Пианист Александр Музыкантов: среди моей родни нет музыкантов

Музыкантам трэба нарадзіцца

Піяніст Аляксандр Музыкантаў — саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Пра яркую адоранасць Аляксандра Музыкантава загаварылі пасля яго выступлення на Міжнародным фартэпіянным конкурсе «Мінск-2000». Самы малады ўдзельнік, 16-гадовы піяніст атрымаў першую прэмію, апярэдзіўшы 85 выканаўцаў з 15 краін свету. Затым былі іншыя гучныя перамогі, конкурсы, лаўрэацкія званні. І інтэнсіўная канцэртная дзейнасць. Выступаў у ЗША, Польшчы, Германіі, Швецыі, Швейцарыі, Бельгіі. Іграў сольныя канцэрты і ансамблевыя праграмы ў буйнейшых залах Еўропы: у Парыжы, Бруселі, Лондане.

Сёння піяніст Аляксандр Музыкантаў — саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі.


— Аляксандр, напэўна, з вашым музычным прозвішчам ні пра якую іншую прафесію можна было і не задумвацца?

— Гэта як паглядзець. Музыкантавых у нас у радні шмат, але ж ніхто з бацькоў або сваякоў з музыкай не звязаны. Я — першы. Прытым цікава, што выбар гэты быў маёй ініцыятывай. Менавіта я ў шэсць гадоў закамандаваў, каб мяне адвялі на праслухоўванне ў музычную школу. Быў рукамі і нагамі за, каб туды пайсці, мяне ніколі сілком не цягнулі, як гэта з некаторымі дзецьмі бывае, рваўся заўсёды сам. 

І мае ўражанні ад наведвання музычнай школы былі проста захапляльныя. Зусім іншая атмасфера, чым у агульнаадукацыйнай школе, спагадлівая, без уціску, і галоўнае — індывідуальныя заняткі, у час якіх педагог аддаваў увагу  толькі мне аднаму, што мне вельмі падабалася. У гэтай музычнай школе ў маім родным горадзе Асіповічы я з задавальненнем бываю з канцэртамі і цяпер, заўсёды з радасцю туды вяртаюся, сустракаюся з выкладчыкамі.

— Паездак па краіне ў вас як саліста філармоніі шмат.

— Я раблю 8 канцэртаў у квартал з выездам у розныя куткі краіны, іграю ў абласных залах і ў сельскіх школах мастацтваў. Акрамя таго, даю канцэрты ў філармоніі ў Мінску. Гэта пастаянная практыка і рэгулярны вопыт, вельмі важныя і карысныя для піяніста, яны даюць стымул да развіцця, да пошуку, да абнаўлення рэпертуару. Мне падабаецца такая  дзейнасць.

— Думаю, знойдзецца нямала тых, хто лічыць паход на філарманічны канцэрт справай дарэмнай і сумнай...

— Памылковае меркаванне. Вельмі многія з задавальненнем ходзяць у філармонію. Бо гэта лепшы спосаб адысці ад будзённай руціны, пазбавіцца стрэсаў, дрэннага настрою. Усё прыходзіць і сыходзіць, а музыка вечная. І, лічу, чалавеку вельмі карысна дакранацца да вечнага, да таго, што будзе заўсёды. Спрыяе душэўнай раўнавазе. Да таго ж сёння класічная музыка імкнецца быць бліжэй да людзей, становіцца больш дэмакратычнай, не пужае элітарнасцю, снабізмам, а шукае новыя формы, каб прывабіць слухачоў, распаліць цікавасць да сябе. І зваротная рэакцыя прыкметная ўжо. Ва ўсякім выпадку, на маіх канцэртах у філармоніі заўсёды аншлаг, чаму я вельмі рады. Стымулюе да далейшых здзяйсненняў.

— А з конкурсамі скончана назаўсёды?

— Мабыць, так. Мне ўжо 32, і гэта ў большасці выпадкаў узроставая мяжа для канкурсанта. Наогул я не вельмі конкурсны чалавек, і падобныя мерапрыемствы, калі шчыра, не дастаўляюць мне шмат радасці, нават незалежна ад выніку. Бо конкурс заўсёды рызыка, рулетка. А значыць, дадатковыя хваляванні, перажыванні, эмацыянальны стрэс, якія мне вельмі не падабаюцца. Ведаю калегаў, для якіх конкурсы — неад’емная частка жыцця, і на гэтым засяроджваецца ўся іх творчая дзейнасць. Але падобнае не для мяне.

— Тым не менш не магу не ўспомніць вашу апошнюю па часе і прыгожую перамогу ў 2013 годзе.

— Сапраўды, той конкурс скончыўся ўдала. Ён быў дыстанцыйны, па відэаматэрыялах, сучасныя тэхналогіі дазваляюць рабіць якасныя запісы для гэтага. Адбор адбываўся ў Лондане. На конкурс было даслана каля 500 запісаў выступленняў ад выканаўцаў з усяго свету. Аўтарытэтнае журы выбрала толькі дваіх пераможцаў — музыканта з Францыі і мяне.

— Пасля нашай акадэміі музыкі і маскоўскай кансерваторыі вы тры гады жылі ў Лондане і вучыліся ў аспірантуры Каралеўскага каледжа музыкі. Не было жадання застацца, як робяць многія маладыя музыканты?

— Калі шчыра, упэўнены, што самае галоўнае не краіна, а тое, кім ты ў  ёй з’яўляешся і ці цікава людзям тое, што ты робіш, ці прыходзяць яны цябе паслухаць, ці запатрабаваны ты. Так адбываецца абсалютна ў любой краіне. 

У мяне былі магчымасць і час прааналізаваць сітуацыю: жыць і ствараць тут ці за мяжой. У мяне маса сяброў, якія маюць і той, і гэты вопыт. Але ў кожнага чалавека сваё жыццё, і ён павінен пражыць яго так, як ён хоча. Я зрабіў свой выбар. У краінах Заходняй Еўропы я люблю бываць госцем, турыстам, падарожнікам. Там засталіся добрыя творчыя кантакты, што спрыяе маёй замежнай канцэртнай дзейнасці. Але жыць там і рабіць выгляд, што ты свой, мне складана. 

Па тым жа Лондане можна было хадзіць з тыдзень і не пачуць роднага слова — няма з кім перамовіцца, ды і падставы для размовы няма. Іншая справа тут, калі выходзіш на вуліцу і сустракаеш адразу шмат сяброў, прыяцеляў, з якімі прыемна пабачыцца і пагутарыць.

— Вы любіце гуляць па горадзе пешшу?

— Чаму б і не? Аўтамабіля я пакуль не маю, але з гэтай нагоды не вельмі пакутую, бо на сёння ў мяне ёсць больш глабальныя праблемы для вырашэння — вось-вось абзавядуся ўласным жыллём. А перамяшчацца па горадзе пры  добрым надвор’і выдатна і на веласіпедзе.

— Як справы на педагагічнай ніве?

— На кафедры спецыяльнага фартэпіяна ў акадэміі музыкі ў мяне некалькі вучняў. Нямнога, але на гэтым этапе дастаткова. Пакуль прыярытэт аддаю канцэртнай дзейнасці. Бо гэта той вопыт і багаж, якім пасля змагу дзяліцца са сваімі студэнтамі.

— Пачаўся новы канцэртны сезон. Чым парадуеце публіку?

— Адзін з бліжэйшых праектаў — з нашым Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам і з дырыжорам Вячаславам Бартноўскім. Выканаем знакаміты Першы канцэрт Пятра Чайкоўскага. Сёлета ж споўнілася 175 гадоў з дня нараджэння гэтага вялікага кампазітара. Да творчасці Чайкоўскага я неабыякавы і рады магчымасці сыграць яго музыку з нашым аркестрам. Запрашаю ўсіх на канцэрт 22 кастрычніка.

— Зараз, напэўна, шмат рэпеціруеце дома. Суседзі не скардзяцца?

— У мяне і праўда даволі гучны інструмент, але не скардзіліся пакуль. Толькі б не сурочыць. Вельмі баюся, каб сітуацыя не змянілася. Але да гэтага часу праблем не было. Хоць, упэўнены, чуе мяне не тое што ўвесь пад’езд, а большая палова шматкватэрнага дома.

Iрына СВIРКО 

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter