Зорка сусветнай опернай сцэны Аксана Волкава выступіла разам з маладой таленавітай віяланчэлісткай Далі Гуцэрыевай

Музыка як па нотах

Дзень музыкі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адзначылі незвычайным канцэртам. Пачынала яго «Святочная ўверцюра» Дзмітрыя Шастаковіча, завяршала вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана». Але ў той дзень гледачы ішлі перш за ўсё на прэм’еру — сюіту для голаса, віяланчэлі і аркестра, дзе саліравалі заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава і маладая расійская віяланчэлістка Далі Гуцэрыева.

Аксана ВОЛКАВА, Хобарт ЭРЛ і Далі ГУЦЭРЫЕВА сталі ўпрыгажэннем свята.

Кожнае з’яўленне Аксаны Волкавай на сцэне нашага Вялікага — заўсёды свята. Сёння яна шмат гастраліруе па свеце. Міланскі «Ла Скала», каралеўская опера «Ковент Гардэн», Нацыянальны цэнтр выканальніцкіх мастацтваў у Пекіне, Міхайлаўскі тэатр у Санкт-Пецярбурзе — гэта толькі частка пляцовак, на якіх вызначылася Волкава. Але яе самае найвялікшае дасягненне — яна першая беларуская спявачка, якая адкрывала сезон у нью-ёркскім «Метраполітан Опера». Мінулы сезон Аксана завяршала ў Германіі і Ізраілі. Гэты распачала ў родным Мінску.

Англійскі музыкант рускага пахо-   джання Канстанцін Баярскі, які некалькі гадоў таму быў прызнаны лепшым маладым класічным кампазітарам Вялікабрытаніі, спецыяльна напісаў сюіту для голаса, віяланчэлі і аркестра для Далі Гуцэрыевай. Яе называюць адной з самых адораных маладых расійскіх віяланчэлістак. У шэсць гадоў яна пачала займацца музыкай, а ў дзевяць ужо выступала з канцэртамі. Сёння 17-гадовая Гуцэрыева супрацоўнічае з Дзяржаўным Літоўскім камерным аркестрам і адным з самых праслаўленых віяланчэлістаў, дырыжораў і педагогаў сучаснасці — Давідам Герынгасам, які адзначыў у маладым дараванні тэхнічнае майстэрства, цудоўны гук і прыродную музычнасць — якасці, якія зробяць яе зоркай віяланчэлі. Далі часта выступае ў Фінляндыі, Даніі, Ісландыі, Чэхіі, Іспаніі і Італіі. Выконвае ў тым ліку і сюіту Баярскага.

Гэты твор напісаны для сапрана, але спецыяльна для Аксаны Волкавай кампазітар перарабіў яго. Па апладысментах зала, у якім не было ніводнага вольнага месца, можна меркаваць, што гэты эксперымент атрымаўся. Трэба адзначыць, што сюіта Баярскага прагучала пад кіраваннем галоўнага дырыжора Нацыянальнага адэскага філарманічнага аркестра Хобарта Эрла. У 2014 годзе маэстра трапіў у трыццатку лепшых прафесіяналаў года па версіі найстарэйшага музычнага часопіса Musical America Worldwide. Як запрошаны дырыжор Эрл супрацоўнічае з камернымі і сімфанічнымі аркестрамі Аўстрыі, Італіі, Польшчы, Расіі і іншых краін. Дэбют у нашым Вялікім таксама можна лічыць выдатным.

— Вельмі цікавы твор Канстанціна Баярскага, таленавітая маладая віяланчэлістка, за ростам якой будзе цікава назіраць, — падзялілася сваімі ўражаннямі заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава. — Выдатны дырыжор, які цудоўна працуе з аркестрам. Гэтае непрацяглае супрацоўніцтва вельмі ўзбагаціла нашу трупу. 

Застаецца дадаць, што наперадзе ў лепшага меца-сапрана нашай краіны зноў Нью-Ёрк, Масква, Талін, Рыга. Але ў прыхільнікаў таленту Волкавай ёсць магчымасць убачыць яе і пачуць 8 кастрычніка ў «Аідзе» Вердзі ў нашым Вялікім.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter