Музыкаў у доме — на цэлы аркестр

Шасцёра  дзяцей  у  сям’і  Шыцікавых  маюць музычныя  здольнасці

Шасцёра  дзяцей  у  сям’і  Шыцікавых  маюць музычныя  здольнасці 

У сям’і бабруйчан Шыцікавых васьмёра дзяцей. Само па сабе гэта не з’яўляецца такой ужо рэдкасцю, але цікавасць выклікае тое, што ўсе дзеці, за выключэннем самых маленькіх, граюць на музычных інструментах. 

Старэйшая Алена скончыла Магілёўскае музвучылішча; па яе слядах пайшлі Наста і Таццяна, якія цяпер займаюцца ў гэтай навучальнай установе; Паша, Маша і Ліза – у музычнай школе. Інструменты, якімі яны валодаюць, самыя разнастайныя: фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль... Таленавітыя дзеці перамагалі ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах. А нядаўна Паша і Маша сталі лаўрэатамі гарадскога конкурсу юных музыкантаў. 

Бацькі Міхаіл Аляксеевіч  і Ірына Пятроўна асаблівага дачынення да музыкі не мелі. На пытанне, адкуль жа ў дзяцей гэткае захапленне, усміхаючыся, гавораць: “Ад сонца, неба, зямной прасторы. Мабыць, ад некага з продкаў перадалося”. 

Уяўляеце, колькі музыкаў у доме – цэлы аркестр! Праўда, усім разам сабрацца выпадае не так ужо часта. Затое квартэты, квінтэты, дуэты збіраюцца кожны дзень: хто лепей сыграе? 

На сямейныя святы дзеці самі распрацоўваюць праграму, майструюць касцюмы, разыгрываюць сцэнкі. 

Я размаўляў з дырэктарам бабруйскай музычнай школы № 2 Таццянай Белагуравай, дзе вучацца Шыцікавы. Таццяна Дзмітрыеўна кажа, што прозвішча іх ва ўсіх на слыху. Працаваць з гэтымі дзецьмі лёгка. Алена Міхайлаўна, якая ўжо закончыла школу, цяпер сама выкладчыцай музыкі працуе. 

А зараз уявіце сабе, колькі клопату васьмёра дзяцей патрабуюць! Нядаўна старэйшым дзяўчынкам бацькі купілі флейту і акардэон, Машы – скрыпку. 

— Музыка – гэта радасць жыцця. І добра, калі нашы дзеці будуць несці гэту радасць іншым, — перакананы Шыцікавы. 

Надзвычай цікавыя яны людзі, адзін аднаго дапаўняюць. А ведаеце, як пазнаёміліся? Міхаіл Аляксеевіч быў лётчыкам-інструктарам ДАСААФ, Ірына Пятроўна запісалася ў секцыю парашутнага спорту. Упадабалі адзін аднаго, ажаніліся. 

Жылі Шыцікавы ў двухпакаёвай кватэры. І вось дачакаліся новай трохпакаёўкі. Ільготны крэдыт шматдзетнай сям’і стаў цудоўным падарункам ад дзяржавы. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter