В наступающем году ансамблю народной музыки «Бяседа» исполняется 30 лет

Музыка захапіла і не адпусціла

У надыходзячым годзе ансамблю народнай музыкі «Бяседа» спаўняецца 30 гадоў, а ў яго нязменнага кіраўніка народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага ў калядныя дні юбілей – 75 гадоў

Багаты на юбілейныя даты наступаючы год у Леаніда ЗАХЛЕЎНАГА, народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтва, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кавалера ордэна Францыска Скарыны, уладальніка Срэбранага медаля імя А. Аляксандрава. У калядныя дні родныя, сябры, прыхільнікі яго таленту павіншуюць творцу з 75-годдзем. Трыццаць гадоў спаўняецца ансамблю народнай музыкі «Бяседа», якім нязменна кіруе Леанід Канстанцінавіч.

Выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вучань вядомых музычных дзеячаў Анатоля Багатырова і Яўгена Глебава стварыў гэты ўнікальны музычны калектыў, які неаднаразова прадстаўляў Беларусь за мяжой, прымаў удзел у міжнародных фестывалях у Карэі, Венесуэле, Кітаі, Швецыі, Партугаліі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Расіі, Украіне. «Бяседа» ладзіць выступленні ў гарадах і вёсках Беларусі, а песні ў выкананні калектыву па праве сталі народнымі.

Сусветная пандэмія ўнесла карэктывы ў дзейнасць творцаў. Артысты, не губляючы часу дарма, заняліся абнаўленнем рэпертуару і запісам песень на Беларускім радыё і тэлебачанні. Рэдка, але ладзяцца і канцэрты. Напярэдадні навагодняга свята паспяхова прайшло выступленне ў Слуцку. Песні «Бяседы» спяваюць на застоллях і святочных урачыстасцях, у гарадах і вёсках. За гэтай ашаламляльнай папулярнасцю — карпатлівая штодзённая праца артыстаў, і ў першую чаргу мастацкага кіраўніка.

Народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны

— Леанід Канстанцінавіч, як удалося стварыць арыгінальны калектыў і так высока трымаць творчую планку?

— Адразу вызначыліся накіраванасць дзейнасці, асаблівасць стылістыкі і жанравая палітра творчасці. Гэта і стала вядучым звяном пры адборы прэтэндэнтаў. Было некалькі варыянтаў назвы, але прынялі прапанову заслужанага артыста Беларусі Якава Навуменкі назваць калектыў «Бяседа». Усе галоўныя святы рэспублікі не абыходзяцца без нашага ўдзелу, нам апладзіравалі на самых розных сцэнах беларускіх гарадоў і вёсак.

З гадамі мяняўся састаў музыкаў, салістаў. Заслужаных артыстаў Беларусі Валянціну Карэлікаву, Святлану Суседчык, Наталлю Раманскую, салістку Анжэлу Макараву і іншых песенных выканаўцаў змяніла моладзь. Усталяваныя гадамі традыцыі, стыль і арыгінальнасць мацуюць Валянцін Кірыленка, Ігар Міхалькоў, Вольга Калавур, сямейная пара Мікалай і Ганна Алешкі,Таццяна Лазоўская, Юлія Захарава, Настасся Кулік. Пастаянна абнаўляем рэпертуар. Плённа супрацоўнічаем з паэтамі Уладзімірам Пецюкевічам, Алесем Бадаком і іншымі.

— Ці верыце ў гараскопы?

— Што наканавана лёсам, тое і будзе. Мне пашчасціла абраць у жыцці творчы шлях, яго і трымаюся. Продкі мае працавалі на зямлі. Маміны бацькі жылі на літоўскім хутары Капчаместіс, што непадалёку ад гродзенскага аграгарадка Сапоцкін. Там і прайшло маё дзяцінства. Дзядуля Іозас быў лясніком, з ім пасвіў кароў, каня. Нарыхтоўвалі сена на зіму, дровы. Бабуля Станіслава ведала ўсе грыбныя мясціны — заўжды з поўнымі кашамі баравікоў вярталіся дамоў. З таго далёкага дзяцінства запомніўся смак заціркі, што бабуля гатавала ў печы. Малако захоўвалі ў склепе, з глечыкаў збіралі смятану, збівалі масла. Перад Калядамі калолі кабанчыка, гатавалі святочныя прысмакі.

Карані бацькавага роду з растоўскага пасёлка Гукава. Прозвішча наша тыповае ўкраінскае. Бацька служыў на пагранічнай заставе, што была побач з літоўскім хутарам, дзе жыла маці. Ён закахаўся ў яе. Пажаніліся, нарадзіўся старэйшы брат, а праз год і я. Тады мы жылі ў Гродна. У вольны час бацька браў у рукі баян і заводзіў мелодыю вядомай украінскай песні «Узяў бы я бандуру». Ён хацеў, каб я засвоіў музычную грамату. Як настаў час вучыцца ў школе, мяне забралі з хутара ў горад. З першага класа наведваў і музычную школу па класе баяна. Калі да нас прыходзілі госці, мяне садзілі на табурэтку, і я іграў, што ўмеў. У нашай камунальнай кватэры на вуліцы Ажэшкі была агульная кухня. Раніцай звычайна чарга ля пліты, а вечарамі — шчырыя размовы. Суседзі засмуціліся, калі даведаліся, што бацьку пераводзяць служыць у далёкі горад Акмолінск. Цяпер гэта Нур-Султан — сталіца Казахстана. Калі прыехалі туды, у цэнтры было некалькі пяціпавярховых дамоў, а навокал — прысадзістыя мазанкі. Поўны кантраст пасля еўрапейскага забрукаванага Гродна.

— Сумавалі па родных мясцінах?

— Карцела вярнуцца ў Беларусь. Пасля сямігодкі дакументы паслаў поштай у Гро­дзенскае музвучылішча. Маці маліла Бога, каб не паступіў. З баянчыкам у пятнаццаць гадкоў з далёкага Казахстана самастойна адправіўся праз Маскву ў Гродна. Паспяхова вытрымаў уступныя экзамены і застаўся вучыцца. Часта з баянам наведваўся да бабулі і дзядулі на хутар. Бывала, што і вяселлі іграў. Музыка захапіла мяне, стаў самастойна пісаць невялікія п’есы, што і паўплывала на далейшы мой лёс.

— Ваш талент прыкмецілі?

— На выпускным экзамене ў музвучы­лішчы дзяржаўную камісію ўзначальвала кампазітар Эдзі Тырманд. Яна запрасіла мяне ў Мінск. Прыехаў у сталіцу, знайшоў кансерваторыю, дзе выкладала Эдзі Майсееўна. Прафесары акадэміі Падкавыраў, Аладаў і Багатыроў слухалі, як я іграю на баяне. Хваляваўся, пакуль яны раіліся. Мяне залічылі на падрыхтоўчае аддзяленне, праз год стаў студэнтам. Пасля заканчэння вучобы мог бы вучыцца ў аспірантуры. Атрымаў размеркаванне ў Мазыр. Год адпрацаваў і пайшоў у армію.

— Дзе служылі?

— Амаль за дванаццаць тысяч кіламетраў — на Далёкім Усходзе. Вакол нашай вайсковай часці цягнулася бясконцая тайга.

— Тыграў не давялося там бачыць?

— Чуў толькі розныя гісторыі пра іх. Звер драпежны, асцярожны, водзіцца ў гэтых некранутых мясцінах. Год там адслужыў. Перад завяршэннем службы атрымаў запрашэнне ад прафесара Алоўнікава паступаць у аспірантуру.

— Прынялі прапанову?

— З вялікай радасцю вяртаўся ў родную Беларусь, у салдацкай форме здаваў уступныя экзамены ў аспірантуру. Займаўся ў вядомага кампазітара Яўгена Глебава. Халасцякаваў у інтэрнаце.

— Пакуль у сэрцы не ўзгарэлася каханне?

— Так і сталася. Як халасцяк, карыстаўся паслугамі пральнага камбіната. Там прыкмеціў дзяўчыну Таісу. Пэўна, нябёсы адчулі маё сэрца, і стаў любанскім зяцем. Уся радня яе з тых самых камунараў, якім Пясняр Янка Купала прысвяціў вядомую паэму «Над ракой Арэсай». Часта наведваліся да яе бацькоў. Дапамагалі ўпраўляцца на агародзе, сена нарыхтоўваць, кароў пасвіць. Ніколі тут сябе чужым не адчуваю, а кожны канцэрт на вясковай сцэне для мяне свята.


— Калі не сакрэт, як плануеце адзначаць асабісты юбілей і 30-годдзе «Бяседы»?

— Рыхтуемся да бенефісу ў канцэрт­най зале «Мінск». Пяць гадоў таму, калі святкавалі 25-годдзе калектыву, было столькі жадаючых трапіць на ўрачыстасць, што далі два канцэрты запар у Палацы Рэспублікі. Спадзяюся, што парадуем нашых прыхільнікаў і на гэты раз.

— У вашай творчай спадчыне не толькі песні, але і іншыя музычныя творы.

— Падчас працы на кінастудыі «Беларусьфільм» напісаў музыку да фільмаў «Дзяржаўная граніца», «Дзядзька Якуб», «Канец бабінага лета», а таксама да мультыплікацыйных фільмаў «Песня пра зубра», «Прыгоды Несцеркі», «Светлячок і расінка», «Мілавіца», «Як Васіль гаспадарыў» і іншых.

— Вы не толькі заслужаны, але і народны артыст Беларусі.

— Званне заслужанага артыста атрымаў за цыкл песень лірыка-грамадзянскага гучання, а таксама ваенна-патрыятычнай тэматыкі «Поле памяти», «Героям Бреста», «Носите ордена», «Зорачка мая», «Азёры дабрыні», «Каля Чырвонага касцёла» і іншыя. У час кіравання музычным калектывам «Бяседа» за прапаганду беларускай песні атрымаў ганаровае званне народнага артыста.

— У вашага бацькі ўкраінскія карані, у маці — літоўскія, а вы — народны артыст Беларусі.

— Мая радзіма — Беларусь. Вырас на гэтай зямлі, тут сталеюць мае ўнукі Іванка і Уладзімір. Ні дня без іх не ўяўляю. Найвышэйшае шчасце — не толькі дачакацца ўнукаў, а жыць і тварыць з імі побач.
— У Новым 2022 годзе, які па кітайскім календары — год Тыгра, чытачам «Сельской газеты» ад усёй душы зычу моцнага здароўя, каб адышла ў нябыт пандэмія, каб у кожным доме, у кожнай сям’і панавалі лад, шчасце, святочны настрой. Міра і дабрабыту, плёну ў працы вам, нашы карміцелі!

Хачу ад усяго сэрца падзякаваць прыхільнікам «Бяседы» за любоў да беларускай песні, нацыянальнай культуры. Вашу маральную падтрымку заўжды адчуваем сэрцам на выступленнях, чытаем ва ўдзячных вашых вачах. Вяскоўцы — любімая наша публіка, і кожная сустрэча з ёй натхняе, дае запал для далейшай творчасці. Багатага на светлыя падзеі года вам, творчага натхнення, нашы шчырыя сябры-вяскоўцы!
subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter