Народный ансамбль «Гудская гармошка» представил страну на «Празднике моря» в Клайпеде

Музыка, якая яднае

Для народнага ансамбля народнай музыкі «Гудскi гармонік» з Лідскага раёна літоўская Клайпеда за апошнія гады стала адным з самых знаёмых і любімых гарадоў, у якіх даводзіцца бываць падчас розных мерапрыемстваў і фестываляў. Штогадовыя візіты ў гэты горад у многім сталі магчымымі дзякуючы сябрам з беларускай суполкі «Крыніца», у тым ліку яе старшыні Мікалаю Логвіну. Зусім нядаўна артыстам пашчасціла стаць часткай падзеі, грандыёзнай не толькі для Клайпеды, але і ўсёй Літвы — «Свята мора». 

Фота аўтара

Сталіцай гэтага фестывалю Клайпеду зрабілі яе месца на Балтыцы і багатыя марскія традыцыі. У гэтым годзе марское свята прайшло тут ужо 60-ы раз. Гасцей юблейнага фестывалю чакалі кірмашы майстроў народнай творчасці, тэатральныя пастаноўкі, наведванне Літоўскага марскога музея і дэльфінарыя, велізарныя фуд-корты з разнастайнымі стравамі літоўскай нацыянальнай кухні, выступленні шматлікіх вулічных артыстаў у розных жанрах, спартыўныя спаборніцтвы, жывая экспазіцыя традыцыйных і гістарычных суднаў, якiя прышвартавалiся ля набярэжнай ракі Данге.

Адной з самых маляўнічых па-дзей свята стала ўрачыстае шэсце, у якім, па словах арганізатараў, прынялі ўдзел больш за 8 тысяч чалавек. Ансамбль народнай музыкі «Гудскi гармонік» быў удастоены гонару прадставіць нашу краіну ў гэтым шэсці. У яркіх нацыянальных касцюмах, з дзяржаўным флагам Беларусі, удзельнікі калектыву былі цёпла сустрэты вітальнымі воклічамі і апладысментамі на ўсёй дыстанцыі шэсця працягласцю 4 кіламетры. 

Акрамя гэтага, ансамбль народнай музыкі «Гудскi гармонік» у якасці госця прыняў удзел у I Міжнародным фальклорным фестывалі «Масты мастацтваў». Канцэрт з удзелам харавых, танцавальных калектываў, сольных выканаўцаў з Украіны, Літвы і Беларусі адбыўся на адкрытай пляцоўцы каля помніка «Арка» ў гонар яднання Літвы. Ансамбль з Ліды падчас свайго выступлення прадставіў найбольш вядомыя беларускія народныя песні са свайго рэпертуару. Удзельнікі ансамбля таксама праявілі сябе ў новым фармаце вулічнага мастацтва, выступіўшы з канцэртнай праграмай у цэнтральным скверы на набярэжнай ракі Данге. Жадаючых паслухаць жывую беларускую музыку, станцаваць беларускую полечку сабралася дастаткова шмат. Пасля выступлення беларусаў многія падыходзілі са словамі падзякі за прыемныя ўражанні і пытаннем, дзе можна яшчэ раз іх паслухаць. 

Дзмiтрый Пухнарэвiч
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter