмічных інстытутаў Беларусі і Расіі. А прэмія імя выдатнага новасібірскага навукоўца, акадэміка РАН Валянціна Капцюга ўжо па чарзе ўручаецца сібірскім і беларускім вучоным за сумесныя навуковыя дасягненні. Дарэчы, у Новасібірскім Акадэмгарадку ў 2001 годзе ўсталяваны бюст акадэміку Капцюгу на праспекце яго імені. Дык, можа, варта гарадскім уладам Мінска і Новасібірска разам падумаць і пра ўвека­вечанне памяці, усталяванне помніка знакамітаму беларусу і ў Беларусі, на гістарычнай радзіме?

Падчас тэлемоста актыўна гаварылі пра тое, як далей развіваць культурныя сувязі паміж Новасібірскам і Мінскам. Як адзначыла начальнік Дэпартамента культуры, спорту і маладзёжнай палітыкі мэрыі Новасібірска Ганна Церашкова, у многіх беларусаў і рускіх не толькі адна — хрысціянская — вера, але і блізкія карані, ёсць агульныя культурныя традыцыі. Яна запрасіла мінчан у госці на Дзень горада, а таксама на Дзень Хрышчэння Русі, іншыя святы, у якіх разам з карэннымі сібіракамі актыўна ўдзельнічаюць і сібірскія беларусы. Адзначым, некаторыя з іх — ужо самі спадчынныя сібіракі: іх продкі больш за сто гадоў назад пакінулі гістарычную радзіму.

Зрэшты, культурны абмен — гэта як дарога з двухбаковым рухам. Бо і новасібірцаў беларусы пастаянна запрашаюць на свае фестывалі народнай творчасці. Афіцыйныя дэлегацыі, а таксама творчыя калектывы прыязджаюць штогод, у пачатку ліпеня, на святкаванне Дня Незалежнасці Беларусі не толькі ў Мінск, але і іншыя гарады краіны. Пра цеснае ўзаемнае супрацоўніцтва падрабязна, з яркімі фактамі расказалі кіраўнікі Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў імя святой Еўфрасінні Полацкай Аляксандр Лагуценка і Людміла Шчаслівенка. Гэты цэнтр, як вядома, праводзіць у Новасібірску вялікую работу, са­дзейнічаў і таму, каб сталі гарадамі-пабрацімамі Мінск і Новасібірск. І нядаўна назначаны малады дырэктар Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Анастасія Трубянкова падзялілася творчымі планамі, яркімі ўражаннямі пра Беларусь, у якой ужо неаднаразова бывала. Дарэчы, у самой Насці, таленавітай спявачкі, кіраўніцы дзіцячага вакальнага ансамбля “Івалён”, родавыя карані — беларускія, а нарадзілася яна ў Сібіры. Лёс гэтай дзяўчыны, яе сваякоў — яркі прыклад таго, як цесна ўзаемазвязаны беларусы і расіяне паміж сабою і як узбагачаюць нас культурныя кантакты паміж народамі. А калі выступалі новасібірскія беларусы, то было відаць: іх суразмоўцам у Мінску, па другі бок экрана, вельмі прыемна было чуць ад сібіракоў словы падзякі за гасціннасць.


Фота: Лізавета Дабрыцкая

Абмен творчымі калектывамі... Сумесныя выставы рамёстваў і майстар-класы... Пастаяннае павышэнне ўзроўню самадзейных калектываў... Усё гэта, гаварылі ўдзельнікі тэлемоста, добра і правільна. І трэба рухацца далей, знаходзіць і развіваць новыя формы беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Зрэшты, ідэй цікавых, прапаноў па развіцці двухбаковых адносінаў выказвалася нямала. Сярод іх і такія: правядзенне Дзён беларускага кіно ў Сібіры, абмен гастролямі новасібірскіх і беларускіх тэатраў, канцэртных калектываў, мастацкімі выставамі, студэнцкімі будатрадамі.

З канкрэтнымі прапановамі падчас тэлемоста выступіла старшыня Новасібірскай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Надзея Санцэвіч. Яна лічыць важным, каб вынікі двухбаковага супрацоўніцтва былі вядомыя як мінчанам, так і новасібірцам. А каналы, формы для абмену такой інфармацыяй могуць быць розныя: фотавыставы ў метро і на розных гарадскіх пляцоўках, выставы літаратуры, публікацыі ў СМІ пра пабрацімскія адносіны Новасібірска і Мінска. Бо сібіракам і беларусам, гаварыла Надзея, шмат пра што можна расказаць адзін аднаму. Напрыклад, у Беларусі не ўсе ведаюць пра сібіракоў-чарнобыльцаў, пра тых, хто ваяваў на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў у яе вызваленні. І, напрыклад, абмен Пастамі № 1 ля Вечнага агню паміж новасібірцамі і мінчанамі адыграе вялікую ролю ў патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні маладога пакалення. Ад новасібірцаў такога гонару — паездкі ў Мінск улетку 2016 года — удастоеныя лепшыя вучні 120-й школы. Яны, дарэчы, таксама былі на тэлесустрэчы.

Мы працуем на будучыню, і мы бу­дзем пастаянна рухацца насустрач адзін аднаму — такое агульнае заключэнне зрабілі ў канцы дзелавой і ў той жа час сяброўскай, душэўнай размовы паміж гарадамі Анатоль Локаць і Андрэй Шорац, кіраўнікі Новасібірска і Мінска. Мінчане дзякавалі новасібірцам за ідэю, арганізацыю тэлемоста — прадуктыўную форму зносінаў, гаварылі: варта працягваць яе і надалей. Сярод канкрэтных сумесных спраў, пра якія ўдалося дамовіцца мінчанам і новасібірцам падчас тэлемоста, і абмен дэлегацыямі Ганаровай варты Паста №1: 9 Мая ў Новасібірску ўжо пабывала мінская дэлегацыя, а 22 чэрвеня — новасібірская ў Мінску. Гарады-пабрацімы абмяняюцца і творчымі калектывамі на час правядзення Дня горада, новасібірскага фестывалю славянскай культуры “Славянскі падворак”, а таксама Дня Хрышчэння Русі і яднання славянскіх народаў. А калі ў кастрычніку гэтага года будзе праходзіць ужо традыцыйны кірмаш беларускіх тавараў “Дні Беларусі ў Сібіры”, то “пад яго крылом” дамовіліся правесці таксама Фестываль беларускай культуры, Выставу літаратуры, прысвечаную 20-годдзю Саюзнай дзяржавы, і Дні беларускага кіно.

А ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ў нас у Новасібірску прайшоў вялікі святочны канцэрт, арганізаваны Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры. Напярэдадні скончыўся традыцыйны Фестываль-конкурс дзіцячай самадзейнай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!”. Свята, дарэчы, было юбілейнае: 10-ае па ліку. А на канцэрце выступалі пераможцы конкурсу: танцоры, вакалісты, музыканты, майстры народных рамёстваў. Гучалі рускія і беларускія песні. І буру эмоцый ізноў выклікала песня “Белая Русь”, выкананне якой на фестывалях — традыцыя. У ёй ёсць такія словы: “Когда в Хатыни зазвучат колокола,/ В России слышится их скорбный звон”.

Людміла Бяляўская, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter