«Мушкі на полі», «сякеркі» і «калёсы»: сакрэты аўтэнтычнага ткацтва прыадкрылі ў Неглюбцы

Музыка з-пад кроснаў

«Птушкі» для ўпрыгожвання, «мядзведзі» для абароны і «павукі ў пагонах» — як ствараць гэтыя ўзоры на ручніках, вучаць майстрыхі Неглюбкі. Вёска ў Веткаўскім раёне — цэнтр ткацтва, вядомы далёка па-за межамі краіны. У гэтыя дні тут арганізаваны заняткі, якія дазваляюць дакрануцца да шматвяковых традыцый. Завершыцца летнік вялікім святам «Кросенцы» з кірмашамі, конкурсамі і канцэртамі. На майстар-класы неглюбскіх ткачых завітала і карэспандэнт «Рэспублікі».


Месца пражывання і харчавання — звычайная вясковая хата, часова адведзеная аматарам ткацтва. Пяцідзённы лагер сабраў у Неглюбцы абсалютна розных людзей з усёй краіны. Выкладчык псіхалогіі з Брэста Юрый прыехаў адпачыць душой і набрацца прафесійнага вопыту. У вольны ад заняткаў час ён рамеснік — тчэ паясы, бранзалеты і нават завушніцы:

— Зараз трэба выходзіць на больш высокі ўзровень, таму што народныя вырабы карыстаюцца даволі высокім попытам.

Юрый — адзіны з удзельнікаў летніка, хто праігнараваў вясковыя ложкі, паставіўшы ў двары палатку. Захапленне турызмам накладвае адбітак. Пад брызентам захоўвае і сваё багацце: трохметровы пояс, які для сябе брэстчанін выткаў сам. Ручная работа ацэньваецца высока — за такі выраб можна атрымаць не менш за 150 рублёў.

Падчас летніка ткацтву навучаюцца 10 чалавек з усіх куткоў Беларусі

Дзіяна Філіпчык — з Мінска. Працуе ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Акцябрскага раёна. Сама выкладае выяўленчае мастацтва, але заўсёды з задавальненнем сачыла за сваім калегам, які вучыць падрастаючае пакаленне тэкстыльнаму майстэрству:

— Вырашыла паспрабаваць для сябе, для душы. Заўсёды цікавіла наша спадчына, матэрыяльная і нематэрыяльная культура. Неглюбка — месца знакамітае.

Чаўнок — адзін з асноўных інструментаў, ім пракладаюць нітку паміж узроўнямі асновы

Пару гадоў таму неглюбскія ткацкія традыцыі папоўнілі Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Гэта ўнікальная з'ява народнай творчасці. Неглюбскія ручнікі-абярэгі захоўваюцца ў вядучых музеях свету і нават у штаб-кватэры ААН. А ў самой вёсцы ткацтва — неад'емная частка жыцця. Сакрэты шматлікіх тэхнік перадаюцца з пакалення ў пакаленне не адно стагоддзе.

Такія тканыя вырабы ўпрыгожваюць амаль кожны дом у вёсцы

Удзельнікі летніка імкнуцца поўнасцю акунуцца ў мясцовую атмасферу. Простая ежа, свежае паветра і абавязкова народныя песні. Рэдкае народнае рамяство не суправаджалася спевамі, таму кожны дзень госці займаюцца галасавой гімнастыкай. Інструктар вакальнай ёгі Наталля Кадзетава падказвае, як правільна раскрыць гук, аперці спеў «на нутро», і вучыць неглюбскім песням. Яны тут асаблівыя: глядзіш па нотах — здаецца, павінен быць дэсананс, але на справе мелодыя абвалакае і ўзбуджае ў душы нешта спрадвечнае.

Кожную раніцу — традыцыйныя неглюбскія спевы
Фота Івана КУЗМЯНКОВА

Аднак самае галоўнае адбываецца ў мясцовым Цэнтры ткацтва. Кіраўнік гуртка «Ніток» Людміла Кавалёва авалодала працэсам, калі яшчэ тут працаваў філіял Гомельскай ткацкай фабрыкі, а кросны стаялі амаль у кожнай хаце. Зараз карпатліва захоўвае атрыманыя веды і вучыць рамяству іншых.

— Самае цяжкае — заправіць, навіць аснову, наматаць ніткі. Толькі тады можна пачынаць ткаць. Адметнасць неглюбскага рамяства ў тым, што тчом мы з левага боку, з выварату.

Фабрыкі, на якой Людміла КАВАЛЁВА вучылася ткаць, зараз ужо не існуе.

Праз нацягнутыя белыя ніткі рознымі методыкамі пры дапамозе чаўнака прасоўваюцца рознакаляровыя. Часцей за ўсё — чырвоныя. Чорны колер майстрыхі дадавалі, калі знаходзіліся ў больш-менш фінансава стабільным становішчы і хацелася чагосьці не толькі практычнага, але і прыгожага. За адзін вечар работы чаўнаком майстрыха можа «прабегчы» 8—10 кіламетраў. Самы насычаны малюнак у палову сантыметра патрабуе каля 20 плотна прыціснутых радоў. Вышыню нітак ткачыха вар’іруе пры дапамозе педалей, а як будзе класціся сам узор, залежыць ад настрою і вопыту.

— Часцей за ўсё мясцовыя бабулі глыбокі сакральны сэнс у малюнак не ўкладвалі, упрыгожвалі тым, што больш падабалася. Але мы ведаем, што, напрыклад, «кветка» з васьмю пялёсткамі — «васьмірожка» — азначае сям’ю, росквіт. Ад яе адлятаюць нібы «вінаградзіны» дзеці.

За такі пояс кліенты могуць заплаціць 170—180 рублёў

У кожнага неглюбскага ўзору свая мясцовая назва і нават не адна: «мушкі на полі», «сякеркі», «калёсы» і дзіўная «павук у пагонах». Адкуль апошняе найменне, мясцовыя не ведаюць і самі, але, кажуць, ваенным гэты ўзор асабліва падабаецца.

Каб стварыць самы просты двухметровы ручнік, патрэбна не менш за суткі бесперапыннай працы. На некаторыя работы — цэлы месяц. Свае першыя ткацкія вырабы плануюць стварыць і ўдзельнікі летняй школы. Чакаюць іх і тэматычныя лекцыі, этнавечарыны, майстар-класы па стварэнні абярэгаў. Аднак самае галоўнае не гэта, лічыць куратар летніка, загадчык Гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Пятро Цалка:

— Гэта практычнае навучанне, адсюль удзельнікі раз’едуцца з новымі ведамі. Мы імкнёмся захаваць неглюбскую традыцыю жывой. Тут заўжды ткалі, ні на год не перарываліся, і так павінна быць далей.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter