Абвешчаны прэтэндэнты на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015—2016 гады

Музыцы не патрэбны пераклад

Абвешчаны прэтэндэнты на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015—2016 гады. Пасля пасяджэння экспертнага савета іх засталося шасцёра.



Абмеркаванне было прынцыповым і грунтоўным, расказала першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга. У выніку на суд грамадскасці трапілі чатыры намінанты ад Беларусі і два — ад Расіі. Цікава, што большасць прэтэндэнтаў адносяцца да музычнага мастацтва. Гэта цыкл патрыятычных песень кампазітара, народнага артыста СССР Ігара Лучанка, канцэртныя праграмы Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча, альбом «Дзе каліна цвіла» аўтарства народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Алега Елісеенкава і паэта Івана Юркіна, а таксама шэраг песень народнага артыста Расіі Алега Іванова і праект «Песні ваенных гадоў» пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Уладзіміра Федасеева. Члены экспертнага савета лічаць сімвалічным, што сёлета прадстаўлены не толькі творы, якія аб’ядноўваюць народы, але і ўслаўляюць подзвіг тых, хто змагаўся за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Музыцы не патрэбны пераклад, у гэтым яе каштоўнасць, — лічыць народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. — Яна моцна ўздзейнічае не толькі на пачуцці, але і на розум. І мы павінны быць шчаслівымі, што сёння існуюць творы, якімі потым будуць ганарыцца і нашы нашчадкі.

Таксама ў спісе прэтэндэнтаў на прэмію помнік Свяцейшаму Патрыярху Алексію II аўтарства архітэктара, настаяцеля Усіхсвяцкага прыхода ў Мінску Фёдара Поўнага, скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава і архітэктара, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Беларусі Ігара Марозава.

Як паведаміў намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, на працягу трох месяцаў будзе праходзіць грамадскае абмеркаванне кандыдатаў, кожны жадаючы зможа выказаць сваю думку, а ў верасні на чарговым пасяджэнні экспертнага савета будуць названы тры ўладальнікі ўзнагарод. 

Нагадаем, што прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва праводзіцца раз у два гады і традыцыйна ўручаецца на «Славянскім базары ў Віцебску».

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter