Уладальніца адной з рэдкіх жаночых прафесій – жанчына-дырыжор Людміла Яфімава адзначае юбілей

Музыка ўзмахам рукi

Амаль паўстагоддзя прайшло, як гэтая вытанчаная жанчына выходзіць на вялікую сцэну, падымае рукі і прымушае слухацца кожнага яе жэста велізарны калектыў прафесіяналаў. Уладальніца адной з рэдкіх жаночых прафесій — жанчына-дырыжор Людміла Яфімава адзначае прыгожы і значны юбілей. Пра ўзрост прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва гаварыць не прынята. Пра статус жа асобы хай скажуць званні і ўзнагароды: народная артыстка Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, уладальніца ордэна Францыска Скарыны.

Дырыжор яшчэ хоча шмат паспець і ў жыцці, і ў музыцы

Тры дзясяткі гадоў на чале Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы. За гэты невялікі па гістарычных мерках час ёй удалося пераўтварыць пеўчы калектыў у сапраўдны нацыянальны брэнд і культурны здабытак. Людміла Яфімава — асоба, у якой спляліся строгі акадэмічны стыль, прынцыповасць і патрабавальнасць з маладзёжным крэатывам і ўменнем нават класіку падаць па-наватарску і нечакана.

— У Людмілы Барысаўны вельмі цікавыя і арыгінальныя трактоўкі. Яна імкнецца нават у кананічным творы заўсёды знайсці яркія фарбы і так званыя музычныя сюрпрызы. Кожны раз, калі мы бяром у працу нават даўно знаёмую партытуру, не ведаем, як яе падасць наш дырыжор. Увогуле, лічу, што для Беларусі гэта гонар і шчасце мець такога прафесіянала, як Людміла Яфімава. А для нас, яе падапечных, проста радасць набірацца ад яе зайздроснай жыццёвай энергіі, — дзеліцца асістэнт дырыжора харавой капэлы Павел Сопат.

Сапраўды, яна ў выдатнай форме. Узроставая прыгажосць і вытанчанасць. Фота з сямейнага альбома Яфімавых адкрывае нам юбілярку ў яе васямнаццаць з асіным станам. І на дзявятым дзясятку гадоў фігура выглядае падцягнутай, і гэта не толькі ад генаў. Людміла Яфімава любіць каву, але без цукру і іншых салодкіх прысмакаў. З усіх краін, дзе гастралюе з калектывам (а гэта бадай што ўвесь свет!), яна прывозіць рэцэпты пажыўных кулінарных страў, але сама выключае з рацыёну барбекю і іншую тлустую ежу. Зрэшты, у дырыжораў своеасаблівы акцэнт на прыгажосці. Рукі. Артыстка калекцыяніруе наручныя гадзіннікі і бранзалеты.

Для іх у доме юбіляркі адведзены цэлы стэнд-паліца. Самы дарагі і памятны для сябе гадзіннік Людміла Яфімава прывезла з Іспаніі. Вось ужо больш за дваццаць гадоў ён не пакідае запясця жанчыны. Зрэшты, упрыгажэнні толькі падкрэсліваюць пастаноўку дырыжорскай рукі, прафесійны жэст. А ён у Людмілы Яфімавай фірменны — ад харавой школы Ленінградскай кансерваторыі. Увогуле, музыка — у родзе Яфімавых. Маці Людмілы Барысаўны, данская казачка, спявала, а бацька хоць па прафесіі інжынер, але выдатна іграў на раялі, скрыпцы і трубе. Дзеці самой юбіляркі — музыканты: сын Яфім спявае, дачка Вольга — піяністка. Музыкантам быў і муж народнай артысткі Беларусі. Пецярбуржац Юрый Яфімаў прыехаў жыць і працаваць у Беларусь і прывёз з сабой жонку. Сам узначаліў сімфанічны аркестр Беларускай філармоніі.

Яна спачатку працавала ў музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, дзе стварыла ўнікальны камерны харавы калектыў. Трыццаць гадоў таму ўвайшла ў гісторыю Дзяржаўнай акадэмічнай капэлы імя Рыгора Шырмы і... перавярнула яе! Усё, як і раней: 80 чалавек артыстаў і аснова рэпертуару — беларуская народная музыка, замежная і руская класіка, духоўная музыка. Але апошнія гадоў пяць капэлу замест харавой больш дарэчна назваць... опернай. За год калектыў умудраецца асвоіць з дзясятак класічных опер. Вердзі, Расіні, Пучыні, Моцарт. І ўсе — спецыяльна для Міжнароднага опернага форуму ў Ціролі. Аўстрыйскі фестываль прысвечаны сусветнаму класіку Рыхарду Вагнеру.

— Гэты фестываль аднімае ў нас увесь час і ўсе сілы. Уявіце, дзесяць опер, і кожная на мове арыгінала: іспанская, італьянская і гэтак далей. Вучым за кароткі тэрмін. Пра якасць нашай працы гаворыць тое, што нас з года ў год пастаянна запрашаюць у Аўстрыю. Заказваюць спецыяльныя творы і праграмы. Напрыклад, да Новага года папрасілі стварыць праграму пад назвай «Рускія Каляды». Мы ўжо робім яе на аснове рускай духоўнай музыкі. Спяваем а капэла, без суправаджэння, — дзеліцца Людміла Яфімава.

Людміла ЯФІМАВА 30 гадоў кіруе капэлай імя Р. Шырмы

Міжнародныя гастролі капэлы падтрымліваюць высокае культурнае рэнамэ Беларусі ў свеце. А наватарскі падыход дырыжора да рэпертуару вельмі шмат дае самім музыкантам. Кожнаму артысту Людміла Барысаўна дае шанц раскрыцца, паспрабаваць сябе ў новым кірунку. Большасці спевакоў Яфімава давярае і сольныя партыі. За гэта ўдзячнасць юбілярцы ад артыста капэлы Віталія Запекіна:

— Я некалькі гадоў таму прыйшоў у капэлу Шырмы. Раней спяваў у Вялікім тэатры оперы і балета. Ведаеце, там у мяне ніколі не было сольных партый. А тут я маю шмат сола. І спяваю тую ж оперу. Людміла Барысаўна шчодры чалавек, дае паспрабаваць сябе, не шкадуе даць магчымасць чалавеку ўзняцца, адчуць творчыя крылы. 

Сама ж Людміла Яфімава пра сябе гаворыць наступнае:

— Я не начальнік у сваім калектыве. Быць кіраўніком — значыць быць самым сапраўдным чорнарабочым. Перш чым прыйсці да калектыву і штосьці патрабаваць ад яго, я павінна сама ўкласці ў партытуру, у твор столькі думкі, столькі аналізу, столькі свайго арыгінальнага індывідуальнага падыходу, што, паверце, і дома ў мяне няма звычайнага адпачынку. Невялікія хатнія клопаты, а потым не тэлевізар, не дача, не хобі, а музыка. Я з ёй працую, я з ёй адпачываю. І я веру: тое, чаго ты хочаш дабіцца ў жыцці, толькі ў тваіх руках. Што зробіш, то і будзе.

У гэтай яркай і паспяховай жанчыны няма ганарыстасці і фанабэрыстасці. Сціпласць і самапатрабавальнасць ад характару, выхавання і ад веры. Праваслаўная хрысціянка, яна ўкладвае ў духоўны рэпертуар уласныя перажыванні. У яе доме сапраўдны іканастас. Людміла Яфімава — уладальніца ордэна Крыжа Еўфрасінні Полацкай, які ёй уручыў цяпер ужо ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. 

— Я яшчэ шмат чаго хачу паспець і ў жыцці, і ў музыцы. Гармонія з прафесіяй і гармонія з людзьмі — вось мой ключ да жыцця, да шчасця, мая энергетычная крыніца, — у свой юбілей кажа Людміла Барысаўна Яфімава.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter